Чэмпіёну-паралімпійцу Пісторыюсу далі 5 гадоў турмы

Оскар Пісторыюс (Oscar Pistorius)

Паўднёваафрыканскі суд асудзіў чэмпіёна Паралімпійскіх гульняў Оскара Пісторыюса, прызнанага вінаватым у ненаўмысным забойстве сваёй сяброўкі Рывы Стэнкамп, на пяць гадоў зьняволеньня.

Стэнкамп была забітая ў доме Пісторыюса ў Прэторыі ў лютым 2013 году. Пісторыюс казаў, што забіў яе памылкова, прыняўшы за рабаўніка.

У верасьні сёлета суд прызнаў Пісторыюса вінаватым у ненаўмысным забойстве і адпусьціў пад заклад да вынясеньня прысуду. Пракурор прасіў прызначыць паўднёваафрыканскаму лёгкаатлету пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі як мінімум на 10 гадоў. Абарона на працэсе Пісторыюса папрасіла прызначыць для яго пакараньне ў выглядзе грамадзкіх працаў на тры гады.

Оскар Пісторыюс, у якога ампутаваныя абедзьве нагі ніжэй каленяў, на Паралімпійскіх гульнях у Атэнах у 2004 годзе заваяваў бронзавы мэдаль на дыстанцыі 100 мэтраў і залаты на дыстанцыі 200 м.

Оскар Пісторыюс падчас забегу на 400 мэтраў на Алімпіядзе 2012 году

На чэмпіянаце сьвету 2006 году сярод асобаў з абмежаванымі магчымасьцямі ён перамог адразу на трох дыстанцыях — 100, 200 і 400 м. Але па-сапраўднаму Пісторыюс стаў вядомы, калі пачаў спаборнічаць са звычайнымі бегунамі. Пісторыюс бегае на адмысловых спружыністых пратэзах, выкарыстаньне якіх выклікала ў мінулым пярэчаньні некаторых адмыслоўцаў, якія сьцьвярджалі, што такія пратэзы даюць Пісторыюсу значныя перавагі перад звычайнымі бегунамі. Спартовы арбітражны суд пастанавіў, аднак, што Оскар Пісторыюс можа ўдзельнічаць у звычайных спаборніцтвах.

Оскар Пісторыюс пасьля вынясенья прысуду