З 2009 году вайсковыя самалёты падаюць рэгулярна. Што здарылася?

Міг-29

Пасьля катастрофы зьнішчальніка «Міг-29» у Берасьцейскай вобласьці камандаваньне Ўзброеных сілаў Беларусі забараніла ўсе палёты вайсковай авіяцыі над краінай.

Сьледчы камітэт распачаў крымінальную справу, пачалася праверка ва ўсіх датычных да палёту самалёта часьцях. На час праверкі камандаваньне Ўзброеных сілаў забараніла палёты вайсковай авіяцыі ў небе над Беларусьсю.

Якія падрабязнасьці вядомыя пра аварыю? Мінабароны ніякіх зьвестак, акрамя таго, што лётчык здолеў катапультавацца, не паведамляе. Нават пра тое, дзе дакладна адбылося здарэньне. Паведамляецца толькі, што самалёт належаў 61 авіябазе, якая, як вядома, месьціцца ў Баранавічах.

Паводле жыхара Баранавічаў Алега Малашчанкі, «Міг-29» упаў у полі непадалёк ад вёсак Дорава і Літва. Гэта пад Баранавічамі, але раён ужо Ляхавіцкі. Былы авіятэхнік, капітан запасу Алег Малашчанка гэтак кажа пра магчымыя прычыны аварыі.

«Мае вэрсіі такія. Па-першае, цяпер восень, сэзон пералёту птушак. То бок нельга выключаць, што самалёт мог сутыкнуцца з птушкай — гэта цалкам магчыма. Але галоўнае, калі я параўноўваю тое, што бачыў у Расеі, з тым, што бачу тут, у небе над Баранавічамі, — нашы лётчыкі амаль не лятаюць. Калі я служыў у Расеі, у нас палёты былі штодня па 2 зьмены, нават у суботу ляталі. А тут калі рамонтны завод падыме адзін самалёт на тыдзень, ужо добра. І другое: самі па сабе самалёты ў нас старыя. Іх колькі ні мадэрнізуй, яны ўсё роўна старыя».

Тое, што сытуацыя ў беларускай вайсковай авіяцыі набліжаецца да крытычнай, відаць са статыстыкі. Першым гучным авіяздарэньнем у беларускім войску была гібель у 1996 годзе маёра Ўладзімера Карвата, які накіраваў аварыйны «СУ-27» далей ад населенага пункту, ня змог катапультавацца і загінуў. Праз год у авіякатастрофе загінуў лётчык Сяргей Пагрэбан. Але далей ажно 12 гадоў падобных катастрофаў не было. У 2009 годзе падчас паказальнага палёту ў Польшчы разьбіўся беларускі «СУ-27УБМ», экіпаж якога ў складзе палкоўнікаў Марфіцкага і Жураўлевіча загінуў. З таго часу беларускія самалёты і верталёты б’юцца фактычна штогод. Сёлета катастрофа пад Баранавічамі ўжо другая. 30 верасьня пры падобных абставінах разьбіўся «СУ-25» зь лідзкай авіябазы. Лётчык таксама ўратаваўся дзякуючы катапульце.

Чаму колькасьць авіякатастрофаў не зьмяншаецца? Вайсковы аглядальнік Аляксандар Алесін мяркуе, што асноўная прычына — у старэньні авіяпарку.

Аляксандар Алесін

«Час вінаваты. Гады выпуску беларускіх самалётаў — 1985, нават 1982. Дзеля таго каб такія самалёты ляталі зусім без здарэньняў, трэба было рабіць глыбокую мадэрнізацыю, капітальны рамонт з аднаўленьнем лётнага рэсурсу. Мяркую, што большасьць зь іх такога не праходзілі. Бо гэта дарагая працэдура, яна каштуе ад 1 мільёна даляраў да 1,5. Наўрад ці ў нашай дзяржавы ёсьць такія грошы, каб мадэрнізаваць увесь наш авіяпарк».

Колькі і якіх авіямашын стаіць на ўзбраеньні Беларусі? Паводле незалежных крыніц, парк самалётаў складаецца са зьнішчальнікаў «Міг-29» і «СУ-27», штурмавікоў «СУ-25» і франтавых бамбавозаў «СУ-24». Гэта ўсё расейская тэхніка, часткова мадэрнізаваная на заводах у Беларусі, найперш у Баранавічах. Навучаюцца беларускія вайсковыя лётчыкі ў асноўным на чэскіх «L-39», якіх усяго 10. Афіцыйныя зьвесткі пра колькасьць баявых самалётаў трымаюць у сакрэце. Аляксандар Алесін кажа, што «Мігаў-29» на авіябазе ў Баранавічах — да 50, у тым ліку і тых, якія лічацца ў рэзэрве. «Лятае зь іх дзясяткі два», — мяркуе аглядальнік. Што да зьнішчальнікаў «СУ-27», якіх было ў страі каля 20, то з 2012 году яны зьнятыя з баявога дзяжурства з прычыны тэхнічнага стану, аднак цалкам ад гэтых састарэлых самалётаў Беларусь не адмовілася.

«Лукашэнка ўжо некалькі разоў, у тым ліку сёлета, казаў, што іх будуць мадэрнізаваць на баранавіцкім авіязаводзе. Хаця б частку іх. У немалой ступені таму, што, калі мы пазбавімся баявой авіяцыі, то цалкам апынёмся пад расейскім парасонам. Бо не застанецца сваёй авіяцыі. Таму, мяркую, працэс мадэрнізацыі і капрамонту беларускіх самалётаў будзе расьці, нават нягледзячы на эканамічныя цяжкасьці. Інакш мы пазбавімся ўсяго парку. А пакуль тое, самалётны парк у такім стане, што трэба значна паскорыць тэмпы капрамонту і мадэрнізацыі».

Ці стане вядомая праўда пра прычыны аварыі «Міга-29» пад Баранавічамі? Гэтае пытаньне падаецца лягічным маім суразмоўцам. Журналіст Аляксандар Алесін зазначае, што вайсковае ведамства ў Беларусі ніколі не абнародуе справаздачы пра расьсьледаваньне падобных аварыяў. Прыкладам, публіцы дагэтуль невядома, з-за чаго ў 2009 годзе ў Польшчы загінулі палкоўнікі Марфіцкі і Жураўлевіч — з прычыны тэхнікі, якая зламалася, ці з-за ўласнай памылкі? Капітан запасу Алег Малашчанка мяркуе, што прычыны не абнародуюць і гэтым разам:

«Калі на лётчыка ўсё сьпішуць, што вінаваты, бо ня справіўся з кіраваньнем, то ім сустрэчнае пытаньне: а як ён будзе спраўляцца, калі няма налёту? Адпадае. А калі напішуць, што з-за няспраўнасьці рухавіка ці іншая тэхнічная паломка — таксама бокам вылезе. Бо як рамантавалі і даглядалі? Таму, хутчэй за ўсё, сьпішуць на тое, што трапіў староньні прадмет».