Супраць палітвязьня Дзядка пачалі новую справу

Мікалай Дзядок

20 лістапада палітвязьню Мікалаю Дзядку прад’явілі новае абвінавачваньне па частцы 1 артыкула 411 Крымінальнага кодэксу — злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы.

Пра гэта бацькам Мікалая паведаміў дзяржаўны адвакат, якога выклікалі для прад’яўленьня абвінавачваньня. Справа была заведзена 13 лістапада. Неўзабаве палітвязьня перавядуць у СІЗА як падсьледнага.

Дагэтуль Дзядок правёў 8 сутак у штрафным ізалятары, а потым быў пераведзены ў адзіночную камэру.

Мікалай павінен быў выйсьці на волю 3 сакавіка 2015 году. Аднак новае абвінавачаньне можа пакінуць яго за кратамі на дадатковы тэрмін да аднаго году.

Мікалай Дзядок ня першы з палітычных вязьняў, да каго прымяняецца гэты артыкул. Раней па ім судзілі Зьмітра Дашкевіча. Суд быў закрытым і праходзіў на тэрыторыі калёніі. Праваабаронцы асьцерагаюцца, што гэтак жа могуць судзіць і Мікалая Дзядка.

Мікалай Дзядок асуджаны на 4,5 году зьняволеньня за хуліганскія дзеяньні адносна афіцыйных будынкаў. Палітвязень сваёй віны не прызнаў і адмаўляецца падпісваць прашэньне аб памілаваньні. Трымаюць Мікалая Дзядка ў магілёўскай турме.