«Мы сябе пракормім па-любому: бульбы насадзім і будзем есьці...»

Your browser doesn’t support HTML5

У Расеі імкліва абясцэньваецца рубель. Як гэтая дэвальвацыя можа адбіцца на Беларусі? Адказваюць гарадзенцы


Спадар: «Як толькі ў Расеі пачнецца абвальная дэвальвацыя, аўтаматычна яна будзе і ў нас. А абвальная дэвальвацыя будзе ў любым выпадку, калі Эўразьвяз не адменіць санкцыі. Нафта ўжо падае ў цане. І на нас гэта адаб’ецца адназначна такім чынам, як гэта было некалькі гадоў таму — у тры разы абясцэніцца рубель, і ўсё...»

Хлопец: «Вядома, гэта на нас адаб’ецца, бо ў нашай краіне шмат тавараў з Расеі, і, адпаведна, кошты залежаць ад курсу расейскага рубля. Калі іхні рубель будзе падаць, то ў нас будуць падвышацца кошты на тавар».

Спадарыня: «Гэта яшчэ залежыць ад таго, як будзе трымацца наш рубель. Пакуль нашаму „бацьку“ ніхто ўмоваў ня ставіў. Я ня ведаю, як і адкуль, але пакуль ён заўсёды выкручваецца зь любой сытуацыі...»

Спадар: «А што, у нас можа быць нейкі іншы варыянт? Мы ўжо перажывалі трайное падзеньне рубля, так што прышчэпку ўжо атрымалі».

Ягоная жонка: «У нас будзе расьці даляр яшчэ вышэй, і пражыць стане больш складана, але цярпеньне беларусаў — бязьмежнае. Будзем купляць беларускае...»

Спадарыня: «Гэта ўсё ў іх часовыя цяжкасьці, і, вядома, гэта захопіць і нас, бо мы нейкім чынам зьвязаныя з Расеяй. Але, папраўдзе, мяне гэта не турбуе. Для нас гэта ўжо не ўпершыню, мы да гэтага прызвычаеныя. Мы сябе пракормім па-любому: бульбы насадзім і будзем есьці...»

Спадарыня: «Па-мойму, іх дэвальвацыя ўжо адбілася на нас. У нас падае курс рубля, а курс даляра і эўра, натуральна, расьце. А гэта азначае, што ў нас застаецца менш грошай. Тым ня менш нават на сёньняшні дзень — дай Бог, каб горш не было...»

Дзяўчына: «Мне здаецца, што гэта адаб’ецца на нашым рублі — будуць расьці цэны. Я вось была ў краме — звычайнае масла ўжо каштуе 18 тысяч рублёў. А гэта відавочна, што на нас ўжо адбіваецца іх інфляцыя».