«У нашу мужчынскую камэру апалчэнцы кінулі згвалтаваную імі дзяўчыну»

Прарасейскі сэпаратыст у двары турмы строгага рэжыму ў Данецку

Што такое вязьніца ў ваенны час, чым адрозьніваецца турэмнае зьняволеньне ад ваеннага палону? Сёньня такі досьвед маюць нашы суседзі-ўкраінцы. Але ня толькі яны. Сярод удзельнікаў сёньняшняй праграмы — менскі журналіст Зьміцер Галко і маскоўскі гісторык і журналіст Уладзімер Максакаў. якія падчас знаходжаньня ў зоне АТА, апынуліся ў няпростай сытуацыі. І Зьміцер, і Ўладзімер былі затрыманыя прадстаўнікамі сэпаратысцкіх сілаў. Уладзімер нават цягам тыдня ўтрымліваўся ў сумна вядомай ваеннай турме «Яма». Цяпер на тэрыторыі самаабвешчаных Данецкай ды Луганскай «народных рэспублік» баевікам падкантрольныя ня толькі ваенныя вязьніцы, але і каля 30, так бы мовіць, цывільных калёніяў ды СІЗА. Украінскіх законаў паўстанцы не прызнаюць. Усё часьцей за краты кідаюць тых, хто «асуджаны імем ДНР і ЛНР».

Ад гвалту ў гэтак званай «ДНР» сёньня не застрахаваны ніхто

Карэспандэнт выданьня «Новы час» Зьміцер Галко нядаўна вярнуўся ўжо з другой па ліку трохмесячнай камандзіроўкі ва Ўсходнюю Ўкраіну. Бачыў на свае вочы, што там адбываецца. Кажа, што ўсё магло скончыцца кепска для яго, але абышлося.

Зьміцер Галко. Вячэра з салдатамі

«Мне ў гэтым сэнсе моцна пашанцавала, магло б не пашанцаваць. Літаральна празь некалькі дзён, як забілі дэпутата Рыбака, калі ўжо схапілі Сяргея Лефтэра, журналіста са Львова, які вельмі доўга быў у палоне, яшчэ былі розныя выпадкі — і тут у мяне атрымалася імправізаваная хітрасьць тады ў траўні ў Славянску. Гэтыя людзі былі прышлыя. А я быў з замежнымі журналістамі, з французам ды італьянцам. Гэта былі не апалчэнцы ніякія, а групоўка, якая прыйшла з Крыму, тыя вядомыя пяцьдзясят чалавек, якія захапілі Славянск. А я пачаў пытацца ў іх: хлопцы, вы адкуль, хто вы, што вы? У той час троху прысароміла іх гэтае пытаньне, яны не ўзялі ў мяне нават дакумэнтаў. Яны правяралі толькі француза і італьянца. І ўрэшце, думаючы, што я мясцовы чалавек, які ходзіць з журналістамі, дапамагае, яны нас адпусьцілі.

А вось знаёмага журналіста схапілі, працягвае Зьміцер Галко:

«Але мой знаёмы журналіст з Расеі, з Масквы, але апазыцыйны — незадоўга да таго як затрымлівалі нас, яго схапілі ў Славянску. Прыводзілі ў памяшканьне, дзе сядзеў Лефтэр са зьвязанымі рукамі, з заклееным скотчам ротам. Ну, а мне пашанцавала, бо ўсё абышлося страхам збольшага. Яны тады былі яшчэ самі троху ў разгубленасьці, яшчэ не асвоіліся на мясцовасьці. Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, калі мы вярталіся з часткі Данбасу, якую кантралюе Ўкраіна, у Данецк і нас затрымалі ўначы на блёкпосьце гадзіны на дзьве, праверка была больш пільная, і агрэсіі значна больш, і падазронасьць да мяне».

Зьміцер Галко з абаронцамі данецкага аэрапорта, кібаргамі, як іх называюць у народзе

Але ўсё абышлося і тым разам. Аднак ніхто сёньня не застрахаваны ад гвалту ў гэтак званай «ДНР». Зьміцер Галко расказвае пра сваіх украінскіх сяброў:

