Каталіцкія, грэка-каталіцкія і пратэстанцкія вернікі сьвяткуюць Божае Нараджэньне

  • БелаПАН

Мітрапаліт Менска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч

Калядная імша на беларускай і польскай мовах праходзіць у касьцёлах Беларусі.

З нагоды гэтага буйнога хрысьціянскага сьвята з пастырскім пасланьнем да вернікаў зьвярнуўся мітрапаліт Менска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Ён адзначыў, што сьвята Божага Нараджэньня выклікае ў людзей «шмат прыемных успамінаў і эмоцый», але, «радуючыся з атрыманым падарункам і засяроджваючы сваю ўвагу на матэрыяльных рэчах», людзі «адначасова павінны памятаць аб той любові, якой іншы чалавек такім чынам дзеліцца з намі». «Ва ўрачыстасьць Божага Нараджэньня мы становімся сьведкамі таго, як Бог адорвае нас заўсёды актуальным падарункам, якім зьяўляецца ўцелаўлёны Божы Сын, — адзначыў Кандрусевіч. — У гэтым дары праяўляецца бязьмежная любоў Бога да чалавека».

Мы заўсёды павінны памятаць, што сьвятло Хрыста сьвеціць у цемры і цемра яго не агорне

Паводле слоў Кандрусевіча, сёлета сьвята Божага Нараджэньня адзначаецца «ў асаблівы час гісторыі», калі колькасьць праблем і выклікаў імкліва павялічваецца. Цёмнымі старонкамі жыцьця сучаснага сьвету сьвятар назваў крызіс «Богам устаноўленага, адзінага і непарушнага» інстытуту сям`і і дэвальвацыю найбольш каштоўнага Божага дару, якім зьяўляецца дар жыцьця; дэмаграфічны крызіс; практыку эўтаназіі; «не дазволеныя Божым законам» экспэрымэнты з эмбрыёнамі; рэпрадуктыўныя тэхналёгіі; гендарную ідэалёгію; збройныя канфлікты і тэрарыстычныя акты; сацыяльную несправядлівасьць; растучы ў некаторых краінах сьвету перасьлед і генацыд хрысьціян; маральную разбэшчанасьць моладзі; беспрацоўе; міграцыю; беднасьць і г. д.

Цяпер мы перажываем рашучы момант гісторыі хрысьціянства, калі трэба сказаць наша рашучае „так“ Богу і Эвангельлю

«Вельмі небясьпечным зьяўляецца нарастаючы крызіс веры і лібэральныя тэндэнцыі, якія ўсё больш праяўляюцца, прыстасаваць вучэньне Касьцёла да сьвецкіх стандартаў сучаснага сьвету», — адзначыў каталіцкі гіерарх. Прычынай гэтых і іншых праблем, на яго думку, зьяўляецца тое, што «самадастатковы чалавек адкінуў Бога».

«Цяпер мы перажываем рашучы момант гісторыі хрысьціянства, калі трэба сказаць наша рашучае „так“ Богу і Эвангельлю, бараніць прынцыпы нашай веры, як гэта рабілі нашы продкі ў ранейшыя часы, асабліва ў часы ганеньняў. Мы заўсёды павінны памятаць, што сьвятло Хрыста сьвеціць у цемры і цемра яго не агорне», — падкрэсьліў святар.

Рымска-каталіцкі касьцёл у Беларусі складаецца з чатырох дыяцэзій, у якія ўваходзіць звыш 620 парафій. У краіне адкрыта звыш 450 каталіцкіх храмаў, у парафіях працуюць больш як 400 сьвятароў.