Пашкадавалі грошай?
«Нам ня трэба аўтаматызаванай сыстэмы фальсыфікацыі выбараў. Ня трэба! Мы створым дзяржаўную».
Гэты забаўна-пануры ляпсус Аляксандра Лукашэнкі з 2001 году міжвольна прыгадаўся мне апошнімі днямі, калі я краем вока назіраў за палітычнай авантурай у Польшчы вакол падліку галасоў у мясцовых выбарах, якія прайшлі 16 лістапада. Стварылі б палякі такую сыстэму падліку галасоў, як у Беларусі, дык ніякіх праблемаў не было б...
А польскія праблемы пачаліся ўжо ў дзень галасаваньня, калі выявілася, што кампутарная сыстэма, якая была адмыслова падрыхтаваная для збору частковых дадзеных з тэрытарыяльных камісій, пачала даваць збоі. Ня выключана, што яна была ўзламаная хакерамі.
Пра тое, што могуць узьнікнуць цяжкасьці з кампутарным падлікам галасоў, некаторыя папярэджвалі загадзя. Справа ў тым, што стварэньне сыстэмы для апрацоўкі выбарчых зьвестак Дзяржаўная выбарчая камісія замовіла ўсяго за тры месяцы да выбараў і, відавочна, запрапанавала замалы ганарар (недзе каля 100 тысяч даляраў), бо ў конкурсе прыняла ўдзел усяго адна фірма, ня надта каб вядомая на рынку кампутарных праграмаў у Польшчы. Што больш, тэставаньне падліковай сыстэмы перад выбарамі нязьменна выяўляла нейкія памылкі. Не было моцных падставаў спадзявацца, што выбарчыя кампутары запрацуюць правільна якраз падчас выбараў. І яны не запрацавалі.
Можна лічыць і без кампутараў
Калі я браў удзел у першых дэмакратычных мясцовых выбарах у пасьляваеннай Польшчы — як кандыдат у гарадзкую раду ў Беластоку ў 1990 годзе ад беларускай палітычнай партыі — ніхто тады яшчэ ня чуў пра кампутары ў выбарчым працэсе. Галасы лічыліся ўручную вечарам пасьля нядзельнага галасаваньня на ўсіх узроўнях выбарчага працэсу — і ва ўчастковых камісіях, і ў ваяводзкіх ды ў Варшаве. Вынікі галасаваньня на кожным выбарчым участку вывешваліся ўжо ў панядзелак раніцай. Афіцыйнымі яны рабіліся празь дзень ці два.
Сёлета афіцыйныя вынікі мясцовых выбараў былі пададзеныя толькі вечарам у суботу, то бок на шосты дзень пасьля галасаваньня. І цягам тых шасьці дзён Польшчу трэсла ад гучных палітычных заяваў апазыцыі, што, маўляў, улада фальсыфікуе выбары на сваю карысьць.
Нагадаю, што Польшчай цяпер кіруе кааліцыя Грамадзянскай плятформы зь Сялянскай партыяй (абедзьве партыі — цэнтрысцкія), а ў апазыцыі знаходзяцца Права і справядлівасьць Яраслава Качынскага (правыя) і сацыял-дэмакраты. Ніхто нікога не схапіў за руку пры фальшаваньні, дый неабвержных доказаў несумленнасьці падліку галасоў няма, але тым ня менш радыкальна-правыя групоўкі арганізавалі пратэст супраць меркаванай фальсыфікацыі і нават уварваліся ў памяшканьне Дзяржаўнай выбарчай камісіі ў Варшаве. Восем зь дзевяці судзьдзяў трох найважнейшых судоў у Польшчы, якія складаюць гэтую камісію, падалі ў адстаўку. Яраслаў Качынскі ацаніў, што падлік галасоў быў «несапраўдны» і «несумленны», і заявіў, што ягоная партыя выступае за паўторныя выбары ды будзе пратэставаць у эўрапейскіх структурах і арганізуе адмысловы пратэст у Варшаве 13 сьнежня, на чарговыя ўгодкі ўвядзеньня ваеннага становішча камуністычным рэжымам у 1981 годзе. Хутчэй за ўсё — будзе чарговы вулічны закалот і бойка.
