Усе ўладары робяць гэта

Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына абвясьціла, што прэзыдэнцкія выбары, верагодна, пройдуць 15 лістапада 2015 году. Калі яна мае рацыю, то гэтым разам галасаваньне адбудзецца ў апошні тэрмін, абумоўлены законам. Паводле артыкулу 56 Выбарчага кодэксу выбары праводзяцца ў нядзелю не пазьней як за 2 месяцы да сканчэньня тэрміну паўнамоцтваў папярэдняга прэзыдэнта.

Апошняя інаўгурацыя адбылася 21 студзеня 2011 году, плюс 5 гадоў і мінус два месяцы — гэта 21 лістапада 2015 году, субота. Адпаведна апошні законны тэрмін — нядзеля 15 лістапада. Праўда, дзіўнавата, што пра магчымы тэрмін выбараў паведамляе кіраўніца інстытуту, які да абвяшчэньня выбараў ня мае дачыненьня, паводле закону іх абвяшчае палата прадстаўнікоў. Але Беларусь была б шчасьлівай краінай, калі б гэта было адзіным дзівам у ёй. Ну ведае нешта такое спадарыня Ярмошына.

Яе інфармацыя, калі яна спраўдзіцца, будзе сьведчыць пра тое, што ня спраўдзіліся небеспадстаўныя прагнозы, што выбары пройдуць раней, як тое было ў 2006 годзе. Здавалася, што правесьці выбары ўвесну для ўлады мела б сэнс: у выніку ўкраінскіх падзеяў рэйтынг Лукашэнкі падвысіўся, 1 студзеня пачынае дзейнічаць Эўразійскі эканамічны саюз, любімая геапалітычная цацка Ўладзімера Пуціна. На пачатку году будзе яшчэ сьвежай удзячнасьць беларусаў прарасейскай настроенасьці за інтэграцыйны падарунак, дый расейцам не з рукі будзе пачынаць саюзнае жыцьцё са скандалаў, хутчэй можна чакаць ад іх у гэты час якіх дабротаў.

Праўда, эканамічнае становішча не настолькі бестурботнае: паводле Белстату рэальны заробак у студзені-верасьні сёлета ў параўнаньні з адпаведным пэрыядам мінулага году вырас на мізэрныя 0.8%. Для параўнаньня: летась за год — на 15.8%, ў 2010-м выбарчым годзе — на 14.9%. «Перабіла» б ці не рэха Ўкраіны і Эўразійскага саюзу тое, што рост рэальных заробкаў сёлета фактычна спыніўся — улада вырашыла не высьвятляць і не выпрабоўваць лёс, прызначаючы выбары раней.

Пры выбарах, прызначаных на лістапад, пэўнае выпрабаваньне лёсу ўсё роўна прысутнічае — зразумела, за год рэальны заробак можна «напампаваць», але грошай шкада, і наступствы гэтай шчодрасьці бываюць горкімі, што яскрава паказаў 2011 год. А тое, як цяпер склаліся геапалітычныя зоркі, магло б даць станоўчы для ўлады вынік бяз траты жывых грошай. Але, відаць, звычка — другая натура. Паложана перад выбарамі істотна падвышаць заробкі. Кім паложана — Бог ведае. Але раней так рабілі, дык ад дабра дабра не шукаюць.

Прычым, варта сказаць, што ў выкананьні гэтага сьвятога правіла беларуская ўлада ў сьвеце зусім не самотная. Артыкул экспэрта Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў Аляксандра Аўтушкі-Сікорскага «Палітыка-дзелавы цыкль у Беларусі ці палітэканомія даверу да прэзыдэнта» ўтрымлівае багатую бібліяграфію навуковых працаў пра тое, як у самых розных краінах на ўсіх кантынэнтах улады імкнуцца «падагнаць» пік эканамічнага дабрабыту насельніцтва да дня галасаваньня. Дзе законна, дзе ня надта, але, перафразуючы назву вядомага фільма Тынта Браса, «усе ўладары робяць гэта».

Прычым, як у краінах дэмакратычных, гэтак і ў аўтарытарных. Што на першы погляд дзіўна. Чаму ў дэмакратычных — зразумела, вынік выбараў залежыць ад галасоў выбаршчыкаў, тое, каму яны аддадуць свае галасы, залежыць ад іх эканамічнага самаадчуваньня. Але ж у аўтарытарных навошта грошы на «народзішка» прамантачваць? Малайзія, Расея, Эгіпэт часоў Мубарака (краіны, на дасьледаваньні па якіх спасылаецца А. Аўтушка-Сікорскі) — там хіба вынікі выбараў не былі перадвызначаныя, тамтэйшыя ярмошыны хіба кепска ведалі сваю справу? Добра ведалі, ня горш за спадарыню Лідзію. Дык тады навошта?

Адказ палягае ў тым, што вядомая апазыцыйная формула «выбараў няма» не зусім поўная, яна, прынамсі, не уключае ў сябе ўспрыманьне гэтага рытуалу самой уладай. Словы «рытуал», «фармальнасьць» часта па змаўчаньні суправаджаюцца прыметнікамі «пустыя» і «нікчэмныя». Але гэта не зусім так. А навошта дактары прымаюць клятву Гіпакрата? Навошта прысягаюць у войску? Чаму ў манархіях насельніцтва прымае прысягу кожнаму новаму манарху?