«Сямейная пара, якая засталася ў Данецку, вельмі праўкраінская, да апошняга часу ў іх на бальконе вісеў украінскі сьцяг. Яны засталіся, бо ў іх там дзядуля вельмі стары, гадоў яму 92 ці 94, яны проста ня могуць зьехаць. І хлопец вяртаўся зь лецішча пад Данецкам пасьля дзявятай ці дзясятай гадзіны на ровары. Цяпер лецішча, праўда разбомбленае. І яго прынялі за карэкціроўшчыка. Вырашылі, што ён карэкціроўшчык агню, схапілі, выбілі зуб ці два. І ўрэшце пратрымалі некалькі тыдняў. Прычым доўга было невядома: гэта ж не афіцыйная служба, не міліцыя, нельга патэлефанаваць на нейкі нумар і табе скажуць: так, затрыманы. Колькі дзён яго жонка не магла знайсьці. Ён мог і загінуць. Ну, але, пахадзіўшы, пашукаўшы, яна даведалася, што ён схоплены. Як „карэкціроўшчыка“ яго спачатку білі, а потым яны нібыта разабраліся, але не адпусьцілі, а пакінулі капаць акопы вакол Данецку».

Паводле беларускага журналіста, там, дзе «няма ўжо ніякай дзяржавы, няма ніякага нармальнага жыцьця, бяспраўны ды прыніжаны чалавек, хутчэй за ўсё, пойдзе туды, дзе кормяць, дзе даюць зброю, якая дае магчымасьць пракарміцца. Натуральна, гэта вельмі небясьпечна. Калі ж параўноўваць з эпохай рэпрэсіяў, то на Данбасе вельмі хутка прайшоў гэты цыкль, калі спачатку ты рэпрэсуеш, а потым рэпрэсуюць цябе. У 1920–30-я гады гэта праходзілі. А тут жа ўсё вельмі хутка: пастаянна гэта адбываецца. Калі арыштоўваюць тых, хто першым прыходзіў, зьнішчаюць банды ці фармаваньні ўзброеныя. Вельмі хутка адбываецца гэта».

У палоне ў любы момант могуць прыстрэліць

У чым адрозьненьне турмы, куды чалавек трапляе празь міліцыю і суд, ад палону, які стаў звычайнай справай у «ДНР» і «ЛНР»? На гэтае пытаньне менскі журналіст Зьміцер Галко адказвае так:

«Самае галоўнае адрозьненьне, чаму і я перажыў такі моцны страх у двух выпадках, — у тым, што вакол цябе людзі са зброяй. Ніякай афіцыйнай арганізацыі і дзяржавы яны не прадстаўляюць. І тут няма ніякіх правілаў, абсалютна незразумела, чым усё скончыцца. Вось ты стаіш, а ў наступны момант цябе могуць прыстрэліць. Калі нас другі раз затрымалі — на блёкпосьце, калі ім проста нешта падалося, яны навялі на нас аўтаматы і рабілі выгляд, што будуць страляць. Поўная адсутнасьць правілаў гульні, незразумела, што з табой будзе».

Яшчэ адзін удзельнік перадачы — маскоўскі гісторык і журналіст Уладзімер Максакаў сёлета ў жніўні тыдзень адседзеў у склепе данецкай вязьніцы для ваенных злачынцаў «Яма», што ў былым будынку СБУ. Як і Зьміцер Галко, ён таксама кажа, што перажыў моцнае пачуцьцё страху. Прыводзіць словы колішніх сукамэрнікаў, што любая турма ў параўнаньні зь «Ямай» — гэта як месца адпачынку.

Уладзімер Максакаў

У «Наваросіі» Ўладзімера, які ехаў туды, каб на свае вочы ўбачыць, як робіцца новая гісторыя, і даведацца пра праўду на вайне, затрымалі як карэкціроўшчыка. У ДНР, сьведчыць ён, ваенныя злачынцы бываюць пераважна дзьвюх катэгорыяў — карэкціроўшчыкі ды наводчыкі, што, зрэшты, амаль адно і тое ж.

Уладзімер Максакаў: «Цалкам відавочна, што выведка і контравыведка пастаўленыя ў ДНР на шырокую нагу, працуюць вельмі добра. Так, я стаў ахвярай шпіёнаманіі. Усё б можна было сьпісаць на карантын, калі б гэта не працягвалася 6 сутак, зь іх двое — безь сьвятла, і калі б я ня быў сьведкам катаваньняў, згвалтаваньняў, зьдзекаў у вядомым будынку ваеннай турмы „Яма“, што на вуліцы Шчорса. Прыкладна за кілямэтар ад „Ямы“ хадзілі назіральнікі ад АБСЭ і чуць ня чулі пра тое, што дзеецца ў яе падвалах».

РС: «Якія былі ўмовы вашага ўтрыманьня?»

