Як пабудаваць нацыю?

Юры Дракахруст

На зьезьдзе БРСМ, які адбыўся на гэтым тыдні, прэзыдэнт Аляксандр Лукашэнка заявіў: «Культура — вось што робіць беларуса беларусам, а ня проста „тутэйшым “, у якім бы пункце зямной кулі ён ні знаходзіўся. Ня толькі нашая самая багатая спадчына: літаратура, музыка, архітэктура — але і мова, якую мы павінны ведаць, гісторыя, якую мы павінны памятаць, і каштоўнасьці, якія мы павінны паважаць».

Можна адрэагаваць на гэта беларускай прыказкай, пачэрпнутага якраз са скарбніцы нацыянальнай культуры — «напэўна, нешта вялікае ў лесе здохла». А можна канстатаваць, што набор мадэляў будаўніцтва нацыі невялікі і часта народы, паблукаўшы ў пошуках чагосьці арыгінальнага, вяртаюцца, так бы мовіць, на колы свае.

У Беларусі, у адрозьненьне ад іншых постсавецкіх краін, рэалізаваўся даволі арыгінальны праект нацыябудаўніцтва. Знакамітая фраза Лукашэнкі «беларусы — рускія са знакам якасьці» ня несла ані цені этнічнай перавагі, гэта быў знак перавагі ідэалягічнай. У рамках гэтага падыходу рускія здрадзілі свайму прызначэньню, здрадзілі вялікаму савецкаму праекту, загразьлі ў спажывецтве, падпалі пад уладу прагных і бессардэчных алігархаў. А Беларусь — засталася вернай, захавала сьветлыя савецкія ідэалы. Ну як ёй, такой белай (у сэнсе чырвонай) і чыстай, было аб’ядноўвацца з тымі, хто апляваў сьвятое агульнае мінулае?

Гэта наўпрост ніколі не гаварылася, але на самой справа мелася на ўвазе менавіта гэта, што рабілася асабліва відавочным у пэрыяды крызісаў: і ў 2002 годзе, калі Ўладзімер Пуцін ветліва прапанаваў Беларусі ўвайсьці ў РФ шасьцю губэрнямі, і пазьней, у часы газавых, нафтавых і іншых войнаў, уласна, неабходнасьцю падтрымліваць гэты ідэалягічны цуд і тлумачыцца падкрэсьлена савецкі антураж цяперашняга беларускага (на самай справе зусім не савецкага) жыцьця-быцьця. Словы Лукашэнкі пра Леніна і Сталіна як «сымбаляў беларускага народу» не сказаў бы ніводзін з іншых постсавецкіх лідэраў, уключаючы Пуціна. Справа ня ў тым, што парадкі ў Лукашэнкі такія ж строгія, як у часы «сымбаляў», і нават ня ў тым, што самыя строгія з усіх постсавецкіх краін. Напрыклад, ва ўзбэцкага лідэра Іслама Карымава дык нашмат больш строгія. Але справа ў тым, што ні ў Карымава, ні ў Пуціна няма ніякай ідэалягічнай патрэбы ў былых камуністычных правадырах. А ў Лукашэнкі ёсьць.

Ну канцэпт і канцэпт. Гісторыкам будучага дакладна будзе вельмі цікава. Да таго ж варта заўважыць, што гэта — праект грамадзянскай, а не этнакультурнай нацыі, па структуры тая ж мадэль, па якой канструявалі ў канчатковым выніку няўдалы савецкі і пасьпяховы амэрыканскі праекты. Амэрыканцы We The People не таму, што гавораць па-ангельску (у гэтым яны нічым не адрозьніваюцца і не адрозьніваліся ад ангельцаў, супраць улады якіх паўсталі), а таму, што гэта народ Свабоды, «зіхатлівы горад на пагорку», народ вялікай Канстытуцыі. Цяпер гаворка нават не пра тое, ці так гэта на самай справе — амэрыканафобы могуць не напружвацца. Гаворка пра тое, што амэрыканцы сьвята ў гэта вераць, у выніку рэальнасьцю робіцца іх адзінства ў гэтай веры. Для нашага разгляду важна, што вераць менавіта ў гэты, а не ў агульную «кроў і глебу», і што гэта працуе.