Экзыт-пол і несапраўдныя бюлетэні
На што абапіраюцца абвінавачаньні ў фальсыфікацыі выбарчых вынікаў?
Ёсьць дзьве асноўныя рэчы, якія выклікаюць зразумелы недавер сярод апазыцыі да афіцыйных вынікаў.
Па-першае, афіцыйныя вынікі разыходзяцца значна з вынікамі экзыт-полу, асабліва ў дачыненьні да апазыцыйных сілаў. Прыкладам, кандыдаты Права і справядлівасьці, паводле экзыт-полу, павінны атрымаць 31,5% галасоў, а іх афіцыйны вынік — 26,8%.
Па-другое, у гэтых выбарах афіцыйны адсотак несапраўдных бюлетэняў — 17,9% — быў выразна вышэйшы, чым раней, калі ён вымяраўся 12%-14%. Гэта, відаць, выклікала абвінавачаньні, што на нейкім этапе нехта «сапсаваў» бюлетэні, пададзеныя за апазыцыйных кандыдатаў. Ды ўсё ж гэта ніякія ня доказы фальсыфікацыі, а ўсяго матэрыял для аналізу і досьледу...
Безумоўна, увесь гэты пасьлявыбарчы шум падарваў упэўненасьць палякаў у тым, што ў Польшчы немагчыма парушыць дэмакратычныя працэдуры палітычнага жыцьця. Але — не да канца. У апытаньні, праведзеным на замову газэты Rzeczpospolita на мінулым тыдні, 59% рэспандэнтаў сказалі, што выбары ўсё ж былі сумленныя, нягледзячы на праблемы з падлікам галасоў, а толькі 29% заявілі, што ня ўсё з гэтым падлікам было правільна (у наўмысную фальсыфікацыю вераць усяго 12% апытаных). Гэта, у канчатковым выніку, даказвае, як далёка Польшча прасунулася на шляху да дэмакратыі.
Сямейнае
Калі я думаю пра тое, як далёка Польшча зайшла ў сваім дэмакратычным разьвіцьці, мне прыгадваецца адзін эпізод з дапатопнага, камуністычнага часу, калі мой бацька, які ні на якія выбары не хадзіў наогул, пастанавіў аднойчы прагаласаваць на мясцовых. Гэта быў, відаць, канец 1970-х або пачатак 1980-х. Бацькаў знаёмы з суседняй вёскі, які стаяў кандыдатам на другім месцы ў выбарчым бюлетэні, зрабіў «патаемную» выбарчую кампанію, намовіўшы сваіх сваякоў і знаёмых усё ж пайсьці на галасаваньне і паставіць «крыжык» каля ягонага прозьвішча. Калі выбарца ўкідваў незапоўнены бюлетэнь — як агітавалі рабіць камуністычныя ўлады — то голас залічваўся першаму кандыдату ў бюлетэні (вядома ж, праверанаму камуністу). У нашай вёсцы выбарчага ўчастку не было, і бацька паехаў роварам у вёску Янова, кілямэтраў за 5-6 ад нашага хутару. Але па дарозе ён сустрэў аднавяскоўца, які якраз адтуль вяртаўся. «Валодзя — сказаў той чалавек майму бацьку — калі ты едзеш на галасаваньне, то не марнуй часу і вяртайся дахаты. Я ўжо там быў і прагаласаваў за ўсю нашу вёску».
