Вуліца Быкава за птушкафабрыкай

Васіля Быкава перасталі баяцца? Ён стаў ня страшным для начальства? Ня ведаю. Але ў горадзе Быкава Горадні штосьці нарэшце зрушылася: паявіцца вуліца яго імя. Рашэньне прынятае. Канечне, будзе яна «у чорта на кулічках».

За апошні час да Горадні далучылі навакольныя вёскі. На месцы некаторых або побач зь імі будуюць новыя спальныя мікрараёны. Вуліца Быкава будзе ў адным з такіх, называецца ён Альшанка. Назва прыгожая, але ня больш таго. Будуецца ён у далёкай, занёманскай частцы гораду, за птушкафабрыкай. Праўда, не адразу за ёй, а — на адлегласьці. Бо вялікую плошчу займае санітарная зона фабрыкі, дзе жытло будаваць нельга.

Начальства, такім чынам, «упалявала» двух зьвяроў за раз: і вуліца пісьменьніка будзе, і ніхто, апроч жыхароў шматпавярховак, аб ёй не даведаецца. Словам, ня будзе кідацца ў вочы, што памяць пісьменьніка ўшанаваная, бо знайсьці вуліцу будзе няпроста, а тым жа часам ніхто больш ня стане надакучваць, ствараць праблему. Тыя, хто змагаўся за вуліцу Быкава, цяпер адчуюць расчараваньне і горыч. Ня варты спальны раён такіх важных для беларусаў імёнаў! Дастаткова называць там вуліцы нэўтральна: Зялёная, Лясная і так далей... Але затое начальства цяпер зможа жыць спакойна: ніхто больш ня будзе зьбіраць подпісы, пісаць заявы. Вы хацелі вуліцу Быкава? Атрымайце!

Кампанія за вуліцу Быкава ў Горадні, на цьвярозую галаву, была знаходкай для гарадзкой улады. Гэта рэдкі прыклад, калі актыўная частка жыхароў хоча дапамагчы начальству сфармаваць патрэбнае аблічча гораду. Вядома: для большасьці ўсё роўна, як будуць называцца вуліцы. Пасьля вайны савецкая ўлада памяняла амаль усе назвы як хацела, ні ў кога не пытаючыся. Каб яны былі аднолькавыя ўва ўсіх гарадах СССР. Людзі прызвычаіліся з таго часу, што назвы — ня іхняга розуму справа, і можна «атрымаць па руках».

Сёньня вакол гораду будуюцца новыя кварталы прыватнай забудовы і шматпавярховай, і ў начальства часам не хапае фантазіі — як назваць наступную вуліцу. Вось і трапілася пад руку нявыкарыстаная «вуліца Быкава». Чаму нявыкарыстаная? Там што «дзьмулі на халоднае», перастрахоўваліся. Нагадаю гісторыю. Толькі памёр Васіль Быкаў, гарвыканкам, усьведамляючы яго важнасьць для Горадні, адразу прыняў рашэньне ўшанаваць памяць пісьменьніка мэмарыяльнай шыльдай. Нават тэкст зацьвердзілі. Гэта быў шчыры крок адказных людзей. На жаль, шыльда быкаўская згубілася недзе ў чынавенскіх кабінэтах. Няма яе да сёньняшняга дня.

Тады грамадзкасьць стала агітаваць начальства за вуліцу Быкава: ён жыў і працаваў у цэнтры, дзе вуліцы невялікія, але затое, ён сам хадзіў па іх, тут задумваў і ствараў свае аповесьці. Натурылася начальства, не хацела. Назаві вуліцу імем Быкава, а прыедзе са сталіцы вялікае кіраўніцтва, убачыць і скажа строга: гэта — палітычная блізарукасьць! І прыдуманы быў «контрудар»: на подпісы за вуліцу Быкава былі сабраныя іншыя — супраць яе! Цяжка паверыць, але зь ліста жыхароў вынікала, што ім вельмі падабаецца жыць на вуліцы ўральскага бальшавіка Сьвярдлова і што калі ягонае прозьвішча заменяць прозьвішчам вялікага беларускага пісьменьніка, гарадзенца, гэта будзе абражаць іхнія найлепшыя пачуцьці...

Калі шчыра: так, начальства баялася Лукашэнкі, але тым жа часам лепшыя галовы ў кабінэтах абсалютна шчыра ўсьведалялі, што ўшанаваць імя народнага пісьменьніка ў Горадні неабходна. І вось тады было падрыхтавана даволі «кампраміснае» рашэньне. За нёманскім мостам у прыгожым месцы збудавалі тры сьвечкі — гарадзенскія хмарачосы і побач — дамы ніжэйшыя. Кароткая, але файная вуліца — паўдугой уздоўж лесу. Камісія па назвах прагаласавала: няхай будзе вуліцай Васіля Быкава! Але рашэньне камісіі мае «рэкамэндацельны характар». Начальства шуснула ў кусты. У паперах будаўнікоў было запісана, што сучаснае жытло стане на месцы двух баракаў, адрас якіх быў «завулак Паповіча». Завулкам Паповіча і застаўся. А Быкава — за птушкафабрыку!