«Прэзыдэнт Украіны прыняў рашэньне прысвоіць званьне Героя Украіны ўсім Героям Нябеснай Сотні. Пра гэта ён паведаміў сваякам загінулых», — напісаў Сьвятаслаў Цаголка.
Падчас найбольш масавых акцый пратэсту ў гісторыі Ўкраіны ў студзені-лютым 2014 году на вуліцах у цэнтры Кіева байцы вернага прэзыдэнту Віктару Януковічу спэцназу міліцыі застрэлілі больш за сто бяззбройных удзельнікаў акцый пратэсту. Пазьней іх сталі называць Нябесная Сотня.
20 лістапада Кіеўская рада перайменавала частку вуліцы Інстытуцкая ў Кіеве ў алею Герояў Нябеснай Сотні.
Сярод герояў Нябеснай сотні ёсьць і грамадзянін Беларусі, ураджэнец Гомельскай вобласьці Міхал Жызьнеўскі, які загінуў 22 студзеня 2014 году адным зь першых сярод удзельнікаў Майдану.
Пра гэта сёньня паведаміў у Твітэры прэсавы сакратар Пятра Парашэнкі Сьвятаслаў Цаголка.