Дзяржаўны мытны камітэт Рэспублікі Беларусь істотна абмежаваў пералік і колькасьць тавараў для асабістага карыстаньня, якія дазволена ўвозіць жыхарам памежжа праз пункты спрошчанага пропуску па вяртаньні з-за мяжы. Новыя нормы набудуць моц 25 кастрычніка.
Вось некаторыя пазыцыі зь пераліку:
— Адзеньне і абутак, якія маюць бачныя прыкметы нашэньня, праньня, а таксама прадметы асабістай гігіены пры ўвозе Беларусь і вывазе з краіны — па 1 адзінцы ня больш за 5 найменьняў.
— Прадукты харчаваньня расьліннага паходжаньня, відавочна прызначаныя для асабістага спажываньня, пры ўвозе і пры вывазе — да 5 кг у сукупнасьці, але ня больш за 1 кг аднаго найменьня. Пры гэтым кава і гарбата — да 0,25 кг кожнага напою.
— Алькагольныя напоі, за выключэньнем піва: пры ўвозе — у адной ёмістасьці аб’ёмам не больш за 0,75 л у разьліку на адну фізычную асобу, якая дасягнула 18-гадовага ўзросту; пры вывазе — ня больш за 1 л. Піва: пры ўвозе — ня больш за 0,5 л у разьліку на адну фізычную асобу, якая дасягнула 18-гадовага ўзросту; пры вывазе — ня больш за 2 л.
— Цыгарэты пры ўвозе і вывазе — ня больш за 40 штук у разьліку на адну фізычную асобу, якая дасягнула 18-гадовага ўзросту. Тытунь ці іншыя тытунёвыя вырабы пры ўвозе і вывазе — ня больш за 40 г у разьліку на 1 фізычную асобу, якая дасягнула 18-гадовага ўзросту.
Экспэрт у галіне дробнага гандлю, адзін з актывістаў прадпрымальніцкага руху Ігар Леднік лічыць, што чарговая абмежавальная норма ініцыяваная ня ў Менску, а ў рамках далейшай уніфікацыі «саюзнага» заканадаўства спушчаная з Масквы:
«Тут існуе такая праблема, што Крэмль у межах Мытнага саюзу цяпер прасоўвае свае стандарты, уключна з кантролем і кіраваньнем перамяшчэньнем тавараў і прадукцыі праз „агульныя межы“. Таму зусім ня выключана, што „ўпарадкаваньне“ вядзецца і з гэтага пункту гледжаньня. То бок ня толькі ўкараняюцца адзіныя стандарты ў мыце, пошлінах, розныя рэглямэнты і г.д., але і ўвогуле адзіная нарматыўная база ў межах адзінага мытнага і эканамічнага саюзу. Цалкам магчыма, што такая ўказілаўка ідзе з Масквы, бо гэта іхнія нормы. Мы ж у так званым саюзе, не забывайце пра гэта. Асабіста я не разглядаю гэта як уласную ініцыятыву нашага Мытнага камітэту ці нейкіх іншых структураў. Больш падобна да таго, што гэта такі трэнд у межах Мытнага саюзу. І гэты трэнд на абмежаваньні, рэглямэнты будзе тычыцца ўсіх — і прадпрымальнікаў, і грамадзянаў. Усё гэта будзе ісьці з Усходу».
Пад абмежаваньне падпадаюць нават тавары, прызначаныя для рэлігійных абрадаў. Пры ўвозе і вывазе — па адным кожнага найменьня. Гэтаксама рыдлёўкі, граблі, косы, вілы, гачкі, кошыкі, вёдры пры ўвозе і вывазе — па 1 адзінцы кожнага найменьня.