Ельск: украінскім уцекачам дапамагаюць нават банкруты

Пашкоджаны абстрэлам дом у Пясках пад Данецкам

У Ельску з ініцыятывы ўладаў мясцовыя прадпрыемствы й арганізацыі вылічваюць з заробку сваіх працаўнікоў грошы на дапамогу ўцекачам з Данецкай і Луганскай абласьцей Украіны.

Невялікі па памерах і прамысловым патэнцыяле Ельскі раён сабраў ужо сродкаў у разы болей, чым некаторыя нашмат буйнейшыя раёны.

У райвыканкаме, у прыватнасьці, адзначаюць, што пералічылі на дапамогу ўкраінскім уцекачам праз рахункі рэспубліканскага таварыства Чырвонага Крыжа 31 мільён рублёў:

«Мы пералічылі 31 мільён, у тым ліку аддзел адукацыі, спорту й турызму — 10,7 мільёна, раённая спажывецкая каапэрацыя — 7,4, ПМК-96 — 3, прадпрыемства мэліярацыйных сыстэм — 2,4 мільёна. Апрача таго, раённая арганізацыя „Белая Русь“ перагнала ў фонд „Белай Русі“ 1,8 мільёна, каб ужо рэспубліканская ці абласная арганізацыя пускала гэтыя грошы на такія ж мэты».

Зьбірала ў сваіх працаўнікоў грошы на дапамогу ўцекачам з Данецкай і Луганскай абласьцей і жыльлёва-камунальнае прадпрыемства «Ельскае».

Тут тлумачаць, што справа гэтая была нібыта цалкам добраахвотная — грошы здавалі, колькі хто захацеў:

«З заробку кожны чалавек, кожны працаўнік здаваў, колькі змог. Адны больш, іншыя менш. Хто як: і пяцьдзясят, і сто тысяч. Ёсьць і меней — і дзесяць, і дваццаць тысяч. Вядома, адміністрацыя найбольш».

Аднак грошы на дапамогу ўцекачам камунальнікі пакуль не пералічылі, бо з прычыны неплатаздольнасьці прадпрыемства ягоны рахунак заблякаваны:

У нас цяпер рахунак закрыты — мы б ужо пералічылі. Эканамічным судом арыштаваны рахунак, ня можам пералічыць

«У нас цяпер рахунак закрыты — мы б ужо пералічылі. Эканамічным судом арыштаваны рахунак, ня можам пералічыць».

На добраахвотнай аснове дапамагалі ўкраінскім уцекачам многія жыхары райцэнтру з вуліцы Міра, а таксама прадпрымальнікі.

Апавядае жыхарка Ельску спадарыня Тамара:

«Былі мы ў вёсках Скароднае, Валаўск, Валаўская Рудня, Кочышчы, Старое Высокае. Гаспадарчыя тавары вазілі, пасьцельную бялізну, коўдры. Вельмі шмат зімовай адзежы было, абутку. І мэблю нават вазілі, і дзіцячыя каляскі. Асобным сем’ям дапамагаем інтэрнэт правесьці, газ падключыць».

Па зьвестках сацыяльнай службы, сёлета толькі ў Ельскім раёне пасяліліся 36 украінскіх сем’яў, агулам 120 чалавек. Працаздольныя перасяленцы, як правіла, уладкоўваюцца ў сельскай гаспадарцы — мэханізатарамі альбо жывёлаводамі.