«Ня трэба было абзывацца ватнікамі і бандэраўцамі» — апытаньне ў Берасьці

У нядзелю ва Ўкраіне — парлямэнцкія выбары. Як, на вашу думку, у выніку іх зьменяцца дачыненьні паміж Украінай і Расеяй, Украінай і Беларусьсю? Адказваюць жыхары Берасьця.

Your browser doesn’t support HTML5

Што зьменіцца ва Ўкраіне пасьля выбараў? Адказваюць берасьцейцы


Маладая спадарыня: «Я ня думаю, што пасьля выбараў нешта зьменіцца. Проста ня трэба было кіяўлянам абзываць Данецк „ватнікамі“, а Данецку ня трэба было бандэраўцамі абзываць Кіеў. Ну, і таму там усе адзін аднаго ненавідзяць, і зьменаў там ніякіх ня будзе. Ну а калі такія адносіны застануцца паміж Кіевам і Данецкам, то не памяняюцца адносіны Кіева і Расеі. Так, трэба мірыцца ў любым выпадку. Трэба прабачыць адзін другому і сьцішваць гэтую вайну».

Спадар сярэдняга веку: «Павінны паўплываць... Калі выбары, то нешта будзе мяняцца, а ў які бок — паглядзім. Трэба, каб яны з Данбасам гэтым памірыліся, каб у іх не было кровапраліцьця. Бессардэчна і бесталкова, што яны мірных людзей там забіваюць».

Спадарыня сярэдняга веку: «Я спадзяюся, што выбары адбудуцца, і ў парлямэнт прыйдуць людзі, якія вырашаць гэты канфлікт паміж Расеяй і Ўкраінай. Што запрацуюць і фабрыкі, і заводы, і ня будзе вайны. Хопіць гэтага кровапраліцьця, усё-такі яно доўга цягнецца, і халады ідуць. Ды нам жа трэба не ваяваць, а гандляваць».

Спадарыня: «Калі Рада стане праэўрапейскай, то для Парашэнкі стане лягчэй будаваць эўрапейскую будучыню Ўкраіны. А адносіны зь Беларусьсю будуць залежаць ад таго, што Пуцін скажа Лукашэнку — што як рабіць. Спадзяюся, што ў Лукашэнкі хопіць розуму, каб не сапсаваць тыя адносіны, якія ёсьць зараз».

Спадар сярэдняга веку: «Па тых інфармацыйных зьвестках, якія маюцца, Пуцін прызнае выбары ва Ўкраіне. Але што будзе пасьля гэтага — мне падаецца, сытуацыя ня зьменіцца. Пуціну патрэбны Данбас, патрэбная Луганская вобласьць, і, адпаведна, патрэбны калідор, каб прайсьці да Чорнага мора».