Між іншага, там зьявіліся верталёты праваахоўных органаў Францыі. Паводле паліцыянтаў, мужчыны, страляючы, абрабавалі бэнзазапраўку непадалёк ад горада Вілер-Катэрэ, а пазьней уцяклі ў шэрым Renault Clio. Аўтамабіль гэтай жа маркі і колеру захапілі падазраваныя ў нападзе на сатырычны штотыднёвік. Прэм’ер-міністар Францыі Мануэль Вальс ня выключыў, што падазраваныя рыхтуюцца да яшчэ аднаго нападу.
Францускія праваахоўныя органы ужо затрымалі 7 чалавек, падазраваных у датычнасьці жа нападу, ад якога загінулі 12 чалавек. Паведамляецца, што ўсе сямёра могуць быць сваякамі або знаёмымі двух падазраваных экстрэмістаў. Іх затрымалі ў гарадах Рэймс і Шарлевіль-Мэзьер, а таксама ў Парыжы.
Паліцыя мяркуе, што ўдзел ва ўчорашнім нападзе на рэдакцыю часопіса Charlie Hebdo бралі трое чалавек. Іх ужо ідэнтыфікавалі. Паліцыя распаўсюдзіла фотаздымкі і выдала ордэр на арышт братоў Саіда і Шэрыфа Куашы, якім 34 і 32 гады адпаведна. Абодва нарадзіліся ў Парыжы. Шэрыф Куашы ў 2008 годзе быў прыгавораны да трох гадоў зьняволеньня за ўдзел у працы сеткі, якая адпраўляла баевікоў у Ірак. Францускія ўлады заявілі, што яны «ўзброеныя і небясьпечныя».
Трэці меркаваны нападнік — 18-гадовы Мурад Амід — самастойна здаўся паліцыянтам. Гэта адбылося падчас антытэрарыстычнага рэйду ў Шарлевіль-Мэзьер на поўначы Францыі. Аднак пакуль паліцыя не паведамляе пра ягоную сувязь з абодвума братамі, якіх шукаюць праваахоўнікі. Паводле францускай прэсы, сябры трэцяга меркаванага нападніка сьцьвярджаюць, што ў момант нападу ён быў на занятках у школе.