Беларусы баяцца беднасьці і не давяраюць апазыцыі

Амаль палова беларусаў, ацэньваючы сваю цяперашнюю эканамічную сытуацыю, лічыць, што жыць цяжка, але можна яшчэ пацярпець.

Пра гэта сьведчаць вынікі сацыялягічнага дасьледаваньня грамадзкай думкі, праведзенага ў верасьні 2014 году сацыёлягамі Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў (НІСЭПД) шляхам апытаньня 1506 рэспандэнтаў.

34 працэнты апытаных лічаць, што «ўсё ня так кепска, можна жыць», і толькі 15 працэнтаў выказаліся, што «цярпець наш гаротны стан ужо немагчыма».

Ацэньваючы сацыяльную групу, да якой яны належаць, амаль 53 працэнты паведамілі, што ім «грошай хапае на прадукты і вопратку, але купля рэчаў працяглага карыстаньня зьяўляецца праблемай». Хапае грошай на прадукты, але нестае на адзеньне 25 працэнтам апытаных.

43 працэнты рэспандэнтаў выказаліся, што больш за ўсё баяцца беднасьці, а страта здароўя выклікае неспакой ажно ў 62 працэнтаў. Грамадзянскай вайны баяцца 27 працэнтаў апытаных, замежнай агрэсіі — 20 працэнтаў, страты Беларусьсю незалежнасьці — 13 працэнтаў.

Тым часам адзначаецца падзеньне даверу да апазыцыі — 14 працэнтаў (у чэрвені было 15) і рост даверу да дзяржаўных СМІ — 39 працэнтаў (у чэрвені было 33).

Адказваючы на пытаньне «Ці разумее беларуская апазыцыя праблемы і клопаты такіх людзей, як вы?», 59 працэнтаў апытаных адказалі «не», 21 працэнт — «так». Год таму гэтыя лічбы склалі 56 і 24 працэнты адпаведна.

Вынікі апытаньня пра нізкі давер да апазыцыі перагукаюцца з ранейшым апытаньнем Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў, згодна зь якім рэйтынг Лукашэнкі вырас на фоне падзей ва Ўкраіне.