Беларусь — Украіна: фатальны аўтагол і палітычныя жарсьці

Позна ўвечары 9 кастрычніка у рамках кваліфікацыі на чэмпіянат Эўропы 2016 году на «Барысаў Арэне» сустракаліся нацыянальныя зборныя Беларусі і Ўкраіны. Вынік матчу не суцяшальны для беларускіх заўзятараў і паступова зьмяншае шанцы выхаванцаў Георгія Кандрацьева на выхад у фінальную частку спаборніцтваў. Беларусь — Украіна: 0:2.

Абедзьве каманды няўдала стартавалі ў адборачным цыкле да Эўра-2016: месяц таму беларусы на выезьдзе згулялі ўнічыю з Люксембургам, украінцы саступілі ў Кіеве Славаччыне. Каб захаваць шанцы на пападаньне ў лік 24 лепшых, трэба было абавязкова набіраць ачкі, асабліва дома. Першая палова матчу праходзіла ў роўнай барацьбе, з вострымі момантамі ля двух варотаў. Але на апошнім рубяжы ўпэўнена дзейнічалі галкіперы — Юры Жаўноў і Андрэй Пятаў.

У другім тайме малюнак гульні асабліва не зьмяніўся: гульцы, да радасьці тарсіды, шукалі шчасьця на чужой палове поля. Аднак за 10 хвілінаў да канца сустрэчы фатальную памылку дапусьціў абаронца беларусаў Аляксандар Мартыновіч, які пераправіў мяч ва ўласныя вароты. Адгуляцца беларусы ня толькі ня здолелі, а прапусьцілі яшчэ адзін крыўдны гол на апошняй хвіліне.

Пакуль яшчэ захоўвалася інтрыга, градус паядынку задавалі заўзятары. І хоць аншлягу на «Барысаў Арэне» ня здарылася, шумавы фон і вялікі банэр «Сустрэча братоў» увесь час нагадвалі пра прынцыповасьць гульні. Прычым, гэтым разам прыхільнікі камандаў-суперніц выступалі ў адной зьвязцы. Задаў танальнасьць выкананы хорам нецэнзурны гіт пра Пуціна («ла-ла-ла») --- «нехарошага» чалавека ў дачыненьні да Ўкраіны. З розных куткоў фанацкай дыслякацыі чуліся «Воіны сьвету» і «Ня быць скотам!»

Украінскія сэктары раз-пораз узрываліся воклічам «Слава Ўкраіне!», рэхам вярталася «Героям Слава!». У адказ над стадыёнам ляцела «Жыве Беларусь!». Асабліва сэнтымэнтальная частка, каб падкрэсьліць нацыянальную ідэнтычнасьць, нават зацягнула «Купалінку».

Your browser doesn’t support HTML5

«Пуцін — х***» — на стадыёне ў Барысаве

Усе абвесткі на стадыёне, якія агучваў камэнтатар Уладзімер Навіцкі, гучалі па-беларуску, камэнтатар гульні на тэлеканале Беларусь-2 таксама па-беларуску правёў Павал Баранаў.

Нейкія тры гады таму зборная Беларусі, сфармаваная з гульцоў да 21 году, стала прызёрам моладзевага Эўропы, атрымаўшы магчымасьць выступіць на Алімпіядзе ў Лёндане. Прывёў падначаленых да несумненнага посьпеху цяперашні галоўны трэнэр галоўнай каманды Георгі Кандрацьеў. І хоць некаторыя футбалісты той «маладзёжкі» цяпер складаюць касьцяк дарослага калектыву, паказваць годныя вынікі ўвесь час нешта замінае. Георгі Пятровіч наракае, што многія таленты проста зьнікаюць па дарозе ў дарослы футбол:

