​Як уратаваць прэмію Гедройця? Чатыры парады

Прэмія імя Ежы Гедройця ўручаецца штогод з 2012 году за найлепшую кнігу прозы на беларускай мове. Яе заснавальнікамі выступілі Амбасада Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь, Польскі інстытут у Менску, Беларускі ПЭН-цэнтар і Саюз беларускіх пісьменьнікаў.

У прэмію былі ўкладзены вялікія грошы і спадзяваньні, але пакуль яна не дасягнула галоўнай мэты, якая ставіцца a priori перад кожнай літаратурнай прэміяй: садзейнічаць пашырэньню ролі кніг і чытаньня ў грамадзтве. Больш за тое, адбываецца адваротны працэс: уручэньне прэміі суправаджаецца скандаламі, у прыватнасьці, журы рэгулярна абвінавачваюць у прасоўваньні «сваіх» аўтараў. З-за гэтага пэўная частка беларускіх чытачоў байкатуе вынікі прэміі, ставіцца да кніг ляўрэатаў і іх саміх з прадузятасьцю і недаверам.

Сёньня можна канстатаваць, што шырокага розгаласу ў беларускім грамадзтве прэмія Гедройця ня мае — яна застаецца thing-in-itself, прадметам карысьлівых зацікаўленьняў вузкага кола сталічнага бамонду.

Між тым сытуацыя не безнадзейная, і ўратаваць прэмію Гедройця ад няўвагі і забыцьця цалкам магчыма — дзеля таго, каб яна нарэшце зрабілася сапраўдным сьвятам беларускай літаратуры. На мой погляд, каб гэта адбылося, трэба выканаць некалькі пунктаў.

1. Журы мусіць удакладніць ідэйна-эстэтычныя крытэрыі, зыходзячы зь якіх прысуджаецца прэмія, і давесьці іх да ведама намінантаў, крытыкаў, чытачоў.

Пакуль у падпункце 1.2. п. 1 Палажэньня аб прэміі пазначана толькі, што яна даецца «за найлепшую кнігу, напісаную на беларускай мове, у жанрах „мастацкая проза“ і „эсэістыка“». Кожны з чальцоў журы, відавочна, укладае ў панятак «найлепшая кніга» ўласны зьмест, цягнучы воз у свой бок. Гэта — «корень всех зол» прэміі Гедройця, які адмоўна ўплывае на яе прамежкавыя і канчатковыя вынікі, далейшае жыцьцё кніг. Ня дзіва, што журы, камэнтуючы зроблены выбар, ня можа яго абгрунтаваць, фактычна ўхіляецца ад ацэнак, а чытачы — ня здольныя ўцяміць, за што менавіта абрана тая ці іншая кніга.

2. Склад журы ня мусіць кардынальна мяняцца; у яго не павінны ўваходзіць ляўрэаты прэміі Гедройця.

Той факт, што за непрацяглы час існаваньня прэміі склад журы пасьпеў істотна абнавіцца (у журы—2015 мы пабачым толькі некалькіх чалавек з журы-2012), можа сьведчыць аб унутраных хістаньнях, канфлікце інтарэсаў, адсутнасьці каманднай гульні на полі. Так быць не павінна!

І дарэчы, чаму ў журы «ўваход вольны» намінантам і пераможцам прэміі? У вачах чытацка-пісьменьніцкай грамады гэта выглядае як змова: «Сёлета ты мяне прапанаваў у журы, у наступным годзе я табе прэмію дам, а потым мы зноў ракіровачку зробім і грошы падзелім». Удвая дзіўна бачыць тут «шэрага кардынала беларускай літаратуры» Адама Глобуса, які колькі гадоў таму заснаваў уласную літаратурную прэмію.

Між іншым у склад журы прэміі Гедройця маглі б увайсьці дзеячы культуры, а таксама бібліятэкары, прадстаўнікі іншых навуковых прафэсіяў.

3. Чытачы маюць права ўплываць на прэмію, у тым ліку шляхам галасаваньня; ім мусіць быць прадстаўлены бясплатны доступ да кніг-намінантаў.

Прэмія Гедройця, безумоўна, можа ўлічваць вопыт іншых краінаў. Прыкладам, пасьля абвяшчэньня «кароткага сьпісу» Нацыянальнай літаратурнай прэміі «Большая книга» (Расея) распачынаецца чытацкае галасаваньне. Цягам некалькіх месяцаў на сайтах онлайнавых бібліятэк-партнэраў прэміі можна азнаёміцца з усімі кнігамі, якія выйшлі ў фінал. Творы публікуюцца з дазволу праваўладальнікаў; іх можна бясплатна чытаць як са стацыянарных кампутэраў, так і з экранаў розных гаджэтаў пры дапамозе мабільнага прыстасаваньня Bookmate.

Само чытацкае галасаваньне праводзіцца ў сацыяльнай сетцы Facebook; тры пераможцы вызначаюцца па колькасьці «лайкаў».

Што цікава, выбар чытачоў і афіцыйнага журы прэміі «Большая книга», памер прызавога фонду, які, дарэчы, — другі ў сьвеце (пасьля Нобэлеўскай прэміі па літаратуры), неаднаразова супадаў. Гэта падвышае давер да прэміі і яе пераможцаў, заахвочвае чытачоў да актыўнага ўдзелу ў літаратурным жыцьці краіны. Кожны голас мусіць быць улічаны ня толькі ў палітыцы.

4. Прэмія Гедройця павінна выйсьці за межы сталіцы.

Гэта патрэбна дзеля зьмены ненармальнай сытуацыі, калі адзін беларускі горад (Менск) дзесяцігодзьдзямі рэпрэзэнтуе ўсю нацыянальную культуру. Фінал галасаваньня можна арганізаваць ня толькі ў адным з абласных цэнтраў Беларусі, але і ў тым або іншым шараговым беларускім мястэчку. Да гэтага часу неабходна зрабіць вялікую працу: зладзіць па ўсёй Беларусі прэзэнтацыі кніг-намінантаў прэміі Гедройця. Краіна павінна ведаць сваіх сапраўдных герояў, памятаць, што беларускамоўная кніга жыве, нягледзячы на ўсе перашкоды.

Ці прыслухаецца да парадаў шаноўнае журы?