Усяго, паводле віцебскай міліцыі, удзельнікаў несанкцыянаванай акцыі было сямёра — тых, каго міліцыянты нейкім чынам пазналі па фатаздымках. Праваабаронца, трое журналістаў, дзьве грамадзкія актывісткі і невядомы мінак, які ўпадабаў ідэю сфатаграфавацца разам каля зачыненага на рэстаўрацыю Дома культуры, паведамляе праваабарончая арганибізацыя «Вясна».
Ідэя фатасэсіі заключалася ў тым, каб працягнуць тэму, узьнятую невядомым мастаком-графіцістам: ён намаляваў, як зробленая з газэты птушка вырываецца з клеткі. Удзельнікі фатасэсіі таксама трымалі ў руках папяровыя клеткі і зробленых з газэты птушак-арыгамі. Фатаздымкі былі разьмешчаныя ў сацыяльнай сетцы «Фэйсбук» на старонках некаторых журналістаў. Цяпер на гэтых людзей завялі адміністрацыйныя справы за правядзеньне несанкцыянаванай акцыі паводле артыкула 23.34 КаАП.
Суд над Аленай Шабуняй прызначаны на 28 лістапада. У той самы дзень за тое самае правапарушэньне будуць судзіць і журналістку Алену Сьцяпанаву. Віцебская каардынатарка аргкамітэту па стварэньні партыі БХД Тацяна Севярынец мусіць зьявіцца ў суд 1 сьнежня.
Днём раней пра даты судоў даведаліся журналісты Зьміцер Казакевіч і Кастусь Мардзьвінцаў (28 лістапада і 1 сьнежня адпаведна).
Сэрыя фатаздымкаў, якія ў міліцыі лічаць «доказамі правапарушэньня», упершыню была апублікаваная на старонцы «Нашы ў горадзе» ў сацыяльнай сетцы «Фэйсбук». Яна называецца «Фатасэсія на фоне любімага гарадзкога графіці».