У Сьветлагорску інваліды спрабуюць дамагацца безбар’ернага асяроддзя ў горадзе шляхам пратэсту. Гэта паказаў і нядаўні прыклад інваліда 1 групы Юрыя Ляшэнкі, які празь пікет перад райвыканкамам намагаўся данесьці да мясцовых уладаў, што пры рэканструкцыі жылога дому на вуліцы Леніна тыя ня ўлічваюць патрэбы інвалідаў.
Спроба Юрыя Ляшэнкі прыцягнуць увагу мясцовых уладаў да рэканструкцыі жылога дому № 10 на вуліцы Леніна, дзе ён жыве, была нэўтралізаваная. Ці то міліцыя, ці то мясцовыя чыноўнікі выклікалі на плошчу перад райвыканкамам машыну хуткай дапамогі. Тая адразу ж схапіла інваліда-пратэстоўца і даставіла ў раённы шпіталь. Юры не пасьпеў нават разгарнуць плякат «Стоп беззаконьню!».
У шпіталі мэдыкі зрабілі інваліду пару ўколаў «ад дрэннага самаадчуваньня», а міліцыянт — склаў пратакол за несанкцыянаваны пікет.
Наколькі зладжаныя былі дзеяньні ўладаў па нэўтралізацыі пратэстоўца, настолькі ж да гэтай падзеі ўлады ігнаравалі патрэбы інвалідаў пры капітальным рамонце дому, куды Ляшэнку бяз пандуса, парэнчаў не забрацца. Да таго ж з-за вузкіх дзьвярэй Юры ня можа нават у прыбіральню заехаць на сваім інвалідным вазку.
Перапіска з чыноўнікамі выніку ня мела. Таму інвалід і выехаў на сваім вазку на цэнтральную плошчу. І здавацца не зьбіраецца:
«Я наважаны адстойваць свае права на публічныя выступы, свае правы, якія парушаныя нашымі забудоўшчыкамі, бо ўлада проста адпісваецца, не прымае прадугледжаных заканадаўствам мераў».
Інвалід апавядае, што раней яму даводзілася змагацца за будаўніцтва пандуса да аптэкі, заступацца за адвакацкую кантору, каб яе не пераводзілі ў іншае месца, нязручнае для людзей з абмежаванымі магчымасьцямі.
З аптэкай — атрымалася, а вось адвакацкую кантору з цэнтру выселілі й разьмясьцілі зусім не на першым паверсе. І цяпер інваліды самастойна дабрацца да адвакатаў ня маюць магчымасьці.
У Сьветлагорску ня толькі інвалід Ляшэнка мае вялікія нязручнасьці ў побыце. Гараджане памятаюць, як дамагаўся пабудовы пандуса да свайго жытла яшчэ адзін інвалід 1 групы — Аляксей Сушанцоў:
«Калі пачынаеш сустракацца з чыноўнікамі, яны нібыта з разуменьнем ставяцца. Кажуць: так, так. Але справа звычайна ідзе туга. Яшчэ шмат у горадзе непрыстасаваных месцаў для інвалідаў, і асабліва ў жылым фондзе. Зь ім заўсёды складана. Людзі жывуць і на другім, і на трэцім паверхах — і бязь ліфта. Я сам жыў у дзевяціпавярховіку на трэцім паверсе. Але нават калі на ліфце, то там ёсьць тыя ж сем прыступак, каб дабрацца да яго ці, наадварот, спусьціцца на панадворак».
37-гадовы Аляксей з уласнай ініцыятывы памяняўся кватэрай — пераехаў на першы паверх у іншы дом, дзе можна было зрабіць і пандус, і асобны ўваход.
Зьвяртаўся да ўладаў, але яму тлумачылі, што горад ня мае на гэта сродкаў. Тады інвалід з дапамогай сваякоў і знаёмых зрабіў усё сам. А пасьля праз суд выставіў рахунак райвыканкаму:
Прыйшлі і з управы сацыяльнай абароны, але яны чамусьці былі не на маім баку
«Пасудзіліся мы зь імі. Прыйшлі яны на суд, абараняліся. Прыйшлі і з управы сацыяльнай абароны, але яны чамусьці былі не на маім баку. Абараняліся. У іх былі аргумэнты, што грошай на будаўніцтва безбар’ернага асяродзьдзя няма, што я ўсё прыдумаў сам і як хацеў, так і пабудаваў, а яны такую самадзейнасьць не падтрымліваюць».
Інвалід Сушанцоў усё-ткі адсудзіў невялікую суму грошай у фінаддзелу райвыканкаму — за бэтон, замоўлены ў арганізацыі.
Цяпер інвалід нікому ў пад’езьдзе не перашкаджае, бо мае ў сваёй кватэры асобны выхад наўпрост на пандус. Склаўшы рукі не сядзіць: займаецца музыкай і рэпетытарствам па фізыцы.
Але чаму інваліды мусяць праз суды й пратэсты на плошчы дамагацца, каб жыць у безбар’ерным гарадзкім асяродзьдзі — тым больш што ў Беларусі ёсьць наконт гэтага адмысловая дзяржаўная праграма?
З такім пытаньнем зьвяртаюся ў камунальнае прадпрыемства «Сьветач», якое, у прыватнасьці, вядзе рэканструкцыю дома № 10 на вуліцы Леніна, дзе жыве інвалід Ляшэнка.
Адна з кіраўнікоў прадпрыемства адказвае гэтак:
«Я ня ведаю, куды хто выходзіў — на плошчу ці куды яшчэ. Мы не аддзел ідэалёгіі, мы — КЖУП „Сьветач“, робім рамонтна-будаўнічую працу. Ляшэнка зьвярнуўся — і ўсё цягам тыдня робіцца. Учора і пазаўчора будаўнікі пачалі і, магчыма, сёньня скончаць. І пандус з тратуара робяць, і парэнчы, і дзьверы пашыраюць».