Кустурыца і габрэйскія партызаны

Сяргей Астраўцоў

Калі пачынаецца зімовая сьцюжа, і горад прадзімае наскрозь, і неўзабаве намятае сумёты, мне ўспамінаюцца партызаны, як ім паршыва было ў лесе ў такі час.

Габрэйскія – не выключэньне. Тэма, як вядома, зацікавіла Кустурыцу і пра нашых габрэйскіх партызанаў ён зробіць фільм. Калі зробіць. Перад гэтым ён паабяцаў кіно «пра гандаль чалавечымі органамі ў Косаве». А раней заяўляў, што будзе экранізаваць Дастаеўскага, «Братоў Карамазавых». І вельмі ўстурбаваўся сэрбскі рэжысэр лёсам рускамоўнага насельніцтва Данбасу і заклікаў Расею яго «бараніць», чым яна й пачала адразу займацца. Таксама, між іншым, нядрэннае кіно можа атрымацца, нічым ня горшае ад жахаў з чалавечымі органамі ў Косаве.

Але вернемся да нашых партызанаў, дакладней, да італьянскага раману, на падставе якога будуць кіназдымкі. Калі пачалі пісаць, што гэта будзе фільм пра беларускіх партызанаў, зроблены на падставе кнігі Прыма Леві «Калі ня зараз, то калі?», я адразу засумняваўся: пісьменьнік з Турына нічога аб іх ня ведаў. Дый не маглі яны яго цікавіць. Раман выйшаў за пяць гадоў да ягонай сьмерці і вокладку, думаю, узгаднялі зь вядомым аўтарам, якім быў Прыма Леві. На ёй – карціна рускай вёскі ХІХ стагодзьдзя. У анатацыі можна прачытаць, што гісторыя пачынаецца ў заходняй частцы Савецкага Саюзу, у дужках — «in Byelorossiya» (у такой нечаканай форме) і заканчваецца ў Міляне.

Мне адразу падумалася, што дзеяньне ў пэўным сэнсе адбываецца ў адваротным кірунку, калі ўзгадаць аповесьць Васіля Быкава (дарэчы напісаную ў Горадні) «Альпійская баляда». Быкаў напісаў яе за дваццаць гадоў да «Калі ня зараз, то калі?». Вядомая гісторыя: італьянец Джузэпэ Дэ Санціс сабраўся экранізаваць «Альпійскую баляду» і зьвяртаўся да савецкага кінаначальства (1965), хацеў атрымаць на гэта права, але не атрымаў. Хаця кастынг у італьянскай сталіцы быў праведзены, каб абраць выканаўцаў роляў Івана і Джуліі. Я перакананы, што Прыма Леві ведаў аб гэтай гісторыі, прыступаючы да працы над сваім раманам. І, магчыма, трымаў у руках кнігу Быкава.

Галоўны герой Мэндэль Нахмановіч працаваў гадзіншчыкам, на той час ён жыў у Польшчы. Потым прыйшла Чырвоная армія. Затым пачалася вайна зь немцамі. Мэндэль ваюе, трапляе ў акружэньне, вяртаецца дахаты, а немцы пасьпелі ўжо зьнішчыць мястэчка і жыхароў, загінула ягоная сям’я. І ён ідзе ў партызаны. У анатацыях пішацца, што ў рамане распавядаецца «пра рускіх, польскіх і габрэйскіх партызанаў».

Адно брытанскае выдавецтва паўторна надрукавала пераклад кнігі Прыма Леві, і на сайце выказалася вялікая колькасьць чытачоў. І што яны пішуць?

З дыялёгаў партызанаў яны даведаліся, што габрэі вельмі цярпелі. Аб гэтым піша Кэвін. І ня толькі ад немцаў, але і ад іншых партызанаў, і ад мясцовага насельніцтва. Церпяць яны і ў Беларусі, і ў іншых краінах. А паплечнікі Мэндэля чамусьці бягуць наперадзе Чырвонай арміі — у Польшчу, затым у Нямеччыну, каб пазьней трапіць у Італію.

Аднак, аналізуючы тэкст далей, чытачы нічога беларускага больш у ім не знаходзяць. Яны ўспамінаюць «рускіх людзей», цытуючы аўтара. І прыходзяць да высновы, што гэта кніга пра Галякост. Раней яны мучыліся пытаньнем: чаму габрэі не супраціўляліся? Аб гэтым, у прыватнасьці, піша Ларэнца. І для іх стала адкрыцьцём, што, аказваецца, існавалі габрэйскія партызаны. Але большасьць проста хавалася ў спадзяваньні на дапамогу «хаўрусьнікаў (пад Туравам і Пінскам!) або нават савецкіх войскаў», мяркуюць брытанскія чытачы. Іх зьдзіўляе подзьвіг габрэйскіх партызанаў, бо раней ім было вядома толькі «аб сьмеласьці польскіх войскаў генэрала Андэрса, індыйскіх сікхаў у брытанскай арміі і бразыльскіх жаўнераў, якія ваявалі ў Эўропе».

Дык аб чым жа раман? «Аб жыцьці рускіх і польскіх партызанаў-габрэяў», выказваецца наступны чытач. І аб тым, што габрэі не заўсёды былі пасіўнымі ахвярамі нацыстаў. А навокал, каля Турава, як вынікае з тэксту, жывуць «рускія людзі». Пасьля раману адзін з чытачоў задаецца пытаньнем: дык дзе ж адбывалася асноўная дзея? У Польшчы, Украіне, Расеі? Адказу на пытаньне ён не знаходзіць. Але яму вельмі шкада партызанаў, якім даводзілася існаваць «у неспрыяльных умовах: пры нізкай тэмпэратуры, глыбокім сьнезе, пад дажджом і зь недахопам ежы».

