Позна ўвечары 24 сьнежня ў менскім комплексе «Дом прыёмаў Міністэрства замежных справаў» адбылася чарговая сустрэча ўдзельнікаў кантактнай групы па ўрэгуляваньні сытуацыі на ўсходзе Ўкраіны. Пасяджэньне праходзіла ў закрытым рэжыме і доўжылася больш за пяць гадзінаў, яго вынікі невядомыя, паколькі па заканчэньні перамоваў іх удзельнікі адразу разьехаліся, ня стаўшы размаўляць з прэсай. Ня выключана, што чарговая сустрэча можа адбыцца ў бліжэйшыя дні.
Аб правядзеньні ў Менску сустрэч кантактнай групы 24 і 26 сьнежня дамовіліся ў панядзелак кіраўнікі Ўкраіны, Францыі, Расеі і Нямеччыны. Першапачаткова было прынятае рашэньне, што перамовы пройдуць у закрытым для прэсы фармаце. Журналістам толькі паведамілі, што ў парадак дня ўключаны чатыры пытаньні: аб асаблівым статусе Данбасу, адводзе цяжкага ўзбраеньня, абмене палоннымі і дастаўцы гуманітарнай дапамогі ў раён канфлікту.
У Менск прыбылі афіцыйны прадстаўнік дзейнага старшыні АБСЭ па пытаньнях ўрэгуляваньня сытуацыі ва Ўкраіне Адэльхэйд Тальявіні, экс-прэзыдэнт Украіны Леанід Кучма, амбасадар Расеі ва Ўкраіне Міхаіл Зурабаў, а таксама прадстаўнікі сэпаратыстаў з самаабвешчаных Луганскай і Данецкай «народных рэспублік» Уладзіслаў Дзейна і Дзяніс Пушылін.
Напярэдадні сустрэчы Адэльхэйд Тальявіні паведаміла, што ў беларускай сталіцы плянуецца абмеркаваць асноўныя блёкі пытаньняў, якія тычацца спыненьня агню ўсімі бакамі, адводу з зоны канфлікту ваеннай тэхнікі, абмену палоннымі па схеме «ўсіх на ўсіх», дастаўкі прадуктаў харчаваньня і прадметаў першай неабходнасьці на падкантрольныя баявікам тэрыторыі для прадухіленьня гуманітарнай катастрофы. Ніводзін з удзельнікаў перамоваў па іх завяршэньні не захацеў пагутарыць з журналістамі. Як удакладніў прадстаўнік МЗС Беларусі Дзьмітрый Мірончык, кантактная група АБСЭ-Расея-Ўкраіна прадаставіць інфармацыю аб сваіх далейшых кроках пазьней. Пакуль плянуецца, што сустрэча будзе працягнутая 26 сьнежня і, магчыма, менавіта тады будуць апублікаваныя нейкія вынікі.
Што думаюць адносна пэрспэктыў чарговага раўнду менскіх дамоўленасьцей экспэрты? Сытуацыю камэнтуе дэпутат Вярхоўнай Рады Ўкраіны, каардынатар руху «Інфармацыйнае супраціў» Дзьмітры Тымчук:
— Галоўныя на сёньня пытаньні — гэта рэжым спыненьня агню, стварэньне буфэрнай зоны, адвод цяжкіх узбраеньняў ад лініі судакрананьня і абмен ваеннапалоннымі. Варта адзначыць, што найбольш актуальныя пытаньні, якія выносяцца на парадак дня, разглядаліся і раней, нейкія дамоўленасьці нібыта былі нават дасягнуты, але тое, што яны не выконваліся абсалютна, — гэта таксама відавочна. Шчыра кажучы, у мяне няма асаблівых прычынаў спадзявацца, што і цяперашнія дамоўленасьці будуць выкананы. Я ўвогуле не разумею сэнсу новых перамоваў. У нас ёсьць падпісаныя менскія дамоўленасьці ўзору верасьня: ніхто іх не спыняў, ніхто не заяўляў пра тое, што яны не сапраўдныя. Наадварот, Расея пастаянна паказвае, што гэта вельмі важны фактар стабілізацыі сытуацыі ў рэгіёне. Тым ня менш, менавіта з боку расейскіх войскаў яны як раз і не выконваюцца. З чаго раптам і хто ўзяў, што цяперашнія перамовы, якія цалкам дублююць папярэднія, будуць выконвацца, абсалютна не зразумела.