Апошняе параўнаньне, здаецца, бліжэйшая аналёгія да выбараў у аўтарытарных дзяржавах. Там выбары — гэта своеасаблівая прысяга, асьвяжэньне легітымнасьці. Не дэмакратычнай, зразумела, а квазіманархічнай. Але легітымнасьці.

Для ўлады гэта важна. Таму і трацяцца велізарныя грошы на подкуп насельніцтва перад выбарамі, таму ўвесь дзяржаўны апарат прыводзіцца напярэдадні выбараў і падчас іх у «баявую гатовасьць». Здаецца, абсурд — ну навошта турбаваць сур’ёзных занятых людзей, калі ў прынцыпе дастаткова сілаў выбарчых камісіяў? Але гэта не абсурд у межах лёгікі ўлады пры сутыкненьні з таямнічай матэрыяй легітымнасьці.

І справа тут ня толькі ў страху нечага канкрэтнага. Хаця і не бяз гэтага, досьвед электаральных рэвалюцыяў у розных краінах сьвету паказвае, што выбары ў аўтарытарных краінах — спрыяльны момант для нечаканых сцэнароў. Ня тое, што абавязковы — «арабская вясна», Эўрамайдан адбыліся зусім не ў сувязі з выбарамі. Дарэчы, выбары, якія папярэднічалі гэтым падзеям, прайшлі ў адпаведных краінах «элегантна». Але часам выбары, фальсыфікацыі на іх робяцца падставамі для масавых пратэстаў. Нездарма Лукашэнка цяпер згадвае Майдан пры любой нагодзе. Майданы здараюцца, прынамсі. Часткова для прадухіленьня такога разьвіцьця падзеяў народу раздаюцца грошы, а апарат устае на баявую вахту. Нібыта ў краіне і сапраўды выбары. Але справа ня толькі ў страху перад Майданам.

А ў перасьцярогах, што не зразумеў бы народ іншых паводзінаў. І што б зрабіў, калі б улада проста не зьвяртала на выбары ўвагі ці наагул скасавала іх? Можа і нічога, але ўлада — таксама частка народу, яна кіруецца нормамі, якія народу ўласьцівыя, да якіх ён сасьпеў. Гэта неабавязкова свабодныя і справядлівыя выбары, але гэта выбары хаця б як форма.

Выдатны аналіз гэтай зьявы даў у свой час расейскі палітоляг Дзьмітры Фурман у артыкуле «Апалёгія імітацыі»:

«Раней цара можна было забіць, можна было нават выдаць сябе за цара, але нельга было наогул абысьціся без цара, і нельга было абвясьціць сябе царом, не належачы да царскага роду. Гэта проста „не прыходзіла ў галаву“. Гэтак жа ў наш час можна падтасаваць вынікі выбараў, можна нават зрабіць наогул выбары з адным кандыдатам (хоць гэта ўжо на мяжы дапушчальнага), але наогул бяз выбараў абысьціся нельга. Гэта таксама нікому „не прыходзіць у галаву“.

Для чаго Сталіну патрэбная была Канстытуцыя, дзе прапісаны ўсе дэмакратычныя нормы? Для падману народу? Для падману Захаду? Але гэта занадта простыя і прымітыўныя адказы. Гэта адказы на пытаньні, якія проста нікім не задаваліся. І я думаю, што, калі б спытаць Сталіна ці Брэжнева, для чаго патрэбна Канстытуцыя, яны б проста не зразумелі пытаньня і зусім сумленна адказалі нешта накшталт: „Як жа можна без Канстытуцыі, гэта ж Асноўны закон“. „Як жа можна без цара, ён жа памазанец“. Над нормай не рэфлексуюць, яна проста прымаецца. „Нельга без Канстытуцыі“ — і ўсё тут. І бяз выбараў нельга.

Норма стварае абавязковую, адзіна магчымую „мову“. І калі яна неадэкватная твайму зьместу, калі яна выпрацаваная для выказваньня зусім іншага зьместу, ты вымушаны „запіхваць“ свой зьмест у неадэкватную для яго форму».

Таму, дарэчы, мне падаецца спрэчнай ідэя байкоту. Калі б яна магла мець плён, то зьмены ў Беларусі ўжо б адбыліся. Калі народ з-за кепскага зьместу гатовы адкінуць норму як такую, то гэта ўжо рэвалюцыя. Так падаецца, што народ хутчэй паўстане супраць улады, якую палічыць кепскай, чым адмовіцца ад легітымнай працэдуры выбараў.

Так што хутчэй за ўсё рытуал працягнецца — і народ, і ўлада будуць імітаваць выбары. Калі толькі народ не захоча пераменаў настолькі моцна, што зломіць сыстэму. І чамусьці здаецца, што калі гэта здарыцца, то пачне ён пры гэтым ня з выбараў.