Чацьвёра з васьмі закладнікаў, якія былі захопленыя ў краме кашэрнай ежы ў Парыжы, загінулі.
Прэзыдэнт Францыі Франсуа Алянд у звароце да нацыі назваў захоп кашэрнай крамы і забойства чатырох закладнікаў актам антысэмітызму.
Прэм’ер-міністар Мануэль Вальс заявіў, што Францыя знаходзіцца ў стане вайны з тэрарызмам, але «не ваюе супраць рэлігіі».
Раней Франсуа Алянд заявіў, што Францыя павінна «паспрабаваць спрыяць яшчэ больш настойліваму прадухіленьню магчымага паўтору падзеяў, якія мы толькі што перажылі».
Прэзыдэнт Эўразьвязу Дональд Туск заявіў, што наступны заплянаваны саміт Эўрапейскага Зьвязу, які адбудзецца 12 лютага, абмяркуе антытэрарыстычныя намаганьні пасьля нападу ў Парыжы.
Францускія СМІ паведамляюць, што браты Куашы, якіх падазравалі ў нападзе на сатырычны часопіс у Парыжы 7 студзеня, забітыя ў выніку апэрацыі праваахоўнікаў за 40 кілямэтраў ад Парыжу. Закладніца, якую ў будынку друкарні ўтрымлівалі браты Куашы, вызваленная.
Штурмы ў Парыжы і ў гарадку Дамартэн-ан-Гаэль пачаліся амаль адначасова ў другой палове дня 9 студзеня.
Your browser doesn’t support HTML5
Францускія мэдыі са спасылкай на паліцыю паведамлялі, што сярод закладнікаў былі жанчыны і дзеці.
Француская паліцыя ідэнтыфікавала нападнікаў на кашэрную краму ў Парыжы. Гэта 32-гадовага Амедзі Кулібалі і 26-гадовую Хаят Бумедзьен.
Амедзі Кулібалі забиты пры штурме. Паводле адных паведамленьняў, Хаят Бумедзьен таксама забітая. Аднак іншыя мэдыі паведамляюць, што яе цяпер шукаюць.
Амедзі Кулібалі і Хаят Бумедзьен таксама падазраюца ў нападзе 8 студзеня на поўдні Парыжа, у выніку якога загінула адна паліцыянтка, і яшчэ адзін чалавек быў цяжка паранены. Іх лічаць «узброенымі і небясьпечнымі».
Высьветлілася, што падазраваны ў тым забойстве і меркаваныя нападнікі на рэдакцыю Charlie Hebdo, былі знаёмыя і ўваходзілі ў адну ісламісцкую групоўку «Бют-Шамон». Групоўку назвалі ў гонар парку ў Парыжы, дзе зьбіраліся ісламісты, каб потым адправіцца ў Ірак ваяваць супраць заходняй кааліцыі.
Старэйшы брат, 34-гадовы Саід Куашы ў 2011 годзе наведваў Емэн і сустракаўся там са зьвязаным з «Аль-Каедай» прапаведнікам Анварам аль Аўлакі. 32-гадовы Шэрыф Куашы быў прызнаны вінаватым у сувязях з тэрарыстычнай сеткай для адпраўкі баевікоў у Ірак для барацьбы супраць амэрыканскіх сілаў.
Некаторыя мэдыі са спасылкай на францускае радыё RTL паведамлялі, што Амедзі Кулібалі пасьля захопу кашэрнай крамы патрабаваў спыненьня перасьледу братоў Куашы, якія пазаўчора зрабілі напад на рэдакцыю парыскага сатырычнага часопісу Charlie Hebdo, у выніку якога 12 чалавек былі забітыя.
Браты Куашы былі захапілі будынак друкарні за 40 кілямэтраў ад Парыжу, дзе ўтрымліваюць закладніцу.
Your browser doesn’t support HTML5
Раней сёньня паліцыя атачыла будынак на паўночным усходзе ад Парыжу, дзе знаходзіліся двое падазраваных у нападзе на Charlie Hebdo, якія ўтрымлівалі прынамсі аднаго закладніка.
Паводле прадстаўнікоў паліцыі, зь меркаванымі нападнікамі зьвязваліся па тэлефоне, каб дамовіцца аб бясьпечнай эвакуацыі 900 чалавек з суседняй школы. Паводле паліцыянтаў, «браты паведамілі, што яны хочуць памерці як пакутнікі».
У выніку нападу на рэдакцыю Шарлі Эбдо загінулі 12 чалавек, больш за 10 атрымалі раненьні. Стан чатырох пацярпелых ацэньваюць як цяжкі. Сярод ахвяраў — галоўны рэдактар, журналіст і карыкатурыст Стэфан Шарбанье. Францускаму тыднёвіку неаднаразова пагражалі ў сувязі з публікацыяй карыкатур на прарока Мухамэда, а таксама мусульманскіх лідэраў. Некалькі гадоў таму рэдакцыя часопіса была зьнішчаная ў выніку падпалу. З нагоды нападу Францыі выказваюць спачуваньні па ўсім сьвеце. Акцыі салідарнасьці прайшлі ў Парыжы і іншых францускіх гарадах, у таксама ў шэрагу эўрапейскіх сталіц і Нью-Ёрку.