Паводле зьвестак прэс-службы прэзыдэнта Ўкраіны, суразмоўцы на першапачатковым этапе пагадзіліся з неабходнасьцю выконваць усе пункты менскіх дамоўленасьцей, сярод якіх пытаньні спыненьня агню, выхаду на лінію размежаваньня, якая замацаваная ў мэмарандуме ад 20 верасьня, адводу войскаў і цяжкага ўзбраеньня, а таксама хутчэйшага вызваленьня усіх закладнікаў.
Ці можна чакаць, што дэкляраваныя намеры ўвасобяцца ў жыцьцё? Вось што пра гэта думае расейскі палітоляг, кіраўнік «Палітычнай экспэртнай групы» Канстанцін Калачоў. Перш за ўсё, на яго думку, варта зьвярнуць больш пільную ўвагу на папярэднія менскім перамовам візыты прэзыдэнтаў Беларусі і Казахстана ў Кіеў. У прыватнасьці, калі Аляксандр Лукашэнка прадэманстраваў цалкам праўкраінскую пазыцыю, то Нурсултан Назарбаеў, не выключае экспэрт, у дадзеным выпадку мог быць як раз пасланьнікам Крамля:
— Цалкам відавочна, што візыт Аляксандра Лукашэнкі ў Кіеў быў ініцыятывай самога беларускага лідэра. Вядома, не выключана, што ён загадзя паставіў у вядомасьць расейскі бок, але ў дадзеным выпадку Лукашэнка, хутчэй за ўсё, дзейнічаў як самастойны палітык. Зусім іншая гісторыя і зусім іншая рэакцыя на візыт Нурсултана Назарбаева, які адразу пасьля гэтага меў зносіны з Уладзімірам Пуціным і якога многія бачаць у ролі пасярэдніка. Гэта значыць, частка расейскіх экспэртаў лічыць, што візыт прэзыдэнта Казахстана ў Кіеў быў узгоднены з Пуціным і што Назарбаеў выклаў Пятру Парашэнку тую пазыцыю Масквы, якую Пуцін па нейкай прычыне ня можа публічна выкласьці сам. Мабыць, гаворка ідзе як раз аб пошуку кампрамісных рашэньняў па Данбасу.
Ці адбудзецца пасяджэньне кантактнай групы ў Менску 26 сьнежня, пакуль дакладна невядома. Па паведамленьні МЗС Беларусі, інфармацыю пра далейшы фармат працы кантактная група распаўсюдзіць напярэдадні перамоваў.
Першае менскае пасяджэньне кантактнай групы адбылося 31 ліпеня ў рэзыдэнцыі «Заслаўе» пад Менскам. У верасьні перамовы праходзілі тройчы, а першыя рэальныя вынікі былі агучаны 5 верасьня. Менавіта тады быў узгоднены плян мірнага ўрэгуляваньня і дасягнутая дамоўленасьць аб спыненьні агню.
Праз два тыдні, 20 верасьня, кантактная група па Ўкраіне прыняла ў Менску мэмарандум, які вызначае мэханізм увядзеньня і падтрыманьня рэжыму спыненьня вагню. Кантроль над выкананьнем палажэньняў мэмарандуму быў ускладзены на АБСЭ. Аднак пасьля і прадстаўнікі афіцыйнага Кіева, і кіраўніцтва сэпаратыстаў заяўлялі аб неаднаразовым парушэньні дамоўленасьцяў. За час дэкляраванага спыненьня баявых дзеяньняў на Данбасе загінула больш за тысячу чалавек.