Баравы прадракае крах Пуціна ўжо ў 2015 годзе

Схема Канстаціна Баравога.

Расейскі прадпрымальнік і палітык Канстанцін Баравы, лідэр партыі «Заходні выбар» і былы дэпутат Дзяржаўнай думы, выкарыстоўваючы мэтад фізыка-матэматычных разьлікаў, прадказаў хуткі скон рэжыму Ўладзімера Пуціна.

Свае выкладкі Баравой пацьвярджае схемай, нібы з школьнага падручніка: басэйн (гэта даходы Расеі) напаўняецца вадой праз трубу (гэта валютныя паступленьні), а празь іншую трубу вада выцякае (гэта значыць разьмяркоўваецца, у тым ліку сярод насельніцтва). Перасыханьне басэйна, лічыць Баравой, ўжо да вясны прывядзе да сацыяльнага выбуху ў краіне, які завершыцца новай рэвалюцыяй і, у прыватнасьці, зьвяржэньнем помнікаў Леніну.

Галоўны помнік Леніну на Кастрычніцкай плошчы ў Маскве Баравой плянуе дэмантаваць асабіста.

Канстанцін Баравы распавёў Радыё Свабода пра сваё бачаньне расейскай будучыні:

Канстанцін Баравы.

— За аснову разьлікаў я ўзяў бюджэт наступнага года, які, у адрозьненьне ад бюджэту 2014 года, складзены вельмі асьцярожна. Гэты бюджэт — дэфіцытны, і недастатковасьць яго прыкметна расьце. У першую чаргу гэта зьвязана з тым, што падаюць сусьветныя цэны на энэргарэсурсы — асноўная крыніца фінансаваньня бюджэту. Вельмі істотна мяняецца сытуацыя з пражытковым мінімумам — у сувязі з ростам коштаў, у сувязі з тым, што Расея з-за мяжы атрымлівае асноўныя прадукты харчаваньня, а гэта значыць, што растуць цэны, у сувязі са зьменай суадносін паміж далярам і рублём. Да Новага года пэнсіі і зарплаты асноўнай масы бюджэтнікаў апынуцца ў межах пражытачнага мінімуму, не кажучы ўжо пра пэнсіянэраў. Адсюль лёгка вылічыць: фізычнае выжываньне грамадзян стане немагчымым дзесьці ў сакавіку 2015 года, калі ня будзе зьмененая палітыка, якую праводзіць Пуцін, а, мяркуючы па ўсім, яна зьменена ня будзе.

— Калі выказаць здагадку, што з вашай схемай азнаёмяцца насельнікі Крамля, калі яны ўважліва паставяцца да вашых перасьцярог, — можа быць, яны знойдуць нейкі варыянт для выратаваньня — для выратаваньня ўласнай улады перш за ўсё?

— Наколькі я ведаю, апошнія намаганьні Пуціна зводзяцца да таго, каб паспрабаваць пераканаць Барака Абаму і ўсіх астатніх пачаць перамовы, пачаць рух у бок кампрамісаў. Гэта адчайная спроба неяк пераламаць сытуацыю, зьмяніць яе. Для Пуціна сытуацыя — тупіковая. Выхад з ваеннага канфлікту з Украінай азначае для Пуціна страту ўлады, але і пройгрыш у гэтым супрацьстаяньні таксама азначае страту ўлады. А іншых варыянтаў не існуе. Нейкія кампрамісныя рашэньні, на якія Пуцін угаворвае сваіх заходніх партнэраў, проста немагчымыя — яны супярэчылі б міжнароднай практыцы, прынцыпам міжнародных адносін. Зьмірыцца з тым, што цяпер нейкай краіне будзе дазволена вырашаць тэрытарыяльныя пытаньні з дапамогай сілы, — значыць, вярнуцца калі не ў XIX стагодзьдзе, то ўжо сапраўды ў XX.

Цалкам інтэрвію Канстанціна Баравога чытайце на сайце расейскай службы нашага радыё.