Незалежны прафсаюз шукае сьведкаў спаленьня кацянят у Полацку

Актывісты Свабоднага прафсаюзу беларускага заклікалі рабочых ААТ «Полацак-Шкловалакно» не замоўчваць здарэньне і далучыцца да акцыі электронных зваротаў на адрас полацкіх уладаў, ініцыяванай Грамадзянскай кампаніяй «Не — жорсткаму абыходжаньню з жывёламі».

Кіраўнік суполкі СПБ Віктар Стукаў распавёў «Свабодзе», што інцыдэнт, які здарыўся на прадпрыемстве, набыў шырокага розгаласу:

«Мы зносімся з рабочымі непасрэдна, і людзі гавораць, што выпадкі, калі жывёл спальваюць у плавільнай печы цэху № 7, здараліся раней таксама. Цяпер, дзякуючы абмеркаваньням у сацыяльных сетках, усё гэта хутчэй „усплыло на паверхню“. І мы шукаем тых, хто не пабаіцца пацьвердзіць у судзе, што ведае пра такія выпадкі. І ў прыватнасьці пра выпадак, што здарыўся 9 або 10 кастрычніка, — калі па агульнай дамоўленасьці начальнікаў цэхаў № 7 і № 8 у шклоплавільнай печы жыўцом спалілі котку з кацянятамі, якія жылі на тэрыторыі прадпрыемства. Нібыта яны псавалі гатовую прадукцыю, але гэтая вэрсія выклікае ў рабочых вялікія сумневы. Найхутчэй, жывёлы проста трапілі на вочы начальству ў нейкі нешчасьлівы момант».

Віктар Стукаў даслаў афіцыйны зварот і на імя дырэктара прадпрыемства. Ён просіць правесьці праверку акалічнасьцяў інцыдэнту, калі ён здарыўся і хто былі ўдзельнікі. У прыватнасьці, ці быў загад кіраўніцтва цэхаў № 7 і № 8, каб рабочыя займаліся адловам жывёл, а потым спалілі іх у шклоплавільнай печцы.

Паводле спадара Стукава, дзікунства са спаленьнем жывёл выразна адлюстроўвае стаўленьне начальства і да работнікаў:

«За жорсткае абыходжаньне з жывёламі беларускім заканадаўствам прадугледжана адміністрацыйнае пакараньне. Малаверагодна, што прадстаўнікі адміністрацыі пра гэта ня ведалі, калі аддавалі загад расправіцца з кацянятамі. Але яны ўпэўненыя ў сваёй беспакаранасьці: у тым, што людзі ня будуць пратэставаць пад страхам звальненьня, непрадаўжэньня кантрактаў. І ўсё ж мы спадзяемся, што гэты выпадак дапаможа нашым працаўнікам скансалідавацца супраць несправядлівасьці, супраць парушэньня закону. Кожны недзе глыбока ў душы разумее: не пашкадавалі кацянят, дык і людзей жа не шкадуюць! Калі начальнік загадвае рабочаму кінуць у печку жывёліну, дык ён фактычна робіць зь яго садыста і правапарушальніка супраць ягонай уласнай волі. Можа, хаця б рабочыя больш выразна адчуюць, да чаго можа давесьці сыстэматычнае парушэньне іхных працоўных правоў!»

Рабочым ААТ «Полацак-Шкловалакно» прапанавана далучыцца і да акцыі электронных зваротаў, ініцыяванай Грамадзянскай Кампаніі «Не — жорсткаму абыходжаньню з жывёламі». Алёна Валынец-Чарняева, кіраўніца грамадзянскай кампаніі, тлумачыць мэханізм дзеяньня электронных зваротаў праз інтэрнэтны сэрвіс zvarot.by:

«Мы склалі тэкст звароту адразу ў 2 інстанцыі: у Полацкі райвыканкам і ў Полацкую гарадзкую пракуратуру. Калі чалавек зарэгіструецца і дашле зварот, то ліст ад ягонага імя аўтаматычна трапіць у дзьве гэтыя структуры. І цягам 15 дзён, належных па законе, яму мусяць даслаць адказ — ці на электронную пошту, ці на паштовую адрас. Наша мэта — ня даць чыноўнікам магчымасьці праігнараваць гэты інцыдэнт, распачаць пошукі вінаватых, каб пакараць іх. Пакуль што адміністрацыйна, хаця мы заўсёды лічылі, што за жорсткае абыходжаньне з жывёламі трэба ўводзіць крымінальную адказнасьць».

Зварот да полацкіх уладаў і пракурораў складзены па-беларуску і па-расейску. Галоўнае тут — прадэманстраваць адказным асобам, што грамадзкасьць неабыякавая да такіх выпадкаў, і каб падобнае больш ніколі не паўтаралася ні ў Полацку, ні ў іншых гарадах, лічыць Алёна Валынец-Чарняева.

Інфармацыя ў СМІ пра інцыдэнт на полацкім прадпрыемстве выклікала шырокі рэзананс, і ўжо вядома пра прыватныя ініцыятывы неабыякавых грамадзян. Так, юрыст Алег Граблеўскі даслаў заявы з патрабаваньнем разабрацца ў сытуацыі і пакараць вінаватых у Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя, Міністэрства аховы працы і сацыяльнай абароны, Генэральную пракуратуру, Фэдэрацыю прафсаюзаў, а таксама дырэктару ААТ «Полацк-Шкловалакно».