18 кастрычніка ў Магілёве ўслаўлялі дранікі. Мясцовая суполка «Цэнтар гарадзкіх ініцыятыў» прысьвяціла гэтай беларускай страве фэстываль. Пакаштаваць улюбёны беларусамі бульбяны харч ды паслухаць беларускую музыку ў этнаграфічны комплекс народных промыслаў на «Дранік-фэст» прыйшла не адна сотня магілёўцаў.
Гатавалі дранікі, а потым імі частавалі студэнты Магілёўскага ўнівэрсытэту харчаваньня. Яны адны зь першых падтрымалі ідэю правядзеньня «Дранік-фэсту». «Мы хочам, каб дранік стаў сымбалем адраджэньня беларускай кухні», — — тлумачылі свой энтузіязм студэнты. Адна зь іхных натхняльніц, выкладчыца ўнівэрсытэту Вольга Мацыкава зазначае, што дранік — гэта стрыжань і апірышча беларускай нацыянальнай кухні, і безь яго ніяк не абысьціся:
«Ён жа падаецца і з соўсам, і рознымі прысмакамі. У той жа мачанцы асноўны кампанэнт — дранік. Беларуская ж кухня вельмі разнастайная. Аднак у скарбонцы ўсясьветнай кухні яна не займае належнага ёй месца, і мы стараемся яе папулярызаваць. Дастаць з нашых патаемных крыніц прызабытае».
Наш фэстываль не альтэрнатыва «Дажынкам», — даводзіць адна з арганізатарак «Дранік-фэсту», магілёўская журналістка Алена Барысава. «Дажынкі», зазначае яна, — сьвята, якое праслаўляе земляроба-вяскоўца, а мы ж гараджане: «А ў горадзе што можа аб’яднаць лепей за смачны дранік? Хаця дранік ёсьць ня толькі ў нас, у беларусаў. І немцы нешта такое з бульбы гатуюць, і палякі, і літоўцы будуць аспрэчваць іх з намі. Але ж як не круці, дранік ужо стаў брэндам для Беларусі».
Сябра Цэнтру гарадзкіх ініцыятыў Юры Стукалаў тлумачыць: фэстываль арганізоўваўся такім чынам, каб на ім людзі адпачывалі, а дранік іх аб’ядноўваў у дружную грамаду:
«У якой людзі гаварылі б адзін з адным на роўных і елі б дранікі. І неістотна, хто ты ў гэтай грамадзе: чыноўнік, бізнэсовец, ці проста працоўны. Наш фэстываль безалькагольны, і гэта дужа добра. Мы адразу адсякаем тую публіку, якая можа сапсаваць нам наша сьвята. Тут вельмі інтэлігентныя і цікавыя людзі, якія цікавяцца беларускай культурай і нацыянальнай кухняй».
У студэнтаў унівэрсытэту харчаваньня пытаю, а з чаго гатуюць дранікі: з бульбы, ці з картошкі? Маладыя людзі з ўсьмешкай па-расейску адказваюць:
«Дранік — гэта беларуская нацыянальная страва, а бульба — гэта самая галоўная і асноўная наша беларуская культура і любая ўсім нам. Мы ж бульбашы і з бульбы дранікі гатуем».
Магілёўскі скульптар Андрэй Вераб’ёў гэтак жа з усьмешкай заўважае, што ў Беларусі картошкі няма, а дранікі — яны з бульбы:
«Таму што ў нас расьце толькі бульба. Наша зямля выдае толькі бульбу», — тлумачыць скульптар. Дранікі, на ягоную думку, унікальная беларуская зьява: «Хаця заяўляць, што гэта страва толькі наша не выпадае, бо якраз гэтая зьява аб’ядноўвае і славянскія, і заходнеэўрапейскія народы. У іх дранікі ня горшыя. Але мы, у тым ліку і праз дранікі, — ёсьць часткай усясьветнай культуры».
Некаторыя наведнікі фэстывалю дзяліцца дранікамі зь іншымі народамі ня дужа наважаныя. Для іх дранік — толькі беларускі:
«Дранікаў, па-мойму, больш ні ў якай культуры няма — ні ў расейскай, ні ўкраінскай, — упэўнена заяўляе юнак. — Гэта толькі чыста беларуская, наша. А паколькі гэта наша беларускае — гэта наш сымбаль».
Для магілёўскага актора Ўладзімера Пятровіча дранікі гатуюць смачнымі толькі ў Беларусі. Сакрэт смакаты драніка — у ягонай прастаце, лічыць актор:
«У гэтай прастаце ўся геніяльнасьць. Ён просты да непрыстойнасьці. Вось у гэтым і ягоная заслуга».
Каб пакаштаваць згатаваныя студэнтамі дранікі, ахвочыя меліся выстаяць немалую чаргу. Іх елі з гуркамі, сьмятанай ды соўсамі. Пасьля быў конкурс на найлепшы дранік і канцэрт беларускай музыкі. Арганізатары «Дранік-фэсту» спадзяюцца, што ён стане традыцыйным.