Актывіста апазыцыі Паўла Вінаградава сёньня выпусьцілі з турмы на Акрэсьціна, але зрабілі ўсё, каб сарваць ягоную сустрэчу з блізкімі і сябрамі.
Паўла павінны былі вызваліць а 10-й раніцы, але з турмы яго павезьлі яшчэ а 8-й, у міліцыю Маскоўскага раёну Менску, потым — бліжэй да кватэры.
Выйшаўшы на волю, Павал Вінаградаў распавёў, што гэтым разам яму давялося сядзець у больш жорсткіх умовах — яго пасадзілі ў камэру зь людзьмі, якія ўжываюць шмат алькаголю і вядуць асацыяльны лад жыцьця.
У міліцыі Павал Вінаградаў даведаўся, што яму зьмянілі парадак адзначэньня падчас прэвэнтыўнага нагляду: ён мусіць кожную пятніцу прыходзіць адзначацца з 9 да 10 раніцы. Раней яму трэба было прыходзіць у чацьвер з 10 раніцы да 6 вечара, то бок прамежак, падчас якога ён мог прыйсьці адзначыцца, быў даўжэйшы. Цяпер гэта ўскладнілі, паставілі больш жорсткія ўмовы.
Заўтра Паўлу зноў давядзецца ісьці адзначацца, і ён сам не выключае, што яго зноў могуць зьмясьціць на Акрэсьціна. Павал кажа, што пойдзе ўжо з рэчамі, падрыхтаваным на ўсялякі выпадак да новай адседкі.
Павал кажа, што ў міліцыі яму зноў пагражалі, што будуць афармляць на яго паперы на прымусовае лекаваньне ад алькагалізму. Гэта ён пакуль аніяк пракамэнтаваць ня можа, але кажа, што такое цалкам рэальна.
26-гадовы актывіст моладзевага крыла «Zмена» кампаніі «Гавары праўду» Павал Вінаградаў — адзін зь фігурантаў крымінальнай справы аб масавых беспарадках у Менску 19 сьнежня 2010 году. Быў асуджаны на чатыры гады калёніі ўзмоцненага рэжыму, вызвалены на падставе ўказу Аляксандра Лукашэнкі аб памілаваньні.
9 кастрычніка ён быў асуджаны судом Маскоўскага раёну Менску на 15 сутак адміністрацыйнага арышту.