Уладзімір Максакаў: «Гэта склеп, які, мяркуючы па ўсім, выкарыстоўваўся як турма, яшчэ калі ў гэтым будынку была ўласна СБУ. Умовы жахлівыя. Камэры прыкладна тры на паўтара мэтры, ані ўстаць у поўны рост, ані легчы, ані выцягнуцца нельга, ані нармальна пасядзець. Спалі мы на нейкіх абломках пенаплясту, нейкіх іншых будматэрыялах... Адно вельмі добра — там не было вошай. У камэру набівалася да 10 чалавек, вядома, было вельмі душна, непрыемна, вельмі страшна. Амаль двое першых сутак не было сьвятла. Але мне вельмі пашанцавала зь людзьмі. У мяне былі вельмі добрыя сукамэрнікі. Думаю, бязь іх я б ня выжыў».

«У Бога там пачынаеш па-сапраўднаму верыць»

Хто яны — тыя людзі, зь якімі сядзеў у адной камэры Ўладзімер Максакаў?

Уладзімір Максакаў: «Гэта працэнтаў на 90 цалкам выпадкова затрыманыя людзі, якія праходзяць карантын і іх правяраюць як карэкціроўшчыкаў-наводчыкаў. Некаторыя абвінавачаньні зусім абсурдныя. Адзін мясцовы мужчына быў затрыманы за гучную сварку з жонкай. Мясцовага вартаўніка ўзялі за тое, што ён занадта добра выконваў свае службовыя абавязкі і ноччу хадзіў па складзе зь ліхтарыкам і сьвяціў. Іншыя абвінавачаньні фармальна нашмат больш сур’ёзныя. Напрыклад, дзяўчына Аня, якая адзначыла крыжыкам месцазнаходжаньне нейкіх стратэгічна важных аб’ектаў на тэрыторыі Данецку, гэтая мапа засталася на ўкраінскім блёкпосьце разам з нумарам яе мабільнага тэлефона, яе такім чынам знайшлі, а потым катавалі ды гвалтавалі ў гэтай турме. Рабілі гэта, як я разумею, апалчэнцы. Аня сядзела ў нашай мужчынскай камэры. Натуральна, з маіх сукамэрнікаў да яе ніхто пальцам не дакрануўся, да яе было падкрэсьлена ветлівае, карэктнае, добрае стаўленьне.

Таксама ў нашай кампаніі быў хлопец, які засьвяціўся ў адной з груп „Правага сэктару“. Ён быў вельмі жорстка зьбіты турэмнікамі. Я бачыў яго спаласаваную сьпіну. Гэта жахліва. Мяркую, што яго білі мэталічным дубцом. Але, дзякуй Богу, ён фізычна даволі моцны, таксама вернік. Мне пры затрыманьні далі магчымасьць узяць з сабой малітоўнік, мы зь ім кожны вечар маліліся, бо нам было вельмі страшна, у Бога там пачынаеш па-сапраўднаму верыць. Гэты хлопец правёў на „Яме“ агулам больш за два месяцы».

РС: «Хто былі людзі, якія вас дапытвалі?»

Уладзімір Максакаў: «Фармальна допыту як такога не было. Пры затрыманьні была як бы тлумачальная гутарка зь вельмі жорсткім псыхалягічным ціскам, калі мне намякалі вельмі празрыста на магчымасьць таго, што мяне пазбавяць жыцьця. Допытаў з ужываньнем нейкіх мераў фізычнага ўзьдзеяньня — гэтага не было. Я як шпіён ці то нікога не цікавіў, ці то мяне ўсур’ёз не ўспрымалі і проста вырашылі папалохаць. Хто былі гэтыя людзі? На самай справе цяжка сказаць. Зразумела, яны ўсе па пазыўных, мы ня ведалі іхніх сапраўдных імёнаў. Сваіх твараў яны не хавалі. Нехта быў у вайсковым адзеньні, нехта ў цывільным, нехта паводзіў сябе падкрэсьлена ветліва, карэктна, ня лаяўся матам, нехта, наадварот, пагражаў фізычнай расправай. Гэтыя людзі рабілі ўражаньне прафэсійных супрацоўнікаў расейскіх спэцслужбаў. Яны размаўлялі па-расейску без усялякага акцэнту. Па-другое, нехта дзяліўся нейкімі ўрыўкамі асабістых гісторыяў — маўляў, навошта ён туды паехаў. Па гэтых абрыўках я разумеў, што перада мной прафэсіяналы высокага ўзроўню. Я не скажу, што былыя кадэбэшнікі, але, несумненна, тыя, хто прайшоў школу прафэсійнай выведкі і цяпер займаўся ў ДНР прыкладна тым жа самым, чым калісьці займаліся ў Расеі. Я цалкам магу дапусьціць, што ў сябе дома яны прадалі кватэры, нейкія рэчы, зьяжджалі ў ДНР фактычна на сталае месца жыхарства. Будаваць „Наваросію“».

