Аляксандар Лукашэнка заявіў, што баявыя дзеяньні і гібель людзей на ўсходзе Ўкраіны неабходна спыніць «канчаткова і беспаваротна». А канфлікт вырашыць «толькі шляхам перамоваў». Паводле Лукашэнкі, у тым, што ва Ўкраіне адбыўся «антыканстытуцыйны пераварот», вінаваты Віктар Януковіч. Прычым Лукашэнка спачатку агаварыўся і пачаў распавядаць не пра Ўкраіну, а пра Расею.
«У Расеі адбыўся антыканстытуцыйны пераварот, падзеі на Майдане... Выбачайце, калі ласка... Не рабіце з гэтага ніякіх высноваў. Дрэнны прыклад нам, дарэчы, паказала Расея ў свой час, калі танкі стралялі па Белым доме. Слава Богу, там такога не было».
Лукашэнка сказаў, што ягоны плян вырашэньня ўкраінскага канфлікту не прынялі ні Захад, ні Расея. Хоць ён гатовы быў скарыстаць нават ва Ўкраіне беларускае войска, «каб разьвесьці канфліктуючыя бакі». Але такую меру льга было скарыстаць на пачатку канфлікту. А цяпер туды пасылаць нейкія войскі было б рызыкоўна.
Выказаўся Лукашэнка і пра ролю Расеі.
«Давайце ня будзем цямніць адзін перад адным. Калі б не Расея, то дні ДНР і ЛНР былі б зьлічаныя даўно. Расея проста вымушана (ці ня вымушана, але я лічу, што вымушана) абараняць і падтрымліваць гэтыя тэрыторыі. З розных прычын. Пачынаючы ад асабістага іміджу, рэйтынгу, і заканчваючы самым сьвятым — там жывуць браты, і ў бядзе Расея іх кінуць ня можа».
Лукашэнка заявіў, што яго пужаюць: маўляў, сёньня Ўкраіна, а заўтра Беларусь. Ён адзначыў, што нават на палітычным узроўні не разглядаецца такі варыянт.
«Я не дапускаю, каб Беларусь стала чарговай дзяржавай, у якой Расея зь нейкіх прычын забярэ частку тэрыторыі ці ўсю Беларусь. Поўная бязглузьдзіца. Кажу неяк: Уладзімер Уладзімеравіч, не перажывайце, у нас няма напругі ў гэтай частцы. Гэта вы павінны напружвацца, бо частка пскоўскіх, смаленскіх і бранскіх зямель некалі належалі Беларусі, давядзецца падзяліцца. Але ў нас і такой пазыцыі няма».
Не прамінуў Лукашэнка заявіць і пра імпэрскія амбіцыі Расеі, камэнтуючы сытуацыю з падатковым манэўрам.
«Ніхто проста так і незваротна Беларусі нічога не аддае. Наадварот, імкнуцца недзе нахіліць, зьняважыць, каб на каленях пастаялі, нешта папрасілі... Гэта няправільна. Гэта заўсёды засмучае і прыўносіць у нашы адносіны ня проста неразуменьне, а нейкую крыўду».
Лукашэнка абураўся бяздумнай прапагандай і ціскам, зьвязаным з тым, што Беларусь нібыта займаецца рээкспартам, парушаючы расейскае эмбарга. Ён сказаў, што «такую пікантнасьць прыдаў выпад Пуціна» падчас яго прыезду ў Менск. І заявіў, што будзе сьвята захоўваць дамоўленасьці з Расеяй і нават, калі спатрэбіцца, стане сьпіна ў сьпіну з Пуціным. Але будзе захоўваць сваю пазыцыю.
Таксама Лукашэнка заклікаў ня ціснуць на яго ў пытаньні вызначэньня статусу Крыму, не «даўбаць, як па Абхазіі». Маўляў, Беларусь тут вызначылася даўно. Але ён ня выключыў, што такое пытаньне можа паўстаць.
Адносна дачыненьняў з Захадам кіраўнік Беларусі сказаў:
«Украіна і наша пазыцыя па Ўкраіне, відаць, сталася гэтым штуршком, каб тыя, хто мае здаровы розум на Захадзе, у ЗША, і бізнэс найперш, пачалі казаць — ну, ім надарылася магчымасьць заявіць пра супрацоўніцтва з намі. Яны гэтым скарысталіся. Не таму, што яны мяне ня лічаць дыктатарам — як лічылі, так і лічаць, толькі ня кажуць».
Лукашэнка сказаў, што вельмі добра ставіцца да ўкраінскага народа. У сваіх адказах ён зноў згадаў пра свае ўкраінскія карані.
«У нас цяжка разрэзаць чалавека і паглядзець, ён расеец ці беларус. У Беларусі перамяшана ўсё — расейская, польская кроў, украінская, габрэйская, нават татар у нас 30 тысяч жыве. Беларусь — гэта грымучая сумесь, канглямэрат. Чаму і разумныя людзі. Увабралі ўсё гэта. Я не пра сябе, я пра Беларусь. Я больш украінец, напэўна.
Я вельмі добра ведаю ўкраінскі народ, асабліва на захадзе. І ня верце, што ва Ўкраіне западэнцы — гэта нацысты, фашысты. А на ўсходзе толькі нашы. Ды нармальныя там людзі».
Напрыканцы размовы Лукашэнка прызнаў, што, будучы прэзыдэнтам, ён дапусьціў адну памылку, пра якую вельмі шкадуе. Гэта тое, што Беларусь аддала ядзерную зброю са сваёй тэрыторыі, не атрымаўшы за гэта ніякай кампэнсацыі.