Пэрспэктывы ўзаемадзеяньня паміж Беларусьсю і Эўразьвязам, у тым ліку ўдзел Беларусі ў ініцыятыве «Ўсходняе партнэрства», абмеркавалі сёньня ў Менску міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей і дырэктар дэпартамэнту Расеі, «Усходняга партнэрства», Цэнтральнай Азіі, рэгіянальнага супрацоўніцтва і АБСЭ Эўрапейскай службы зьнешніх дзеяньняў Гунар Віганд.
Паведамленьне пра гэта зьявілася на афіцыйным сайце Міністэрства замежных спраў.
Радыё Свабода зьвярнулася да прэсавага сакратара зьнешнепалітычнага ведамства Беларусі Дзьмітрыя Мірончыка з пытаньнем, ці можа ён дадаць нешта да гэтага паведамленьня. Афіцыйны прадстаўнік МЗС адказаў:
«У спадара Віганда ў нашым міністэрстве адбудзецца яшчэ адна сустрэча. Яго прыме намесьніца міністра замежных спраў Алена Купчына, якая курыруе эўрапейскі кірунак дзейнасьці МЗС. Мяркуецца, што падчас гэтай гутаркі тэма супрацы Беларусі і Эўразьвязу будзе абмяркоўвацца больш паглыблена. Адпаведна, і паведамленьне пра гэтую сустрэчу мы плянуем зрабіць больш пашыраным».
З кім яшчэ спадар Віганд будзе сустракацца ў Беларусі?
Кіраўнік руху «За свабоду» Аляксандар Мілінкевіч сказаў Свабодзе, што ні яго асабіста, ні прадстаўніка руху на сустрэчу з брусэльскім чыноўнікам не запрашалі.
Старшыня АГП Анатоль Лябедзька адзначыў: «Раней нас запрашалі на сустрэчы зь Вігандам за тыдзень-два да ягонага прыезду. Пакуль у мяне ніякага запрашэньня няма. Наагул, складаецца ўражаньне, што пазьбяганьне сустрэч з апазыцыяй стала новай прыкметай брусэльскай дыпляматыі».
Не атрымаў запрашэньня на сустрэчу зь Вігандам і старшыня партыі БНФ Аляксей Янукевіч.
Паводле не пацьверджанай пакуль інфармацыі, эўрапейскі чыноўнік у Менску сустракаецца з аналітыкамі і праваабаронцамі.
Учора дырэктар Цэнтру эўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў выказаў Свабодзе зьдзіўленьне, што візыт Гунара Віганда пакрыты таямніцай:
«Дастаткова дзіўная сытуацыя з прыездам досыць высокага эўрапейскага чыноўніка. Чамусьці ўсё трымаецца ў таямніцы. Наколькі мне вядома з маіх вартых даверу крыніцаў, спадар Віганд сёньня сустракаецца з асобнымі прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасьці. Аднак ні Нацыянальная плятформа, якая існуе ў межах Форуму грамадзянскай супольнасьці „Ўсходняга партнэрства“, ні прадстаўнікі праекту „Рэфорум“, які зьвязаны з падтрымкай „Эўрапейскага дыялёгу па мадэрнізацыі“ „Ўсходняга партнэрства“, на гэтую сустрэчу не запрошаныя. А такія структуры, дачынныя да ініцыятываў „Усходняга партнэрства“, павінны быць на падобных сустрэчах, і іх пазыцыя павінна ўлічвацца на тых перамовах, якія будзе весьці Гунар Віганд з кіраўніцтвам Беларусі.
Да таго ж на сустрэчы спадара Віганда з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасьці будзе весьціся абмеркаваньне такіх крыху дзіўных пытаньняў, як, да прыкладу, пэнсійная рэформа, дыспрапорцыя разьвіцьця беларускіх рэгіёнаў, Балёнскі працэс. Ніякага абмеркаваньня сытуацыі з правамі чалавека, палітычнай сытуацыі, наколькі мне вядома, там няма».