Я цалкам магу дапусьціць, што ў сябе дома яны прадалі кватэры, нейкія рэчы, зьяжджалі ў ДНР фактычна на сталае месца жыхарства. Будаваць „Наваросію“

РС: «То бок гэтыя людзі ідэйныя, яны вераць у „Наваросію“? Або яны паехалі туды, як вы напісалі ў сваіх нататках, нешта сабе „адціснуць“»?

Уладзімір Максакаў: «Я думаю, што „адцісканьнямі“, то бок экспрапрыяцыяй машын, маёмасьці і гэтак далей (але гэта маё галаслоўнае сьцьвярджэньне) збольшага займаліся мясцовыя добраахвотнікі, уласна апалчэнцы».

РС: «Скажыце, а нехта з украінскіх ваеннапалонных з вамі быў у камэры?»

Уладзімір Максакаў: «Так, два чалавекі. Я, шчыра кажучы, баюся схлусіць, ці білі іх — хутчэй, не. Але, адрозна ад нас, у дачыненьні да ваеннапалонных вельмі строга выконвалася распараджэньне Стралкова, дадзенае, па-мойму, яшчэ ў канцы ліпеня. Абыходзіліся зь імі значна лепш, чым з намі, ім быў адведзены цэлы паверх. Іх было даволі шмат, парадку 170 чалавек, усе на адным паверсе. У іх былі нармальныя ложкі, гэта значыць — яны ня спалі на падлозе, іх нармальна выводзілі ў прыбіральню, нармальна кармілі».

РС: «А вас як кармілі, калі кармілі?»

Уладзімір Максакаў: «Колькасна кармілі нармальна. Якасна ежа, зразумела, пакідала жадаць лепшага — баланда. Спачатку развозілі ежу двойчы на дзень, потым сталі дадаваць трэцюю кармёжку. І, адпаведна, вадзілі ў прыбіральню на парашу — спачатку двойчы на дзень, потым ужо тройчы. Самай адчувальнай праблемай быў недахоп сьвежай вады — гэта ўвогуле праблема Данецку, дзе месцамі даволі сур’ёзна пашкоджаны водаправод. Потым, дзякуй Богу, гэта неяк адрэгулявалі. І ў гэтым сэнсе аб’ектыўна дапамагае гуманітарная дапамога з Расеі, каб нейкія мясцовыя, зусім мірныя жыхары, якія ні да чога ня маюць дачыненьня, не пакутавалі ад смагі».

РС: «Нейкія перадачы дазвалялі перадаваць тым, хто сядзіць у гэтай турме? Наагул людзі ведаюць, што нехта арыштаваны, напрыклад, сваякі зь мясцовых у тым жа Данецку?»

Уладзімір Максакаў: «Спачатку перадач не было. Спачатку, я думаю, вельмі мала хто ведаў пра арыштаваных. Натуральна, пра затрыманьні не паведамляецца, павінен прайсьці некаторы час, каб нехта забіў трывогу, куды зьнік чалавек. Высьветліць гэта можна, мяркуючы па ўсім, празь вельмі доўгія, зьвілістыя каналы. Ужо прыкладна праз тыдзень пасьля таго, як мяне выпусьцілі, быццам бы сталі вывешваць сьпісы затрыманых. На свае вочы я тых сьпісаў ня бачыў, але каля будынку былой СБУ, як правіла, заўсёды дзяжурыла невялікая група жанчын — гэта маці, сёстры, жонкі ўкраінскіх ваеннапалонных. Гэта такі тоненькі канал сувязі. Празь іх можна атрымаць нейкую інфармацыю. Напрыклад, калі некага вызваляюць, яны даведваюцца, хто яшчэ сядзіць у той жа камэры...»

«Для злачынцаў няма межаў»

Праваабаронца і юрыст Людміла Клачко з Хэльсынскай групы ў Харкаве адзначае, што «беспредел» сёньня адбываецца ня толькі ў падвалах «Ямы». Прыкладна 15 тысяч украінцаў з розных куткоў краіны, якія адбываюць пакараньне ў папраўчых установах Луганскай і Данецкай абласьцей, а таксама падсьледныя СІЗА жывуць надгаладзь, п’юць іржавую дажджавую ваду і з раніцы да ночы разьбіраюць завалы або капаюць акопы пад аўтаматамі апалчэнцаў. На яе думку, час, калі сядзельцаў малой крывёю можна было эвакуаваць у Цэнтральную Ўкраіну, страчаны. Тым часам крымінальнікі, сярод якіх ёсьць і пажыцьцёвікі, дзякуючы сябрам-баевікам гуляюць на волі, а вязьні, якім належала вызваліцца паводле травеньскай амністыі, застаюцца за кратамі.

