Пуцін і «калашнікаў» у рэкляме менскага клюба Dozari

Матрошкі, крэмль, аўтамабіль «чайка», прэзыдэнт Пуцін і аўтамат «калашнікаў» — так рэклямуе вечарынку «Русским быть модно» скандальна вядомы менскі клюб.

Матрошкі, крэмль, аўтамабіль «чайка», прэзыдэнт Пуцін і аўтамат «калашнікаў» — так рэклямуе вечарынку «Рускім быць модна» скандальна вядомы менскі клюб.

Яна прайшла 1 лістапада. А 2 і 3 лістапада ў праграме — Russian night.

«Эх, душа руская! На прасторах Dozari сёньня зможа разгуляцца сапраўды патрыёт рускага калярыту: матрошкі будуць нясьціпла пасьміхацца, а запацелая чарка ды пад балалайку прыхарашыць асеньнюю ноч. Калі ўнутры вас жыве агеньчык неўтаймоўнай рускай весялосьці, сапраўднага гарэзнага вісуса й гулякі — запрагайце санкі, народ, ды імчыцеся ў Dozari, дзе рускім быць модна!» — так заклікае на вечарынкі сайт клюба.

У праграме — руска-народны performance, некалькі ды-джэяў і Show Ballet Dozari.

«Такія мерапрыемствы пастаянна праходзяць у Dozari. Па-першае, таму што заснавальнік расеец, а цяпер і арт-дырэктар таксама. Вось ён і робіць гэтую тэматыку. Па-другое, тут трэба разумець, што гэтыя даты супадаюць з датамі вялікіх вакацыяў у Расеі і расейцы цягнуцца да нас адпачыць, у казіно пагуляць зь дзеўкамі нашымі, якія за кактэйль і абяцаньне звазіць „у Маскву“ аддаюцца», — распавёў Радыё Свабода былы супрацоўнік клюбу.

Сацыёляг Лідзія Міхеева лічыць, што такія плякаты — вынік выкарыстаньня нізкіх архетыпаў сучаснасьці для прыцягненьня расейцаў, якія прыяжджаюць у Беларусь траціць грошы:

«Клюб Dozari — гэта нядобры густ. Што тычыцца плякатаў з Пуціным, то я бачу тут спробу іранічнага падыходу да русафобскіх настрояў, якія цяпер лунаюць у паветры ў Беларусі і ва Ўкраіне, а таксама сярод расейскай інтэлігенцыі.

Відавочна, што ў клюбе Dozari вельмі шмат расейскіх турыстаў, яны — асноўная аўдыторыя гэтага месца, у якога ўжо склалася такое рэнамэ як месца для адпачынку расейцаў і часткова іншых замежнікаў, якія прыяжджаюць у Беларусь знаёміцца з нашымі дзяўчатамі. Таму тут я бачу спробу сказаць, „не, мы не ненавідзім расейцаў, а нават можам, як кажа прэзыдэнт, прагнуцца пад расейцаў, мы можам быць вельмі іранічнымі, мы можам запрашаць да сябе, балалайкамі і мядзьведзямі ўключаць іх у сымбалічны кантэкст нашага клюбу“.

У любым разе я лічу, што моцна пераймацца з-за гэтага даволі дзіўна, тым больш што гэты клюб дазваляе сабе і шмат чаго іншага. Проста людзі зьвяртаюцца да самых нізкіх архетыпаў сучасных рэаліяў і канфліктаў і прасоўваюць іх, каб зарабляць грошы на тых жа расейцах».

Клюб Dozari не адзіны, які праводзіць тэматычныя рускія вечарынкі. Кожную нядзелю ў Jack Club праходзяць «Рускія ночы».