Ну дык і беларуская ідэалягічная мадэль працуе. Прынамсі, працавала да апошняга часу. Але яе эфэктыўнасьць падточваецца, прычым з розных бакоў. Ідуць гады, прыходзяць пакаленьні, для якіх савецкі век — гэта прыкладна як пунічныя войны. Ну не зусім як яны, да таго ж ёсьць і старэйшыя пакаленьні, сярод якіх і сапраўды ёсьць туга па згубленых сэнсах і глябальным праекце. Але ў гістарычнай пэрспэктыве гэта — натура, якая сыходзіць. Слабее жывая памяць, адпаведна, зьніжаецца эфэктыўнасьць ідэалягічнай канструкцыі, заснаванай на інтэрпрэтацыі гэтай памяці.

Акрамя таго, моцна зьмяняецца Расея, ад якой беларускі квазісавецкі праект ідэалягічна дыстанцыяваўся гэтак жа, як і клясычны этнакультурны, хоць і з дапамогай іншага мэханізму. Можна праклінаць расейскія «ліхія 90-я», можна захапляцца імі, як гадамі нядоўгай рускай свабоды, але ў любым выпадку Расея 90-х, нават першай паловы нулявых, і сёньняшняя — гэта вельмі розныя краіны. Палітычна, эканамічна РФ усё больш робіцца падобнай на РБ. А тады ў чым, уласна, асобнасьць, адрозьненьне Беларусі ад усходняй суседкі? Тут «моцная рука» — там «моцная рука», тут дзяржава — усё, там — тое ж самае, тут — «халодная вайна» з Захадам, там — яна ж, тут «пятую калёну» — да пазногця, там — да яго ж. Можа гэта і цудоўна, але розьніца ў чым?

Ну і нарэшце, у нечым Расея і праўда робіцца падобнай да сучаснай Беларусі, а ў нечым адрозьненьні і ўзмацняюцца. Ельцынскі праект «дорогих россиян» быў таксама праектам канструяваньня грамадзянскай нацыі, хоць і на іншых, чым у Беларусі, пачатках. «Рускі сьвет» — гэта зусім іншы праект, адрозны і ад ельцынскага, і ад савецкага, і ад праектаў расейскіх імпэратараў. СССР мог тапіць у крыві Вугоршчыну і Чэхаславаччыну, але ані Хрушчову, ані Брэжневу не прыходзіла ў галаву далучаць гэтыя краіны да Савецкага Саюзу. Рускія цары далучалі да імпэрыі вялікія тэрыторыі, але іх абсалютна не цікавіў этнічны склад новых уладаньняў.

Магчыма, у будучыні гэты час будзе расцэнены, як пэрыяд станаўленьня расейскай нацыі па клясычнай этнакультурнай мадэлі

Цяперашняя палітыка Расеі ў дачыненьні да Ўкраіны ня лепш, але яна іншая па ідэалягічным абгрунтаваньні. Магчыма, у будучыні гэты час будзе расцэнены, як пэрыяд станаўленьня расейскай нацыі па клясычнай этнакультурнай мадэлі. Падобныя працэсы не заўсёды рэч мілая і прыемная, асабліва для суседзяў.

Дык вось пра суседа і гаворка. Вернасьць заваёвам Кастрычніка неяк не выглядае нязломным бар’ерам на шляху вельмі брутальных пошукаў Расеяй сваёй нацыянальнай ідэнтычнасьці. А што ўзамен? Ад прыняцьця этнакультурнага праекту цяперашнюю ўладу ўтрымлівае не ў апошнюю чаргу тое, што ён быў і ёсьць сымбалем веры яе апанэнтаў. Яшчэ ў 1994 годзе Аляксандр Лукашэнка прыйшоў да ўлады ў барацьбе з адэптамі менавіта гэтай мадэлі нацыябудаўніцтва, менавіта ў барацьбе зь імі, зь ёй, з гэтай мадэльлю, і паўстаў цяперашні квазісавецкі праект.

