Папа Францішак і патрыярх Канстантынопальскі Варфаламей I заклікалі да міру ва Ўкраіне

Пра гэта гаворыцца ў прынятай імі ў нядзелю сумеснай дэклярацыі.

Папа Рымскі Францішак і патрыярх Канстантынопальскі Варфаламей I заявілі аб неабходнасьці ўсталяваньня міру ва Ўкраіне і заклікалі ўсе бакі канфлікту ў гэтай краіне да дыялёгу, заснаванага на нормах міжнароднага права. Пра гэта гаворыцца ў прынятай імі ў нядзелю сумеснай дэклярацыі.

Францішак і Варфаламей I асудзілі перасьлед хрысьціянаў у Сырыі і Іраку баевікамі радыкальнай групоўкі «Ісламская дзяржава» і выказаліся за канструктыўны дыялёг з ісламам, заснаваны на ўзаемнай павазе і сяброўстве.

Сустрэча Папы і кіраўніка Канстантынопальскай праваслаўнай царквы была прысьвечаная сьвяткаваньню дня Сьвятога Андрэя.

Сёньня — трэці, апошні дзень візыту Францішка ў Турэччыну. У пятніцу ён сустрэўся з прэзыдэнтам Турэччыны Рэджэпам Эрдаганам і кіраўніком упраўленьня па справах рэлігіі краіны Мехметам Гёрмезам. Напярэдадні папа наведаў найбуйнейшую ў Стамбуле мячэць Султанахмэт, дзе зьдзейсьніў малітву разам з муфтыем Стамбула Рахмі Яранам.