Пасла Беларусі ва Ўкраіне Валянціна Вялічку 24 лістапада выклікалі ў Міністэрства замежных спраў Украіны ў сувязі з інцыдэнтамі з украінскімі сьцягамі на канцэрце «Акіяна Эльзы» ў Менску.
Пра гэта паведаміў прэс-сакратар украінскага МЗС Яўген Перабійніс.
«Ён быў запрошаны ў МЗС для таго, каб патлумачыць прычыны такіх паводзінаў беларускіх міліцыянтаў на гэтым мерапрыемстве. Тлумачэньне было такое ж, як і ў МЗС у твітэры. Ён адказаў, што існуюць інструкцыі, якія забараняюць выкарыстаньне сьцягоў на такіх масавых мерапрыемствах.
Але тут нават справа не ў інструкцыях, а ў тым, што, сапраўды, была прадэманстравана пэўная непавага да дзяржаўных сымбаляў прыязнай суседняй краіны. Менавіта ў гэтым і палягала наша пытаньне. Таму мы спадзяёмся, што будуць зробленыя пэўныя высновы», — цытуе БелаПАН прэс-сакратара МЗС Украіны.
Юбілейны канцэрт «Акіяна Эльзы», які прайшоў 21 лістапада ў «Менск-Арэне», супаў з Днём годнасьці і свабоды, які ў гэтым годзе ўпершыню адзначаўся ва Ўкраіне ў сувязі з гадавінай Майдану. Некаторыя прыхільнікі гурту несьлі на канцэрт дзяржаўныя сьцягі і іншую сымболіку Ўкраіны, якую канфіскоўвалі ля ўваходу ў «Менск-Арэну» супрацоўнікі АМАПу. Інцыдэнты працягваліся і ў зале, куды некаторым гледачам усё ж удалося пранесьці сьцягі і стужачкі нацыянальных колераў Украіны.
На запыт прадстаўніка ўкраінскага МЗС зьявіўся адказ у твітэры МЗС Беларусі:
«Паводле дадзеных МУС, калі на канцэрце аншляг, тое самае было б і з нашым сьцягам, каб не замінаў гледачам. Любяць у нас „Акіян Эльзы!»
Як патлумачыў Дзьмітры Мірончык Інтэрфаксy, на канцэрне «Акіяна Эльзы» ў Менску было больш за 14 тысяч гледачоў. Маўляў, з-за аншлягу ў залі міліцыянты прасілі гледачоў пакінуць перад уваходам у залю сьцягі і расьцяжкі, каб не перашкаджаць адзін аднаму.