На мінулым тыдні расейскі актор Міхаіл Парэчанкаў, які прыехаў у Данецк на запрашэньне кіраўніцтва самаабвешчанай ДНР, апрануў каску з надпісам «Прэса» і бронекамізэльку ды пастраляў з буйнакалібэрнага кулямёта «Уцёс» па пазыцыях украінскіх вайскоўцаў у Данецкім аэрапорце.
Пасьля таго, як аб гэтай выхадцы стала шырока вядома, Парэчанкаў абвясьціў, што гэта была не перадавая, а «прыстрэлачнае месца, дзе правяраюць зброю». Аднак у інтэрвію, якое актор даў у Данецку каналу Аnna-news, ён прызнаўся, што «пастраляў ў аэрапорце».
4 лістапада Кацярына Мальдон, сузаснавальніца грамадзкага руху «Майдан без межаў», пасьля заканчэньня спэктакля «Трамвай» Жаданьне" ў маскоўскім тэатры імя Чэхава, калі акторы выйшлі на сцэну, ўручыла Міхаілу Парэчанкаву вялікі мэдаль з пенапласту. На адным баку быў надпіс «За Лугандон» і малюнак чатырох калярадзкіх жукоў на зялёным полі, на другім — надпіс «Першай ступені лугандонскі стралок».
Потым Кацярына Мальдон кінула Парэчанкаву цацачны пісталет з крыкам «На, Міша, ты ж любіш ў украінцаў страляць! Застрэль мяне!»
Кацярына Мальдон распавяла Радыё Свабода пра сваю акцыю:
— Мне падаецца, быў сэнс паказаць Міхаілу, што ж ён зрабіў. Таму што ён жа ня лугандонскі камандзір тэрарыстаў, ён не замазаўся па вушы ў крыві, ён проста жадаў «пастраляць» і прапіярыцца, як такі зух, душа-хлопец, у касцы «Прэса»... Нашы журналісты, Павел Гусеў, у прыватнасьці, моцна абурыліся, таму што, магчыма, ня будзе больш даверу да гэтых касак «Прэса», і гэта жахліва. Нельга жартаваць з крывёю, са зброяй! І мне хацелася сказаць менавіта гэта: што забойства — не падстава для піяру.
— Парэчанкаў зараз спрабуе апраўдацца, растлумачыць, што страляў халастымі, што ўсё гэта была гульня. Вы ня верыце яму?
— Ну, вось я ж таксама дзіцячы пісталецік прынесла, я яму паказала, што халастымі таксама не зусім вясёлы жарт. Гэта нагода задумацца яму і іншым акторам, яго калегам, якія стаялі побач на сцэне, для якіх гэта ўсё было, вядома, нечакана і непрыемна, і гледачам у зале. Нельга такім чынам піярыцца! Ўзяць у рукі зброю чалавеку, які ня лічыць сябе бандытам і тэрарыстам, удзельнікам вайны, гэта недапушчальна. Я лічу, гэта такая мэнтальная катастрофа ўжо. Павінен быць Чырвоны Крыж, павінна быць прэса... Суп і мухі асобна павінны быць. І каб гэта дайшло да медыяпэрсон, да артыстаў, трэба было гэта сказаць. Ну вось, з цацачным пісталецікам і кардонным мэдалем.
— Так і атрымаўся пэрформанс ў тэатры...
— Так, ён пастраляў жартам, і я пастраляла ў жарт.
— Але не ўсе ўспрымаюць гэта як жарт. Ва Ўкраіне Парэчанкава абвінавачваюць у тэрарызме, выключылі з пракату фільмы зь ім, тэлесэрыялы спынілі паказваць. Правільна зрабілі?
— Вядома, правільна, на жаль. І я спадзяюся, што на гэтым прыкладзе іншыя людзі зразумеюць, дзе канчаюцца жарты. Як мінімум. А як максымум зразумеюць, што Ўкраіна адстойвае сваю зямлю, што ўкраінцы — сумленныя воіны, яны за сваю радзіму ваююць. А за што ваююць і гінуць там нашы маладыя хлопцы з задурманенымі мазгамі з зомба-скрыняў, я не ведаю ... Гэтая гістэрыя з імпэрскімі амбіцыямі на самай справе не патрэбная і не цікавая нікому, акрамя нашага кіруючага алігархату, спадара Путлера ... Ня разумеюць нашы добраахвотнікі і паднявольцы з тэрміновай службы, што яны ваююць за палацы Ратэнбэрга, за партыю жулікаў і злодзеяў пад назвай «Ямо Расею», за іх магчымасьць далей красьці і рабаваць уласны народ. І ўсё! А не за краіну нейкую там Недаросію. Няма такой краіны, і яна ня зможа існаваць, я ў гэтым упэўненая. На жаль, усё гэта будзе калісьці відавочна, будзе, як пасьля Нюрнбэрга, усьведамленьне расейскага народу, што адбываецца цяпер, калі мы, праўкраінскія актывісты, адчуваем сябе тут, як пастар Шлаг ў гітлераўскай Нямеччыне.