Наступны чытач акрэсьлівае тэму кнігі так: «Як габрэі сфармавалі партызанскія атрады падчас Галякосту… Самі яны былі габрэямі, пераважна з агульнай мовай ідыш, але сталі, калі было неабходна, палякамі, а потым рускімі». Стэфані шчыра прызнаецца, што заблыталася з геаграфіяй: дзе ўсё адбывалася? Ёй толькі зразумела, што героі былі «ў асноўным рускімі габрэямі». Эн радуецца, што нарэшце прачытала «кнігу аб Галякосьце», якая апавядае аб выжываньні, а не аб роспачы, дэпрэсіі і стратах. Яе падтрымлівае Бэн: «Гэта захапляльнае адлюстраваньне партызанскай вайны эўрапейскага габрэйства», якую «можна параўнаць з бліскучымі балівійскімі дзёньнікамі Чэ».

Такім чынам, нам трэба будзе зьмірыцца, што калі ў Кустурыцы сапраўды дойдуць рукі да экранізацыі, гэта будзе кіно не пра Беларусь у часы вайны, паколькі беларусаў у кнізе няма, а ёсьць замест іх рускія. І задаволіцца тым, што беларускую тэрыторыю ўзгадаюць у сувязі з важнай тэмай сёньняшняга кінематографу — Галякостам. Але навошта тады Прыма Леві прыплёў саму Беларусь увогуле? Першая мая здагадка — «Альпійская баляда». Другая: разглядаючы мапу Беларусі, пісьменьнік мог спакусіцца на падабенства назваў — Турын і Тураў. Сам ён быў нядоўга ў італьянскіх партызанах пад Турынам, але неўзабаве трапіў у рукі немцаў і быў адпраўлены ў Асьвенцым. І нарэшце асновай для кнігі, без чаго ён бы за яе ня ўзяўся, сталі аповеды людзей, ад якіх ён пачуў пра габрэйскую партызанку.

Нам вядома, што габрэйская партызанка ў Беларусі была толькі невялікім эпізодам у партызанскім руху. І ў нашым разуменьні, беларусы пацярпелі зусім ня менш за габрэяў, досыць пацікавіцца «могілкамі вёсак» у Хатыні — колькі іх было спалена немцамі разам з жыхарамі. Аднак фільм пра сваіх зрабіў калісьці Алесь Адамовіч з рэжысёрам Элемам Клімавым, «Ідзі і глядзі». І наўрад ці сусьветна вядомыя рэжысэры зацікавяцца беларускай тэмай, жахлівымі людзкімі стратамі ў час вайны і нашымі партызанамі.

Вядомы сёньня ў Польшчы пісьменьнік зь Беластоку Ігнацы Карповіч на сустрэчы ў Горадні выказаўся, што тэма Галякосту сёньня стала кан’юнктурнай. Кожны аўтар, які за яе бярэцца, ведае наперад, што яму забясьпечаны посьпех. Напэўна ён мае сваю рацыю. Але – факт, што зьяўляюцца ўсё новыя, цікава зробленыя фільмы і раманы.

Італа Кальвіна назваў Прыма Леві «адным з самых важных і таленавітых пісьменьнікаў нашага часу». Брытанскі крытык Кэрал Энджэр называе Прыма Леві адным з самых закрытых пісьменьнікаў. У сваіх інтэрвію ён ствараў аб сабе ўражаньне, як аб спакойным, ураўнаважаным, аптымістычным чалавеку. Ён казаў, што ў яго няма інстынктаў, прынамсі ён стараўся іх стрымліваць. Аднак сваю роспач ён замыкаў унутры сябе, пісала Кэрал Энджэр. І аднойчы газэты напісалі, што Прыма Леві скончыў жыцьцё самагубствам (1987). Яму было 67.

Прыма Леві цярпеў ад дэпрэсіі яшчэ да таго, як трапіў у Асьвенцым. Унутры сябе ён пастаянна адчуваў падзел паміж хімікам, кім быў у прафэсіі, і пісьменьнікам, паміж сваім габрэйствам і італьянскай сьвядомасьцю. Першую сваю кнігу на тэму Галякосту ён напісаў па гарачых сьлядах пры канцы 1946-га. Некалькі буйных выдаўцоў не прынялі яе. І толькі невялікае выдавецтва надрукавала 2500 асобнікаў, прадало менш за палову і закрылася. Пісьменьнік выканаў свой абавязак перад памерлымі, але кніга была забытая і ён вярнуўся да сваёй хіміі. Ужо значна пазьней ён любіў гаварыць: «Я не пісьменьнік, я хімік». Аднак у яго былі пісьменьніцкія амбіцыі і быў страх няўдачаў. Канечне, яму быў вядомы «нэўроз посьпеху», аднак ён ня мог паразмаўляць зь дзецьмі аб Асьвенцыме ці сваіх кнігах, а жонка была яшчэ больш прыватным чалавекам, чым ён сам. Вялікую ролю ў яго жыцьці адыграла маці, якая імкнулася заўжды дамінаваць над ім, ён параўноўваў яе дом з турмой.

Ён называў сябе гаваруном: калі мне закрыць рот, я памру, жартаваў пісьменьнік. Падчас сваёй апошняй дэпрэсіі ён адчуў, што больш ня хоча гаварыць. І тады памёр. Гэта яго забіла, а не ўспаміны аб Асьвенцыме, падсумоўвае брытанскі крытык.