Георгі Кандрацьеў

«Мы шмат губляем хлопцаў пры пераходзе з моладзевага ў дарослы футбол. На жаль, нашых гульцоў вельмі рэдка запрашаюць у эўрапейскія клюбы. У лепшым выпадку ў Расею, і тое не ў вядучыя каманды, дзе часьцяком нашы аказваюцца на лаўцы запасных. А калі чалавек не гуляе, натуральна, ён не прагрэсуе. Вось гэта галоўная прычына: не трапляюць у топ-каманды нашы маладыя гульцы. Сяргей Крывец патрапіў у „Мец“. Хоць цяжка назваць „Мец“ топ-камандай, але ж чэмпіянат добры, таму і для Сяргея, і для зборнай гэта вялізны плюс. А каб там гуляла 15-16 нашых? Чаму зборная Ісляндыі, якую мы на моладзевым чэмпіянаце абыгралі 2:0, так удала гуляе? Таму што іх хлопцы выступаюць у Англіі, Нямеччыне, Італіі, Галяндыі. Практычна ўся „маладзёжка“ таго складу цяпер гуляе за нацыянальную зборную, яны ўжо ў тым адборы змагаліся ў плэй-оф да чэмпіянату сьвету і зараз туркаў перамаглі 3:0. Прагрэсуюць, трапляюць у добрыя каманды, яны ў Эўразьвязе. А нам складана ў гэтым пытаньні. І пакуль нашы ня будуць гуляць у моцных камандах, складана будзе пры любым трэнэры, пры любым кіраўніцтве».

У мінулым слынны беларускі футбаліст Міхаіл Мустыгін лічыць, што Георгі Кандрацьеў яшчэ не выпрацаваў свой рэсурс і спакуса памяняць яго на больш вопытнага настаўніка, асабліва зь ліку замежнікаў, наўрад ці апраўданая. Па яго словах, экспэрымэнт з немцам Бэрндам Штанге мусіць стаць сыгналам для прыхільнікаў гонкі за вынікам, не зважаючы на фінансавыя выдаткі. Па яго словах, калі камандзе ня лёс выйграваць, то яе не ўратуе ніхто:

Міхаіл Мустыгін

«Я лічу, што стаўка павінна быць толькі на сваіх трэнэраў. Вось Кандрацьеў трэніруе — і няхай трэніруе. Ніводзін іншы трэнэр цуда ня зробіць. Быў у нас, як я яго называў, дзівак такі, Штанге. Ну, што ён зрабіў? Нічога. Добрыя грошы зарабіў і зьехаў. Таму хай ужо цягне гэты воз Кандрацьеў. Дый што ў нас, мала спэцыялістаў здольных? Адзінае, у трэнэра павінна галава варыць. Трэба разумець, каго ставіць, а каго прытрымаць, каго ў адным моманце замяніць, каго выпусьціць. Павінна быць галава на плячах, а не на вока рабіць. Я сам неаднаразова пра гэта думаў і лічу, што мяняць сваіх на замежнікаў ня варта. У іншых відах спорту запрашаюць, запрашаюць, а што? Вось пераканаліся на прыкладзе Штанге, ну і хопіць. Зараз правільна робяць, што Кандрацьева ставяць: прайграюць, не прайграюць — усё адно ставяць. Прайграе — дык хоць свой, ня так крыўдна. Бо і так прайгралі б. А то запрашаюць „штангу“, той трэніраваў, трэніраваў, а потым зь яго сьмяяцца сталі. Чаго ж сьмяяцца, калі ніхто нічога ня можа зрабіць?».

Наступную сустрэчу на групавой стадыі каманда Беларусі правядзе ўсё на той жа барысаўскай арэне 12 кастрычніка. Супернікам — зборная Славаччыны, якая ўчыняе адну сэнсацыю за адной. Пасьля перамогі месяц таму над украінцамі ўчора славакі прымусілі капітуляваць экс-чэмпіёнаў сьвету і Эўропы Гішпанію. Пасьля гэтага з шасьцю ачкамі Славаччына выйшла на чыстае месца ў групе С. Калі і ў нядзелю беларусам ня ўдасца пакласьці ў скарбонку хоць ачко, застанецца гуляць не на вынік, а проста ў сваё задавальненьне. Пакуль жа выхаванцы Кандрацьева атабарыліся на дне турнірнай табліцы разам з Люксэмбургам, які на апошніх хвілінах крыўдна выпусьціў нічыю з Македоніяй.