Your browser doesn’t support HTML5

Людміла Клачко пра зьняволеных, што трапілі пад кантроль тэрарыстаў

Колішні начальнік менскай «Валадаркі», які перад гэтым кіраваў папраўчай калёніяй строгага рэжыму ў Навасадах, а яшчэ раней працаваў у турмах Казахстану, Алег Алкаеў ацэньвае сытуацыю як небясьпечную ня толькі для Ўкраіны. Ён дапускае, што пры цяперашняй празрыстасьці межаў з натоўпам цывільных уцекачоў у суседнія краіны могуць прыбываць і ўцекачы-крымінальнікі.

«Гэта толькі для нармальных, законапаслухмяных людзей існуюць замкі ды межы. Для злачынцаў такой устаноўкі няма... У канкрэтнай сытуацыі ўсё далёка ня так ужо і бясьпечна», — адзначае Алкаеў:

Your browser doesn’t support HTML5

Алег Алкаеў: Мяжа для нармальных людзей, для бандытаў такой устаноўкі няма

«Турмы корміць Украіна, а грошы турэмнікам плацяць баявікі»

«У сэпаратыстаў зьяўляецца ўсё болей атрыбутаў улады, — з жалем канстатуе былы кіраўнік пэнітэнцыярнай сыстэмы Ўкраіны Сяргей Старэнькі. — У самаабвешчаных рэспубліках ужо ёсьць свая міліцыя, суды, а цяпер і турмы. На ўсходзе Ўкраіны традыцыйна знаходзілася найбольшая колькасьць папраўчых установаў. Сёньня пад кантролем баевікоў — 14 калёніяў ды СІЗА на тэрыторыі ДНР і столькі ж на тэрыторыі ЛНР. Таксама створаны ваенныя турмы. Небясьпека сытуацыі ў тым, што дзяржава пачынае сваё існаваньне, калі ў яе зьяўляецца турма».

Сяргей Старэнькі (Сергій Старенький)

Як сьведчыць экспэрт, сёньня ў месцах пазбаўленьня волі на Данбасе шмат падставаў для масавых бунтаў. Па-першае, голад. Паступаюць сыгналы, што зэкі ядуць нават клейстэр. За пастаўку харчаваньня ў турмы на тэрыторыі АТА па-ранейшаму адказвае Кіеў. Ён і накіроўвае туды прадукты. Аднак на мяжы адбываецца зьмена канвою ды кіроўцаў транспарту. Пракантраляваць, у якім аб’ёме пастаўкі трапляюць па прызначэньні, — немагчыма. Яшчэ адна вялікая праблема, зь якой неўзабаве сутыкнуцца турмы на тэрыторыі самаабвешчаных рэспублік, — гэта ацяпленьне. Каб ня сёлетняя цёплая восень, то магчыма было, што запасы вугалю скончацца ўжо ў сярэдзіне сьнежня.

Your browser doesn’t support HTML5

Сяргей Старэнькі

Былы кіраўнік украінскай турэмнай сыстэмы адзначае, што пасьля спыненьня выплат заробкаў работнікам калёній ды турмаў многія кваліфікаваныя супрацоўнікі звольніліся і зьехалі, а тыя, што засталіся, перайшлі на бок самаабвешчаных рэспублік.

«Згодна з законамі Ўкраіны там ужо ніхто не жыве. Са зьняволенымі сэпаратысты паступаюць як хочуць. Пагражаючы зброяй работнікам турмаў, яны вызваляюць сваіх знаёмых і сяброў, нават нягледзячы на тое, што ў некаторых пажыцьцёвы тэрмін. Вядомыя выпадкі, калі вайскоўцам ДНР і ЛНР паступаюць „замовы“ ад сваякоў ахвяр, і яны за ўзнагароджаньне забіваюць таго, на каго ім пакажуць. Што да зэкаў, якія застаюцца за кратамі, то сэпаратысты выкарыстоўваюць іх для „чорнай“ працы, напрыклад, для таго каб хаваць трупы», — тлумачыць Старэнькі.