11 месяцаў таму Маскоўскі суд Менску прызнаў уладальніка першага ў Менску казыно «Данькоў-клюб» Юрыя Данькова вінаватым у арганізацыі прытону, нявыплаце падаткаў ды іншых эканамічных злачынствах і адправіў на 8 год у калёнію.
Адбываць пакараньне Юрыя Данькова накіравалі ў магілёўскую калёнію № 15. У параўнаньні з калёніяй у Жодзіне, дзе Данькоў сядзеў, пакуль разглядалася ягоная касацыйная скарга, умовы там усё ж лепшыя, кажа жонка бізнэсмэна Натальля Данькова.
У канцы траўня Менскі гарадзкі суд адхіліў скаргу Данькова, і прысуд былому ўладальніку казыно ўступіў у сілу. У той час Натальля Данькова казала, што «хутчэй за ўсё, будзе падаваць скаргу ў Вярхоўны суд». Але мінула паўгода, і цяпер яна кажа гэтак: «Муж сказаў, што скардзіцца больш нікуды ня трэба. Мы ўсе ведаем, у якой краіне жывём, лепш сабе ня шкодзіць».
Чым займаецца ў калёніі Юры Данькоў, які спрабаваў сябе, акрамя бізнэсу, таксама ў палітыцы і дабрачыннасьці? Ягоны бурлівы тэмпэрамэнт ня мог ня выявіцца і за кратамі.
У асноўны час «сядзеньня» Юры Данькоў працуе. «На дрэваапрацоўцы, а дакладней, на пілараме нешта робіць. Яму, пэўна, і грошы якія мусяць там плаціць, але мне ў дэталях пра гэта не пасьпеў распавесьці, бо бачыліся зь ім мала, толькі на гэтак званым кароткатэрміновым спатканьні. Вось у сьнежні будзе спатканьне цягам 3 дзён, тады распытаю больш падрабязнасьцяў», — паабяцала Натальля Данькова.
Спатканьне, якое чакае мужа і жонку ў сьнежні, будзе пазачарговым. Данькоў яго атрымае ня проста так. «Яго ўзнагародзілі за выступ на канцэрце. Ён там заняўся самадзейнасьцю, сьпявае», — жартаўліва і адначасова з гонарам кажа Натальля Данькова і распавядае, што муж яшчэ ў жодзінскім ізалятары прасіў перадаць яму дапаможнік па ігры на гітары. Ведаючы здольнасьці мужа да вучобы, Натальля не выключае, што гітару ён ужо асвоіў.
Пра цяперашні рэпэртуар мужа Натальля Данькова нічога дакладна ня ведае. Раней, кажа, ён ня надта любіў жанр гэтак званага шансону, больш слухаў звычайную эстраду і клясычную музыку. Але не выключае, што зараз густы давялося скарэктаваць з улікам абставінаў. «Ён увогуле чалавек, які можа хутка і лёгка прыстасавацца да новых умоваў. Чалавек з гумарам, добразычлівы, мяркую, ён і там сваю нішу знайшоў», — кажа пра мужа Натальля Данькова. Паводле зьвестак Натальлі, яе муж у калёніі ўзяўся да таго ж самастойна вывучаць замежныя мовы. «У школе ў яго была гішпанская, дык папрасіў падручнікі ангельскай і італьянскай. Па-ангельску ўжо спрабуе размаўляць праз тэлефон».
На маё пытаньне, якое харчаваньне ў калёніі — усё ж раней Данькоў харчаваўся па-бізнэсмэнску — Натальля фактычна не адказала. «Ведаеце, лепш пра гэта ня будзем. Яму там яшчэ сядзець, і не адзін год».
Падчас сьледзтва і суду Юры Данькоў схуднеў, паводле ягонай жонкі, больш як на 20 кіляграмаў. Цяпер жонка вязьня кажа, што на ўмовы ён ня скардзіцца.
Сярод пакараньняў, якія суд наклаў на былога ўладальніка казыно «Данькоў-клюб», — і кампэнсацыя стратаў на мільярд рублёў. Паводле Натальлі Даньковай, у лік гэтай сумы з рахунку мужа судовыя выканаўцы забралі каля 100 мільёнаў беларускіх рублёў, а астатнюю суму Даньковы разьлічваюць пагасіць, прадаўшы маёмасьць клюбу. «Але з гэтым затрымка, толькі ня з нашай віны. Яшчэ разьбіраюцца паміж ведамствамі. Дрэнна тое, што з-за затрымкі ня можам разьлічваць на амністыю, якая заканчваецца ў сьнежні. Бо хто не кампэнсаваў стратаў, таго не амністуюць. Калі не амністуюць зараз, будзем спадзявацца на наступную амністыю», — кажа Натальля Данькова.
Пытаюся: што будзе з памяшканьнем у будынку на вуліцы Мясьнікова, дзе раней месьціўся «Данькоў-клюб»? Паводле зьвестак Натальлі Даньковай, новы арандатар рыхтуецца адчыніць там рэстаран, аднавіць цырульню і спа-салён. Што да аднаўленьня там казыно, Натальля пра такое ня ведае. «Для казыно трэба шмат рэсурсаў. О, гэта справа складаная!», — адказвае спадарыня Данькова. Згадваю, што год таму, перад судом над яе мужам Натальля ў інтэрвію сказала, што яшчэ зоймецца бізнэсам, ёсьць пэўныя задумкі. Ці ўдалося іх рэалізаваць? Натальля Данькова прызнае, што аднаўленьне бізнэсу пакуль застаецца марай. «Клапачуся пра мужа і дзяцей, вось мой асноўны цяпер бізнэс».