Пра гэта Кірыл Руды заявіў 16 кастрычніка на сустрэчы са студэнцкім актывам Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту.
Адказваючы на пытаньне дэкана факультэту міжнародных адносін БДУ пра тое, колькі трэба грошай для шчасьця і які рацыянальны дастатак для Беларусі, Кірыл Руды адзначыў, што ўзровень зарплаты неабходна параўноўваць з маштабам цэнаў.
«Калі мы гаворым аб прадуктах харчаваньня, спажывецкім кошыку, рэчах, якія мы хочам купіць, то заробак у раёне 3000 даляраў — годны заробак... зараз скажу каго», — задумаўся Кірыл Руды.
Паводле БелаПАН, рэагуючы на сьмех у залі і зьвяртаючыся да рэктара БДУ Сяргея Абламейкі, памочнік прэзыдэнта дадаў: «Мне здаецца, Сяргею Ўладзіміравічу, як рэктару і як акадэміку, гэтага мала».
Кірыл Руды прызначаны памочнікам прэзыдэнта па эканамічных пытаньнях летам 2013 году. Дагэтуль ён займаў пасаду намесьніка гендырэктара ТАА «Бел Хуавэй Тэхнолоджыз».
У жніўні сярэдні заробак у Беларусі склаў 6,36 млн рублёў. Заробак меншы за 5 млн беларускіх рублёў у жніўні атрымлівалі амаль 40% работнікаў.