Пра гэта гаворыцца ў паведамленьні прэс-службы Белага дома. У ім адзначаецца, што прэзыдэнт ЗША Барак Абама даручыў Дзяржсакратару неадкладна пачаць перамовы з Кубай па аднаўленьні дыпляматычных адносін, якія былі перапыненыя ў студзені 1961 года.
У бліжэйшыя месяцы ЗША адновяць амбасаду ў Гаване і правядуць абмен на высокім узроўні ў рамках працэсу нармалізацыі адносінаў. Дэлегацыя ЗША прыбудзе ў Гавану на наступны раўнд амэрыкана-кубінскіх перамоў па міграцыі ў студзені 2015 года.
У заяве Белага дома адзначаецца: ЗША робяць гістарычныя крокі для таго, каб намеціць новы курс у адносінах з Кубай і спрыяць пашырэньню правоў і магчымасьцяў кубінскага народу. «Зразумела, што дзесяцігодзьдзі ізаляцыі Кубы з боку ЗША не дасягнулі мэты садзейнічаць станаўленьню дэмакратычнай, квітнеючай і стабільнай Кубы», — гаворыцца ў заяве.
Палітыка ЗША ў дачыненьні да Кубы ізалявала ЗША ад рэгіянальных і міжнародных партнэраў, стрымлівала здольнасьць ўплываць на падзеі ў Заходнім паўшар’і і парушала выкарыстаньне поўнага спэктру інструмэнтаў, наяўных у распараджэньні ЗША, для пазытыўных зьменаў на Кубе. Хоць гэтая палітыка зыходзіла з лепшых меркаваньняў, яна дала мала эфэкту — сёньня, як і ў 1961, на Кубе кіруе Кастра і Камуністычная партыя, заявіў Белы дом.
***
Што да дыпляматычных адносінаў паміж Беларусьсю і ЗША, то колькасьць супрацоўнікаў амбасады ЗША ў Менску была скарочаная на патрабаваньне беларускага боку з 35 чалавек да пяці ў сакавіку 2008 года праз увядзеньне Злучанымі Штатамі санкцый у дачыненьні дзяржаўнага канцэрна «Белнафтахім». Неўзабаве пасьля гэтага амбасадар Беларусі ў ЗША Міхаіл Хвастоў быў адкліканы з Вашынгтона для кансультацый, а Менск на патрабаваньне беларускага боку пакінула пасол Карэн Сцюарт. Санкцыі ў дачыненьні да «Белнафтахіма» былі ўведзеныя ЗША ў сувязі з парушэньнямі правоў чалавека ў Беларусі. Праз скарачэньне штата пасольства ЗША ня здолела выконваць консульскія паслугі выдачы віз беларусам.
Сёлета 23 чэрвеня Ітан Голдрыч (на той момант часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі) паведаміў, што беларускі бок дазволіў павялічыць штат амбасады з пяці да шасці чалавек. Амбасада ЗША пашырыла візавыя паслугі і скасавала дадатковую плату за шматразовыя гадавыя візы. З 4 жніўня 2014 амбасада пачала прыём зваротаў па візы катэгорый F (студэнт), М (студэнт прафесійна-тэхнічнага навучальнай установы) і J (удзельнік праграмы культурнага абмену).