Паляк, які перажываў за Беларусь

7 студзеня ў Варшаве пасьля працяглай хваробы памёр выдатны польскі пісьменьнік і кінэматаграфіст Тадэвуш Канвіцкі. Яму было 88 гадоў.

У сваёй кніжцы «Каляндар і пясочны гадзіньнік» з 1976 году Тадэвуш Канвіцкі напісаў:

«Беларусь, Беларусь. Чаму ты завесься Беларусьсю, калі ня маеш у сабе гэтай белі. Белыя толькі твае палі восеньню, белыя — твары стомленых людзей. Ты павінна называцца Дабрарусьсю, Добрай Зямлёю Добрых Людзей. (...) Ня ўрэзалася ты ў памяць людзкую, Беларусь. Не адбірала ты ў іншых волі, не рабавала чужой зямлі, не губіла людзей дзеля спрэчак за межы. Ты мела павагу да чужакоў і гасьцінны каравай, аддавала рабаўнікам апошнюю карову і апошні акраец хлеба са знакам крыжа. Аддавала гаротным сьцякаючае крывёй сэрца і сваё беднае нярадаснае жыцьцё. (...) Беларусь, Беларусь шэразялёная, з агромністым небам над бялявай галавой... Ты занадта добрая, занадта лагодная, занадта высакародная для нашых часоў».

Не, у Тадэвуша Канвіцкага не было беларускіх каранёў. Ён нарадзіўся ў 1926 годзе ў польскай сям’і, але нарадзіўся ў Новай Вілейцы, на польска-беларускім памежжы (на тэрыторыі цяперашняй Літвы), і беларускі краявід ды мэлёдыя беларускай мовы запалі яму ў душу на ўсё жыцьцё:

"Калі прыгадаю беларускае слова, калі падзьме вецер з паўночнага ўсходу, калі ўбачу палатняную кашулю са сьціплым гафтам, калі пачую крык болю бяз скаргі — заўсёды мацней заб’ецца маё сэрца, падкрадзецца аднекуль ціхі смутак, заўсёды падплыве раптоўны холад невыразных дакораў сумленьня". ("Каляндар і пясочны гадзіньнік")

У часе Другой сусьветнай вайны Тадэвуш Канвіцкі ваяваў у Арміі Краёвай. Калі АК распусьцілі, ён нейкі час быў у антысавецкай партызанцы на Віленшчыне, а потым перайшоў у Польшчу, дзе яму ўдалося паступіць на польскую філялёгію, якую вывучаў у Ягелёнскім унівэрсытэце ў Кракаве і ў Варшаўскім унівэрсытэце.

На зломе 1940-х і 1950-х гадоў Канвіцкі стаў адным з галоўных у краіне сацрэалістычных літаратараў. Згадваючы пра той пэрыяд у сваім жыцьці ў інтэрвію нашаму рэдакцыйнаму калегу Аляксею Знаткевічу ў 2004 годзе, Тадэвуш Канвіцкі адзначыў:

«Я васямнаццацігадовым хлопцам перажыў вайну, а вайна на нашых землях, маю на ўвазе сёньняшнія Літву і Беларусь, мела форму вялікага міжпляменнага супрацьстаяньня. Усе ваявалі супраць усіх. Вайна была лютая. Я выжыў, і ў мяне зьявілася думка, што трэба пачаць жыць нанава, бо ў ранейшых маральных, палітычных і грамадзкіх умовах нічога новага не атрымлівалася, бо ўсё, што чалавецтва пабудавала да паловы 20 стагодзьдзя, развалілася. Галакост, бойні, перасяленьні — і калі я сустрэўся з так званым „сацыялізмам“, ён мне падаўся рацыянальным рэцэптам на новае жыцьцё ў сэнсе нацыянальным, грамадзкім, мэнтальным. Я адчуваў, што ХІХ стагодзьдзе, якое на нашых землях працягвалася да Другой Усясьветнай вайны, мусіць закончыцца. Вось таму сацыялізм мне падаўся панацэяй ад ўсяго, што выявілася ў часе вайны. Аднак празь нейкі час я заўважыў пад покрывам сацыялізму расейскі імпэрыялізм. Гэта мяне турбавала і навучыла абачлівасьці. Паступова, я пачаў адыходзіць ад сацыялізму, але не да іншай ідэалёгіі, толькі ўглыб сябе, да сваіх каштоўнасьцяў, да маёй ацэнкі сьвету, да маіх маральных крытэрыяў».

