А як добра для ўлады ўсё пачыналася! На пачатку 2014 году Лукашэнка пахваліўся, што ён пасароміў незалежных эканамістаў, якія казалі пра непазьбежнасьць дэвальвацыі беларускага рубля. Кіеўскі Майдан, забурэньні ва Ўкраіне стварылі новую сацыялягічную парадыгму ў беларускім грамадзтве. Сацыяльна-эканамічныя пытаньні адышлі на другі плян. На першае месца ў масавай сьвядомасьці беларусаў на тле ўкраінскага крызісу выйшла тэма бясьпекі («абы не было вайны»). Падвысіўся запыт на цьвёрдую ўладу, моцную руку, стабільнасьць, і, адпаведна, вырас давер да дзяржаўных інстытутаў — разам з рэйтынгам Лукашэнкі.
Ніколі раней Расея не была такая шчодрая, як у 2014 годзе. Яна выдзеліла Беларусі крэдыт у памеры $2 млрд, пагадзілася пакідаць у беларускім бюджэце ўсё нафтавае мыта. Эмбарга на пастаўкі заходняга харчаваньня ў РФ, здавалася, стала для Беларусі эканамічным «кландайкам».
Ды ўсе казкі рана ці позна канчаюцца
І нішто не азмрочвала сьветлую будучыню ў перадвыбарчы год. Каб Лукашэнка быў трохі больш прадбачлівы, то варта было б правесьці дэвальвацыю ў сярэдзіне году, недзе летам. І з гледзішча рэйтынгу гэта б пракаціла. На фоне вайны ва Ўкраіне народ праглынуў бы такую неспадзяванку і не папярхнуўся. І да прэзыдэнцкіх выбараў ужо пасьпеў бы забыць. Аднак Лукашэнка верыў, што ўдасца неяк праскочыць.
Ды ўсе казкі рана ці позна канчаюцца. У канцы году ўсе зоркі сышліся няўдала для беларускай улады. Вайна ва Ўкраіне прыпынілася, замарозілася, і ўкраінская тэма пачала выходзіць з фокусу грамадзкай увагі. На першы плян вярнуліся сацыяльна-эканамічныя праблемы.
І ў гэты самы момант Расея, якая была асноўнай крыніцай эканамічнай падтрымкі Беларусі, ператварылася ў галоўную крыніцу праблемаў. Рэцэсія, каляпс расейскага рубля, харчовая вайна самым непасрэдным чынам адбіліся на беларускай эканоміцы, спрычыніліся да валютнага крызісу. Праект Эўразійскага эканамічнага саюзу ператвараецца ў нейкую карыкатуру на інтэграцыю.
Тое, чаго больш за ўсё баяліся беларускія ўлады, што бачылася ў кашмарных снах, чаго імкнуліся пазьбегнуць любымі спосабамі, усё-ткі здарылася, стала рэальнасьцю. На валютным рынку ўзьнікла паніка, якая скончылася фактычнай дэвальвацыяй.
Аблом 2011 году — гэта не выпадковасьць, ня разавая падзея, а нармальны эканамічны стан
Ірацыянальны страх перад дэвальвацыяй у Лукашэнкі абумоўлены ранейшым досьведам. Рэзкаму аслабленьню рубля спадарожнічае падзеньне даверу насельніцтва да ўлады і асабіста да прэзыдэнта. У момант фінансавых узрушэнняў 2011 году ягоны рэйтынг упаў да 20%. Таму для кіраўніка дзяржавы дэвальвацыя стала не звычайнай эканамічнай катэгорыяй, а вялікай палітычнай, амаль экзістэнцыйнай праблемай.
Яшчэ на нарадзе 18 сьнежня Лукашэнка чарговым разам паабяцаў, што не дапусьціць дэвальвацыі. А наступным днём было прынята рашэньне ўвесьці 30-працэнтны збор пры куплі валюты, што насельніцтва расцаніла як прыхаваную дэвальвацыю. Людзі прарэагавалі адпаведна.
Фактычна ўсе пляны і прагнозы, зафіксаваныя ў бюджэце на наступны (выбарчы!) год, паляцелі дагары нагамі. Нагадаю дзеля сьмеху, што ў афіцыйных дакумэнтах абменны курс беларускага рубля на 2015 год заплянаваны на ўзроўні 11 400 рублёў за даляр!
Ласкаво просимо ў нестабільнасьць
Міт пра беларускую стабільнасьць, які быў падмуркам афіцыйнага беларускага ідэалягічнага канструкту, разьвеяўся. Што бачыць абывацель, гледзячы на эканоміку? Аблом 2011 году — гэта не выпадковасьць, ня разавая падзея, а нармальны эканамічны стан. Апошнія гады фактычна спыніўся рост, краіна ўступіла ў пэрыяд працяглай рэцэсіі. Дэвальвацыя стала неад’емным атрыбутам жыцьця, пытаньне толькі ў памерах і моманце яе правядзеньня. Беларусь жыве ад крызісу да крызісу. Сярэдні заробак у далярах на пачатак 2015 году (калі лічыць паводле курсу абменьнікаў) будзе меншы, чым у 2010 годзе.
Краіна ўступае ў выбарчы год ва ўмовах сацыяльна-эканамічнай турбулентнасьці. Прэзыдэнцкім выбарам вяртаецца інтрыга.
Ласкаво просимо ў нестабільнасьць. З Новым годам. І ні ў чым сабе не адмаўляйце.