Цяпер шорт-ліст складаецца зь сямі імёнаў. Сярод кандыдатаў — тры беларусы (Аляксандар Мілінкевіч, Алесь Краўцэвіч і Тацяна Шчытцова), два амэрыканцы (цяперашнія правост ЭГУ Дэвід Полік і Эдвард Рослаф), прарэктар па разьвіцьці і камунікацыі Дарыюс Удрыс, які мае грамадзянства Літвы і ЗША, і сёмы — літовец Шарунас Лекіс.
Мяркуецца, што канчатковыя рэкамэндацыі па кандыдатуры новага рэктара Агульнаму сходу сузаснавальнікаў (органу, адказнаму за прыняцьце канчатковага рашэньня) будуць зробленыя да 1 сакавіка 2015 году.
Дэйвід Полік ад 1 сакавіка 2014 году займае пасаду правоста ЭГУ (першага прарэктара) і кіраўніка ў адміністрацыйных пытаньнях. Ён больш за 30 гадоў працаваў у кіраўніцтве шэрагу амэрыканскіх вышэйшых навучальных установаў. Ягоныя продкі паходзяць зь Беларусі.
Раней публікаваліся інтэрвію з Тацянай Шчытцовай, Аляксандрам Мілінкевічам, Дарыюсам Удрысом і Алесем Краўцэвічам.
Дэйвід Полік: «ЭГУ працягвае пераважна служыць арыгінальнай місіі яго заснавальніка і цяперашняга прэзыдэнта Анатоля Міхайлава»
Радыё Свабода: Ці ЭГУ перажывае крызіс?
Дэйвід Полік: Перад ЭГУ стаяць выклікі на многіх узроўнях. Як і ў выпадку з усімі незалежнымі ўнівэрсытэтамі, і тут існуе сталая праблема фінансавых рэсурсаў. Такія ўстановы мусяць перш за ўсё абапірацца на даходы з платы за навучаньне, падтрымку донараў і падтрымку з боку іх дзяржавы. Улічваючы выключна высокі ўзровень стыпэндыяльнай падтрымкі студэнтаў ЭГУ, чыстая падтрымка з платы за навучаньне складае толькі каля 14% ад цэлага бюджэту. Падтрымка Траставага фонду донараў складае каля 53% бюджэту і для патрэбаў плянаваньня гарантаваная толькі на абмежаваны пэрыяд часу. Будучыня заўсёды застаецца няяснай і патрабуе няспынных намаганьняў, каб запоўніць бюджэтныя прагалы. Будучы ўнівэрсытэтам палітычна адасобленым ад сваёй краіны, ЭГУ не атрымлівае ніякай фінансавай падтрымкі зь Беларусі, няма і буйных ахвяраваньняў ад беларускіх прыватных асобаў або бізнэсоўцаў. Затое варта адзначыць, што ЭГУ атрымлівае падтрымку ў краіне знаходжаньня — Літве. Карацей кажучы, фінансавая сытуацыя ЭГУ вельмі няўстойлівая, значна ў большай ступені, чым у бальшыні незалежных унівэрсытэтаў. Гэта само па сабе ня крызіс, але гэта рэальнасьць існаваньня ўстановы.
Да таго ж, ЭГУ мусіць шанаваць і выконваць юрыдычныя патрабаваньні краіны знаходжаньня — Літвы — у галіне працоўных дачыненьняў. Гэта было цалкам дасягнута за апошні год, вынікам чаго было тое, што агульныя бюджэтныя выдаткі вырасьлі прыблізна на надзвычайныя 20%. Вырашэньне праблемаў, зьвязаных з такім драматычным ростам выдаткаў у такі кароткі прамежак часу — гэта, вядома, сур’ёзны выклік, які патрабуе прыняцьця сур’ёзных рашэньняў. Адвярнуцца ўбок і не шукаць сапраўды рэалістычныя, а не палітычна зручныя, рашэньні такой бюджэтнай сытуацыі азначала б або наіўнасьць, або безадказнасьць.
Вырашэньне такіх фінансавых абставінаў можа быць знойдзенае толькі ў стварэньні пасьпяховай унівэрсытэцкай апэрацыі па зборы сродкаў, у практыцы рэалістычнай і эфэктыўнай платы за навучаньне і фінансавай дапамогі, у стабільным і прадказальным удзеле донараў на прыватным і міжнародным урадавым узроўні, у адказным адміністрацыйным выкарыстаньні ўнутраных рэсурсаў, і што самае важнае — у падтрымцы і ўмацаваньні адукацыйных праграмаў, навучальнага працэсу і дасьледаваньняў — асновы любой праграмы і росту пэрсаналу. Кожная з гэтых галінаў падтрабуе неадкладнай увагі ўнівэрсытэту.
РС: Якім унівэрсытэтам мае быць ЭГУ — беларускім, эўрапейскім ці літоўскім? Якое месца мовы ва ўнівэрсытэце?
Полік: Пытаньне, ці ЭГУ мусіць быць беларускім, эўрапейскім або літоўскім унівэрсытэтам гучыць дзіўна, прынамсі на першы погляд. ЭГУ быў створаны ў Беларусі для беларусаў і нават у эміграцыі працягвае пераважна служыць арыгінальнай місіі яго заснавальніка і цяперашняга прэзыдэнта Анатоля Міхайлава. Ясна, адказ відавочны: ЭГУ — беларускі ўнівэрсытэт, які працуе ў Літве і ў Эўропе. Кожнае з гэтых паняцьцяў апісвае розны набор характарыстык, патрабаваньняў і магчымасьцяў, якія ўзятыя разам сукупна характарызуюць Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт. Яны непадзельныя.
