Лукашэнка: Выбары ў сакавіку — гэта падман нашых выбаршчыкаў

Менск, 2010

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка выказаўся супраць правядзеньня прэзыдэнцкіх выбараў у сакавіку 2015 году.

Такая заява прагучала падчас прызначэньня кіраўнікоў мясцовых выканаўчых органаў 14 кастрычніка.

Лукашэнка заклікаў чыноўнікаў падвышаць выканаўчую дысцыпліну:

«Прынятае рашэньне — кропка. Калі ня выканана, то наступаюць іншыя патрабаваньні, аж да крымінальнай адказнасьці».

«Так будзе і далей, ня гледзячы на тое, будуць — ня будуць у нас выбары. На гэта арыентавацца ня трэба. Варта памятаць, што гэта экзамэн, і мы ўсе будзем здаваць гэты экзамэн. Але падладжвацца пад выбары, як мне прапаноўваюць (тут ужо ўсё пішуць, пачынаючы ад некаторых апазыцыянэраў), давайце правядзём не ў лістападзе наступнага году, як належыць, калі тэрмін канчаецца, а ў сакавіку, маўляў, цяпер абстаноўка адпаведная, рэйтынг у дзейнага прэзыдэнта ледзь не 90%, давайце правядзём. Гэта будзе падман нашых выбаршчыкаў і насельніцтва. Мы не павінны гэтага рабіць, тым больш падстаўляцца там, дзе ня трэба, пад крытыку.

Мы выйдзем да народа і скажам проста, што змаглі зрабіць. Што не змаглі — зробім. Хоча народ — няхай галасуе, ня хоча — ня трэба. Няхай абіраюць іншага чалавека. Павінна быць усё сумленна. На гэта трэба арыентавацца, настройвацца і не падладжвацца ні пад якія выбары. Жыцьцё павінна ісьці сваім парадкам. Мы павінны ў аснову нашай палітыкі пакласьці сумленнасьць і справядлівасьць. Больш нічога ня трэба. Паняцьці сумленнасьці і справядлівасьці сталі ўжо не псыхалягічнымі, а эканамічнымі», — адзначыў Лукашэнка.

Хоча народ — няхай галасуе, ня хоча — ня трэба. Няхай абіраюць іншага чалавека

Раней Лібэральна-дэмакратычная партыя Беларусі выступіла з ініцыятывай правесьці выбары вясной наступнага году. Сакратар ЦВК Мікалай Лазавік адзначыў агенцыі БелаПАН, што пакуль няма падстаў для гэтага.

У ЛДП патлумачылі сваю ініцыятыву тым, што гэта «аптымальная дата правядзеньня выбараў па многіх прычынах, і самае галоўнае — у гэты час удзел у выбарах прыме максымальная колькасьць выбаршчыкаў».

«Такая прапанова не супярэчыць заканадаўству, але павінны быць важкія падставы», — заявіў Лазавік. Ён падкрэсьліў, што тэрміны правядзеньня выбараў ўсталёўвае заканадаўства. «Як правіла, выбары і парлямэнта, і прэзыдэнта, і дэпутатаў мясцовых саветаў прызначаюцца дзесьці бліжэй да крайняй даты. Перанос у нас у гісторыі ажыцьцяўляўся на досыць вялікі пэрыяд — больш за месяц, было такое, — але для гэтага патрэбныя падставы. На сёньняшні дзень я такіх падстаў наогул ня бачу», — сказаў сакратар ЦВК.

Таму наступныя прэзыдэнцкія выбары, калі арыентавацца на патрабаваньні заканадаўства, павінны адбыцца восеньню 2015 году.