«Прыйшоў сёньня а 10-й раніцы адзначацца ў Маскоўскі РУУС. Там у мяне забралі рэчы, адвезьлі ў дзяжурку. Я сядзеў у камэры ў дзяжурцы да 15 гадзін 15 хвілін. Потым адпусьцілі без складаньня пратакола. Мне ніхто нічога не казаў, ніякіх папераў не паказвалі. Калі я ўжо выйшаў, мне тут распавялі, што грамадзянін Лукашэнка адкрываў побач у маім раёне дом для супрацоўнікаў службы бясьпекі прэзыдэнта. І, мяркуючы па ўсім, каб я не перашкодзіў гэтаму важнаму мерапрыемству, вырашылі на час ізаляваць», — апавёў актывіст карэспандэнту Свабоды.
Раней жонка актывіста Сьвятлана напісала ў фэйсбуку, што супрацоўнік міліцыі ёй паведаміў, што з Пашам «усяго толькі гутараць».
Цягам апошніх двух гадоў Павал Вінаградаў адбыў у менскай турме на вуліцы Акрэсьціна больш за 200 дзён.
Напярэдадні Вінаградаў выйшаў на волю пасьля 15-суткавага арышту. Сярод іншага, ён паведаміў учора:
«Сёньня мне далі падпісаць паперу, што зьмяніліся правілы, паводле якіх я мушу адзначацца ў РУУС. Калі раней для гэтага мне прызначылі чацьвер з 9-й раніцы да 18-й, дык ад сёньня я магу гэта рабіць толькі па пятніцах і толькі з 9-й да 10-й раніцы. Чаму гэтак, ня ведаю. Магчыма, зноў хочуць мяне закрыць. Таму заўтра пайду адзначацца, узяўшы з сабою рэчы».