Пытаньне, як я разумею, больш пра тое, як ЭГУ можа быць беларускім, у найлепшым сэнсе, калі ён разьмяшчаецца ў Літве і поўнасьцю ўключаны ў сыстэму Эўрапейскай супольнасьці. Вось тут ёсьць і блытаніна, і выклікі. Калі мы разумеем пад беларускасьцю тое, што ўнівэрсытэцкая супольнасьць складаецца пераважна зь беларусаў, тады адказ будзе, вядома — так, гэта беларускі ўнівэрсытэт. Факты даволі ясныя — 95% студэнтаў і 95% выкладчыкаў — беларусы. Але, магчыма, тут не ўлічваецца адзін крытычны і больш важны нюанс.
Зноў і зноў можна пачуць пытаньне аб тым, ці ня страчвае ЭГУ сваёй беларускай ідэнтычнасьці і, тым самым, не выконвае сваёй місіі. Магчыма, гэтае пытаньне грунтуецца на неразуменьні «місіі» ЭГУ як унівэрсытэту. Давайце спытаемся самі ў сябе «У чым палягае адказнасьць ЭГУ — каб быць беларускім ці каб адукоўваць беларусаў?» Ад адказу на гэтае пытаньне залежыць вырашэньне бальшыні праблемаў навучальнай праграмы, кадравых рашэньняў, моўных спадзяваньняў і палітыкі. Тое самае можна было б сказаць пра ўнівэрсытэты ва ўсім сьвеце. Галоўны клопат мусіў бы быць — становяцца студэнты або не высокаадукаванымі беларусамі, глыбей абазнанымі ў сваёй культуры і гатовымі выконваць дзейсныя і ўплывовыя ролі ў будучыні сваёй краіны і ў фармаваньні сьвету, незалежна ад выбару свайго жыцьцёвага шляху, на які яны маюць «свабоднае» права. Як такі, ЭГУ нясе адказнасьць за забесьпячэньне кожнага студэнта наймацнейшым наборам здольнасьцяў для служэньня свайму сьвету — хай гэта будзе Беларусь, Літва ці якая іншая краіна. І гэтыя здольнасьці мусяць улучаць ня толькі галоўную мову іх краіны, але і мовы, якія найбольш дамінуюць у сьвеце і даюць доступ велізарным інтэлектуальным і культурным рэсурсам, якія калектыўна ўплываюць на разьвіцьцё чалавечай думкі і грамадзкага дзеяньня. Любая адэкватная і сучасная моўная палітыка ўнівэрсытэту мусіла б адлюстроўваць гэты адукацыйны і міжнародны імпэратыў.
РС: Ці можна сказаць, што ў ЭГУ недастаткова дэмакратыі і акадэмічных свабодаў?
Полік: Што да пытаньняў пра дэмакратычны характар ЭГУ і акадэмічныя свабоды, дык відавочная іронія палягае ў тым, што такія адкрытыя дыскусіі і дэбаты, якія адбываліся апошнімі гадамі ва ўнівэрсытэце, ніколі б не былі дазволеныя або талераваныя ў Беларусі. У прымальных прафэсійных рамках, уласьцівых свабодным унівэрсытэтам ва ўсім сьвеце, выкладчыкі і студэнты мусяць заўсёды мець свабоду думаць і выказваць свае думкі прыстойна, адпаведным чынам, у адпаведным месцы і часе. Мой досьвед паказвае, што гэта сапраўды можна сказаць і пра ЭГУ
РС: Ці можна чакаць у ЭГУ прадбачальных кадравых рашэньняў?
Полік: Што да патэнцыйных унутраных кадравых рашэньняў, яны заўсёды будуць рабіцца паводле патрэбаў унівэрсытэту і з той сур’ёзнасьцю, якой яны патрабуюць.
РС: Якія былі б Вашыя першыя крокі, калі б Вас абралі рэктарам?
Полік: У шмат якіх дачыненьнях, фокус маёй увагі ад першага дня, калі распачаў сваю працу ў ЭГУ ў ролі кансультанта мінулай вясной, сьведчыць пра тыя кірункі, па якіх, на маю думку, меўся б рухацца ўнівэрсытэт. Была неадкладна ініцыяваная ацэнка цяперашняй сытуацыі ЭГУ, і шэраг адміністрацыйных прыярытэтаў былі пададзеныя на разгляд Рады Кіраўнікоў. Сярод іх — рэалізацыя ўжо ўхваленага ў адпаведнасьці зь літоўскім заканадаўствам працэсу найму, а таксама заканчэньне перагляду і зацьвярджэньне абноўленага статуту ўстановы. Істотным у абноўленым статуце стала стварэньне дэцэнтралізаванай структуры ў стылі «Оксбрыджу», што істотна павялічыла дэмакратычны ўдзел выкладчыкаў і студэнтаў у працэсе прыняцьця рашэньняў ва ўнівэрсытэце. З увядзеньнем новай структуры ўнутраных выкладчыцкіх камітэтаў і навастворанага супольнага адміністрацыйна-выкладчыцкага органу, Унівэрсытэцкай Рады, каштоўнасьці, якія былі першапачаткова закладзеныя ў ЭГУ, узмацніліся і ўмацаваліся.
Непасрэдная задача, якая стаіць цяпер перад акадэмічнай супольнасьцю ЭГУ — распрацоўка новай унівэрсытэцкай інструкцыі ад правах і адказнасьцях, новага стратэгічнага пляну, які б адлюстроўваў цяперашнія рэаліі, у тым ліку нядаўна атрыманыя вынікі працы групы рэакрэдытацыі зь Літоўскага цэнтру ацэнкі якасьці ў вышэйшай адукацыі.