Калі Лукашэнка змог перамагчы беларускі этнакультурны праект, чаму яго ня зможа перамагчы Пуцін, калі Лукашэнка возьме гэты праект на ўзбраеньне? Справа нават ня ў тым, што ў адказ на гіпатэтычную беларусізацыю Крэмль раззлуецца і дашле ў Беларусь «ветлівых людзей». Справа ў засьцярогах беларускай улады, што прымаючы тыя ці іншыя элемэнты этнакультурнага праекта нацыябудаўніцтва, яна замест таго, каб абясшкодзіць «рускіх дэманаў» ў беларускім народзе, можа іх абудзіць, абудзіць да актыўнай палітыкі сваіх Аксёнава і Канстанцінава, Захарчанку і Платніцкага.

У інтэрвію Рыгору Ёфэ прэзыдэнт Беларусі сказаў наконт беларускай мовы:

«Мова — гэта сьвятое. І ў нас маецца ўсё для таго, каб спакойна (калі трэба — 20 гадоў), паставіць беларускую мову нароўні з рускай. Усе астатнія пытаньні — да Машэрава... Гэта ня я, разумееце? Ня я. Я атрымаў такую краіну, дзе на рускай мове, а часам на нейкі трасянцы, больш размаўлялі, чым на беларускай мове».

Варта заўважыць, што сытуацыя зь беларускай мовай моцна пагоршылася за час доўгага кіраваньня суразмоўцы прафэсара Ёфэ, і гэтае пагаршэньне наўрад ці можна паставіць у віну аднаму Машэраву. Родная мова і мова хатніх зносінаў у Беларусі паводле перапісаў 1999 і 2009 гадоў, у%:

1999 2009

Лічаць роднай беларускую

73.653.2
Лічаць роднай расейскую 24,1 41.5

Гавораць па-беларуску дома

36,723,4
Гавораць па-расейску дома62,870.2

Аднак сытуацыя неадназначная. Неадназначнасьць яе вынікае нават з назіранага разрыву паміж доляй тых, хто размаўляе дома па-беларуску, і доляй тых, хто назваў беларускую роднай. Чаму больш чым кожны чацьвёрты беларус кажа дома па-руску, але роднай лічыць беларускую? А таму, што для беларусаў беларуская — гэта не толькі і нават не столькі сродак камунікацыі, колькі сымбаль нацыянальнай ідэнтычнасьці. Вельмі пераканаўча гэта было паказана ў дасьледаваньні, праведзеным некалькі гадоў таму кампаніяй «Будзьма беларусамі», лябараторыяй «Новак» і Беларускім інстытутам стратэгічных дасьледаваньняў. У ходзе апытаньня, праведзенага ў рамках дасьледаваньня, 47,1% апытаных адказалі, што беларуская мова — «нацыянальны набытак, якое трэба берагчы і шанаваць»,

а 36,9% назвалі яе «нацыянальным сымбалем беларусаў».

Згодна з вынікамі апытаньняў НІСЭПД сярод адказаў на пытаньне «Чым беларусы адрозьніваюцца ад рускіх?» адносная большасьць (ад траціны да 40%) набірае адказ — мовай. Ды як жа адрозьніваюцца мовай, калі ў Беларусі на ёй гавораць нямногія, менш, чым тых, хто дае такі адказ? А вось так — адрозьніваюцца. Сымбаль. Як мінімум.

А пытаньне — не абстрактнае. Менавіта яго задае беларусам — ад Лукашэнкі да апошняга бамжа — канцэпт «рускага сьвету». Ня будзе знойдзены салідарны пераканаўчы (хоць бы для саміх сябе) адказ... Ну — кепска можа быць. Прычым, гаворка ідзе менавіта пра салідарны адказ, а ня толькі пра адказ тых, хто сьвядома робіць выбар на карысьць беларускай мовы і мроіць славай ВКЛ. У гэтым, дарэчы, і палягае галоўны сумнеў улады — ці «купяць» беларусы (такія, якія ёсьць, такія, якія апісаныя ў прыведзенай вышэй табліцы) этнакультурны праект або яго сэгмэнты? Аднак ўяўляецца, што сытуацыя, у прыватнасьці, зь беларускай мовай у чымсьці падобная да сытуацыі ва ўзаемаадносінах паміж Беларусьсю і ЭЗ.