З «рэжымнага» літаратара эпохі сацрэалізму Тадэвуш Канвіцкі стаў у 1970-х гадах «апазыцыйным» пісьменьнікам. У 1977 годзе ягоны раман «Польскі комплекс» выйшаў у самвыдаце, стаўшы гістарычна першым самвыдатаўскім раманам у Польшчы. У 1979 выйшаў наступны самвыдатаўскі раман Канвіцкага — «Малы Апакаліпсыс» — які быў даволі зьедлівай сатырай як на тагачасны камуністычны рэжым у Польшчы, так і тагачасную палітычную апазыцыю.

У пачатку 1980-х гадоў, калі ўзьнікла «Салідарнасьць», Тадэвуш Канвіцкі быў вельмі папулярным пісьменьнікам сярод студэнцкай моладзі, якая зачытвалася ўсялякай нелегальшчынай і нецэнзуршчынай. Прыгадваецца, што будучы на чацьвёртым курсе фізыкі Варшаўскага ўнівэрсытэту, я чытаў у студэнцкім інтэрнаце «Малы Апакаліпсыс» ўперамешку з самвыдатаўскім выданьнем «1984» Джорджа Оруэла. (Дарэчы, «Малы Апакаліпсыс» быў перакладзены на беларускую мову Алесем Пяткевічам і апублікаваны ў часопісе «Архэ» у 2002 годзе).

Тадэвуш Канвіцкі пакінуў таксама выразны сьлед у польскай культуры як кінарэжысэр і сцэнарыст. Як рэжысэр, ён зьняў такія значныя ў айчыннай кінэматаграфіі карціны, як «Апошні дзень лета» (1958), «Дзяды» (1961) і «Даліна Ісы» (на падставе кніжкі Чэслава Мілаша). Быў сцэнарыстам такіх вядомых і за мяжою польскіх фільмаў, як «Маці Яанна ад Анёлаў» і «Фараон» (абодва ў рэжысуры Ежы Каваляровіча).

Тадэвуш Канвіцкі ўвесь час захоўваў цёплыя ўспаміны пра Беларусь і беларусаў. У згаданым мною інтэрвію для нашага радыё ў 2004 годзе ён сказаў:

«Я вельмі зьвязаны зь Беларусьсю. Я вельмі адчуваю і вельмі перажываю ўсе няўдачы Беларусі. Беларусь нікога ніколі не прыгнятала, не забівала. Гэта нацыя вельмі лагодных людзей. Я сам быў у партызанцы і ведаю, што ўсе гэтыя партызаны, незалежна ад ідэалёгіі, жылі зь беднага беларускага насельніцтва. Я маю на ўвазе рэквізыцыі харчоў, коней, абавязковае кватараваньне па вясковых хатах. Беларусь даволі зьнясіленая і яна не атрымала ніякай дапамогі з Эўропы. Нават палякі ў гэтым сэнсе ня надта паказалі сябе, бо, па-мойму, у першую чаргу трэба зьвяртаць увагу на братнія народы, якія перажываюць сур’ёзныя цяжкасьці. У мяне былі моманты адчаю, што зноў у Беларусі будзе нейкая расейская, занядбаная губэрня, бяз сваёй тоеснасьці, але цяпер я назіраю, што нешта ў Беларусі варушыцца, нешта нараджаецца. Я вельмі хацеў бы, каб гэта была сувэрэнная, незалежная дзяржава».