У Беларусі скарацілі буфэрныя зоны вакол сьвінакомплексаў. Калі раней вяскоўцам было забаронена трымаць сьвіней за 5 і менш кілямэтраў ад фэрмаў, то цяпер гэтую адлегласьць скарацілі да 0,5 кілямэтра. Як на зьмены адрэагавалі жыхары Бярозаўшчыны — рэгіёну, дзе найбольш пратэставалі супраць буфэрнай зоны?
У выніку зьмяншэньня буфэрных зонаў вакол сьвінакомплексаў у Бярозаўскім раёне Берасьцейшчыны змогуць трымаць сьвіней на ўласных падворках жыхары 17 вёсак. Больш як паўтара года таму гэтыя сяляне на загад мясцовых уладаў мусілі перабіць сваіх сьвіней — толькі таму, што іх жытло трапляла ў пяцікілямэтровую зону вакол мясцовых фэрмаў.
Улады гэтак засьцерагаліся ад афрыканскай чумы сьвіней. І хоць падобныя захады рабіліся на тэрыторыі ўсёй Беларусі, найбольшыя хваляваньні, якія ў журналістаў атрымалі назву «сьвіныя бунты», адбываліся ў Бярозаўскім раёне.
Жыхары мястэчка Малеч некалькі разоў ладзілі сходы, куды запрашалі мясцовых чыноўнікаў, каб выказаць ім сваё абурэньне. На гэтых сходах вяскоўцы патрабавалі зьмяншэньня буфэрных зонаў вакол фэрмаў.
Як распавёў жыхар Малеча Анатоль Сахаруша, улады збаяліся пашырэньня сялянскіх пратэстаў зь Бярозаўшчыны на іншыя рэгіёны, таму і зьменшылі буфэрныя зоны:
«Тут улада вымушана была адступіць. Таму што яны бачылі — ня дай Бог, пачнецца такое ў іншых вёсках... Таму што я заяўляў не адзін раз і ў раёне, і ў вобласьці — што калі вы гаворыце пра нейкі „майдан“, то „майдан“ зробіць толькі мясцовая ўлада... Людзям ужо губляць няма чаго, а вам у лепшым выпадку пагражае пазбаўленьне пасады... Улада тэрарызавала людзей амаль паўтара года...»
Анатоль Сахаруша кажа, што местачкоўцы з радасьцю ўспрынялі навіну пра дазвол трымаць уласных сьвіней, бо для многіх гэта быў асноўны сямейны прыбытак:
«Але многія сказалі, што калі і купляць парасят, то толькі ўвесну. Бульбу ж людзі не садзілі... Чым карміць?.. А зараз вясною людзі будуць браць соткі ды садзіць бульбу, як саджалі раней. Вёска ж у асноўным і выжывае дзякуючы таму, што трымае свае падворкі. З заробку вяскоўца пражыць... Ну, яшчэ можа пражыць даярка або трактарыст, які працуе 12–14 гадзін. А ў іншых пытаю: колькі заробак? Мільён сямсот — мільён дзевяцьсот...»
Анатоль Сахаруша выказаў Свабодзе меркаваньне, што мясцовыя ўлады мусяць выбачыцца перад вяскоўцамі:
«Рана ці позна яны адказаць за гэта павінны. Вось я размаўляў з адной жанчынай, і яна мне штодня тэлефанавала і пыталася пра гэта... Таму што адна дачка вучыцца, другая будуецца... Трымалі двое сьвіней — адно сьвінчо на ўсіх, а другое — прадаць, каб дапамагчы... То казала, што, маўляў, ня вытрымае гэтага, памрэ... І я кажу — жанчына памерла! Яна праз тыдзень памерла... А колькі людзей захварэлі, колькі трапілі ў лякарні... І што, за гэта не павінен адказаць ніхто?»
Фэрмэр зь Бярозаўшчыны Аляксандар Аліхвер год таму мусіў пазбыцца сотняў сьвіней віетнамскай пароды, якіх вырошчваў у адной зь вёсак. Тады ён проста раздаваў парасят вяскоўцам, каб не забіваць дарма. Увесь гэты час спадар Аліхвер абіваў парогі чыноўнікаў, пісаў лісты ў Бярозу ды Берасьце, абгрунтоўваючы думку, што, забіваючы ўсіх сьвіней за пяць кілямэтраў ад фэрмаў, афрыканскую чуму не спыніць. Таму, на думку фэрмэра, ахоўныя зоны трэба рабіць меншымі:
«Гэта трэба было зрабіць адразу, калі гэтая афрыканская чума сьвіней пачалася. Але проста, як у нас звычайна адбываецца — чыноўнікі перастрахаваліся. У любым выпадку да таго, што ідзе зьнізу, улады абавязаныя прыслухоўвацца. А ніхто гэтага ня робіць. Вось і атрымліваецца, што ў нас, пачынаючы ад самай маленькай улады сельсаветаўскай і сканчаючы міністэрствамі — усе нічога ня робяць, толькі глядзяць угару, што Савет Міністраў вырашыць і што вырашыць наш прэзыдэнт...»
Цяпер Аляксандар Аліхвер ня ведае, ці будзе займацца надалей сьвінагадоўляй. Бо часовае рашэньне ўладаў прынесла яму велізарныя страты. Аднак, кажа фэрмэр, менавіта ў гэтай галіне сельскай гаспадаркі ён мае ахвоту працаваць.