Тое ж і з мовай: становішча яе настолькі гаротнае, што яно можа быць палепшанае бяз шкоды для рускай мовы

Адназначны геапалітычны выбар на карысьць аб’яднанай Эўропы — пытаньне для беларускага грамадзтва вельмі і вельмі неадназначнае. Але цяперашнія адносіны настолькі дрэнныя, што існуе даволі доўгі шлях іх паляпшэньня, які зусім не абавязкова павінен прывесьці да канчатковага выбару на карысьць Захаду. Тое ж і з мовай: становішча яе настолькі гаротнае, што яно можа быць палепшанае бяз шкоды для рускай мовы. Тым больш, што тыя, для каго беларуская мова зьяўляецца каштоўнасьцю, складаюць большасьць, хай нават большасьць гэтай большасьці і не гаворыць на ёй.

Мяркуючы па ўсім, беларуская ўлада і прыйшла да нейкіх падобных высноваў. Апора хай і ня самая магутная, але выбіраць асабліва няма з чаго. Мадэль грамадзянскай нацыі, пабудаваная на вялікіх ідэях і шанаваньні аўтарытэтных грамадзкіх інстытутаў — для гэтага патрэбныя вялікія ідэі і паважаныя інстытуты. А і зь ідэямі, і зь інстытутамі ў нашых краях неяк тугавата. Гэта адносіцца і да інстытута прэзыдэнцтва. Не, бясспрэчна, ёсьць чалавек, які займае адпаведную пасаду, на якога многія беларусы ўскладаюць свае спадзяваньні. Але ніадкуль не вынікае, што такое ж стаўленьне наканаванае яго пераемнікам. А папулярны лідэр — гэта не інстытут і тым больш не нацыянальная ідэя. За «рускім сьветам» — ня толькі былы падпалкоўнік КДБ, які стаў прэзыдэнтам Расеі, але і магутная інтэлектуальная, духоўная традыцыя як мінімум ад старца Філафея да Данілеўскага і Дастаеўскага. А ў нас затое ёсьць Лукашэнка, ён у нас і Філафей, і Данілеўскі, і Дастаеўскі ў адным фляконе — хіба так?

Ну а квазісавецкая мадэль, якая ёсьць акрамя Лукашэнкі, прыходзіць у заняпад, губляе мабілізацыйную сілу, прычым заняпад асабліва паскараецца на фоне працэсаў бурнага нацыябудаўніцтва ва ўсходніх і паўднёвых суседзяў. Так што мэтадам выключэньня застаецца клясыка.

Паступае зь ёй ўлада прыкладна, як у СССР у 41-м годзе: калі немцы рваліся да Масквы, у Савецкім Саюзе далі паслабленьні праваслаўнай царкве. Не замянілі ёю камуністычную ідэалёгію, не, усё засталося непахісным. Проста выкарысталі дадатковы рэсурс ідэалягічнай мабілізацыі, так бы мовіць. Ну вось і беларуская ўлада дзейнічае прыкладна такім жа чынам.

Да чаго гэта прывядзе? Хто ведае. Але тут варта ўзгадаць, што гісторыя — іранічная дама. У 1848 годзе малады прускі юнкер, заўзяты манархіст Ота фон Бісмарк з шашкай ў руках біўся з тагачаснымі нямецкімі «дзермакратамі», якая марылі аб нямецкай нацыянальнай дзяржаве. Ну а потым, шмат пазьней менавіта ён воляю лёсу рэалізаваў мару сваіх ворагаў 1848 году. Праўда, спачатку ў блізкай і зразумелай яму форме саюзу нямецкіх князёў. Ад гэтай формы Германія пазбавілася толькі ў ХХ стагодзьдзі, ужо пасьля сьмерці «жалезнага канцлера». Але ідэі нямецкіх дэмакратаў 1848 года ў рэшце рэшт, прыкладна праз стагодзьдзе, усё ж такі перамаглі.

Перадрук з парталу tut.by