Мама потым доўгі час пакеплівала з бацькі, нагадваючы яму, чым закончылася ягонае памкненьне прыняць удзел у бутафорскім палітычным жыцьці камуністычнай дзяржавы. Але калі камунізм рассыпаўся, мама, пераехаўшы ў горад на схіле 1990-х, пачала хадзіць на ўсе выбары, прэзыдэнцкія, парлямэнцкія і мясцовыя. І заўзята намаўляла хадзіць мяне, калі я, дзеля жарту, наўмысна цьвяліў яе цынічнымі заўвагамі, што мне ўсё роўна, хто будзе кіраваць Польшчай — правыя, левыя ці цэнтрысты. «Слухай, — казала мне мама, — кожны голас мае значэньне. Нельга ж дапусьціць, каб выйгралі тыя з...» І тут гучала назва правай, больш ці менш клерыкальнай партыі, якой, паводле маёй мамы, беларусы і ўсе цьвярозыя людзі ў Польшчы павінны загарадзіць дарогу да ўлады.
Мама, якой сёньня 82 гады, выбіралася і на гэтыя выбары, нягледзячы на тое, што некалькі тыдняў раней пакалечыла нагу і яшчэ яе ня вылечыла. Яна папрасіла ўнука, каб той завёў яе на выбарчы ўчастак. На жаль, у дзень выбараў мама адчула сябе настолькі дрэнна, што не рызыкнула ісьці нават з унукам пад руку...
Мне здаецца, варта было дажыць да часу, у якім, як кажа мая мама, «кожны голас мае значэньне». Калі добра падумаць, дык гэта цалкам неблагое вызначэньне дэмакратыі як такой, праўда?
Польшча не разваліцца, а наадварот — узмоцніцца
«Я падазраю нейкую дывэрсію. Немагчыма так заваліць [справу]», — пракамэнтаваў скандал з падлікам галасоў былы прэзыдэнт Польшчы Лех Валэнса ў характэрным для сябе стылі. Але патрабаваньні некаторых апазыцыйных палітыкаў, каб паўтарыць мясцовыя выбары, ён назваў «несур’ёзнымі».
Зрэшты, няма законнай падставы, каб такі паўтор выбараў арганізаваць. Трэба было б прыняць адпаведны закон, а гэтага ня зробяць ні Грамадзянская плятформа, ні Сялянская партыя — яны маюць большасьць у Сэйме і на мясцовых выбарах атрымалі неблагія вынікі, якія цалкам іх задавальняюць (Грамадзянская плятформа — 27,3%; Сялянская партыя — 8,8%).
А цяпер пра самае істотнае. Увесь гэты скандал з аварыяй падліковай кампутарнай сыстэмы моцна засланіў для назіральнікаў, як мне падаецца, найважнейшы вынік, які яшчэ давядзецца асэнсаваць партыйным і іншым аналітыкам.
Што тычыцца мясцовых выбараў, дык у Польшчы паволі канчаецца дыктат агульнапольскіх палітычных партыяў. У гэтых выбарах фактычна трэцяй палітычнай сілай, пасьля Грамадзянскай плятформы і Права і справядлівасьці, стаў нефармальны альянс пад назвай Паразуменьне гарадзкіх рухаў (Porozumienie Ruchów Miejskich), які складаюць мясцовыя грамадзянскія ініцыятывы і групоўкі, зьвязаныя геаграфічна з канкрэтнымі гарадамі і рэгіёнамі. Як падаецца, польскія выбарцы ў гэтых выбарах зразумелі мацней, чым калі-небудзь раней, што дэмакратыя — гэта справа, якая ў першую чаргу датычыць таго, што робіцца ў месцы, дзе яны жывуць, а не таго, што адбываецца на партыйных кангрэсах і парлямэнцкіх сэсіях у сталіцы. Калі гэта сапраўды так, то палякі зрабілі яшчэ адзін выразны крок, каб аддаліцца ад таталітарнай сьвядомасьці мінулага часу і ад мысьленьня, якое зьвязвала перамены ў краіне перш за ўсё або і выключна са зьменай цэнтральнай улады.
Што й казаць, беларусам такое яшчэ і ня сьнілася.