У Горадні злавілі хабарнікаў

Супрацоўнікі КДБ затрымалі з доказамі злачынства пры атрыманьні хабару начальніка землеўпарадкавальнай службы і начальніка гаспадарчага аддзелу Гарадзенскага гарвыканкаму.

«За спрыяльнае вырашэньне пытаньня аб працягу права на карыстаньне зямельным участкам службовыя асобы запатрабавалі ў заснавальніка аднаго з камэрцыйных прадпрыемстваў Гарадзеншчыны 6000 даляраў ЗША», — паведаміла прэс-служба КДБ.

Частку хабару ў памеры 2000 даляраў ЗША прадстаўнік фірмы перадаў ім у жніўні.

Пры ператрусе ў кабінэце аднаго з падазраваных супрацоўнікі КДБ знайшлі і вынялі канвэрт з 1000 даляраў ЗША, паходжаньне якога падазраваны ня змог растлумачыць.

Упраўленьне КДБ па Гарадзенскай вобласьці пачало крымінальную справу за атрыманьне хабару. Хабарнікаў узялі пад варту.