Дзень беларускай вышыванкі, які ўпершыню адбыўся 5 кастрычніка ў прасторы «ДК», наведала больш за 1500 чалавек. Майстры, якія прэзэнтавалі беларускае нацыянальнае адзеньне, сувэніры ды ўпрыгожаньні з нацыянальным калярытам, не змаглі цалкам задаволіць попыт на вышыванкі і сувэніры зь беларускім арнамэнтам — усё раскуплялася на вачах.
Радыё Свабода пагутарыла з Паўлам Белавусам, дырэктарам «Арт Сядзібы», якая ініцыявала фэстываль.
— Павал, хто прыдумаў правесьці Дзень беларускай вышыванкі? І хто арганізаваў гэты фэст?
— Ідэя належыць камандзе «АртСядзібы». Але рэалізацыя гэтай ідэі адбылася дзякуючы таму, што мы зьвярнуліся да Асамблеі НДА, якая вядзе кампанію «Зробім лепш». Таму можна сказаць, што першы Дзень беларускай вышыванкі адбыўся з ініцыятывы «АртСядзібы» пры падтрымцы Асамблеі НДА. Агулам арганізацыяй займалася 10 чалавек — гэта і валянтэры, і сталыя супрацоўнікі «АртСядзібы».
— Фэсту, які вы назвалі «Дзень беларускай вышыванкі», папярэднічалі месяцы раскруткі і папулярызацыі гэтага трэнду. Былі акцыі са стужкамі зь беларускім арнамэнтам, былі фотасэсіі вядомых асобаў у вышыванках. Раскажы пра гэты працэс. Якім чынам папулярызавалася вышыванка?
— Пачалося ўсё з таго, што Радыё Свабода і «АртСядзіба» запусьцілі сумесную кампанію «Свабода Арт», у межах якой праводзіліся творчыя конкурсы, скіраваныя на папулярызацыю беларускіх сымбаляў і беларускай культуры. Адным зь першых крокаў у рамках «Свабода Арт» стаў выпуск маек-вышыванак, якія тут жа ў інтэрнэце сталі называць вышымайкамі. Спачатку 200 такіх вышымаек былі вырабленыя для таго, каб імі ўзнагароджваць пераможцаў конкурсаў. Так атрымалася, што тыя 200 штук імгненна разышліся: за тыдзень мы іх разыгралі і раздалі цікавым людзям, якія сталі фоткацца ў вышымайках і такім чынам дэманстраваць новы прадукт. Я лічу, што гэта стала пунктам, зь якога пачаўся трэнд вышыванкі. Пасьля быў другі і трэці тыражы вышымаек, была створаная крама symbal.by, каб людзі маглі замаўляць іх. Карацей, адбыўся выхад на камэрцыйны ўзровень. Трэба сказаць, што ў той жа час гэты трэнд падхапілі брэнды вопраткі LSTR і Honar, якія, выпускаючы вышыванкі і раней, сталі цяпер вельмі актыўна прапаноўваць новыя віды вышыванак. Усё гэта суправаджалася вялізнай колькасьцю публікацыяў пра вышыванкі, пра крамы, дзе іх можна набыць, пра людзей, якія іх вырабляюць. Адпаведна, і цікавасьць да вышыванкі моцна павялічылася. Шмат хто піша і пытаецца, дзе ўзяць. У краме «Лянок» раскупілі ўсё што можна. Адчулася, што мы трапілі ў хвалю, злавілі тое, што людзям патрэбна. А патрэбна было нешта, з дапамогай чаго беларус можа вельмі простым чынам паказаць сябе беларусам. Ня ўсе могуць адразу перайсьці на мову ці павесіць бел-чырвона-белы сьцяг, а тут такі просты спосаб заявіць пра сябе і пра сваю пазыцыю.
— Ці можна сказаць, што прычынай актуалізацыі беларускага арнамэнту стала сытуацыя ва Ўкраіне, дзе таксама шукалі розны сымбалі адметнасьці і дзе ўкраінская вышыванка адназначна ўспрымаецца як адзнака патрыятызму і адданасьці краіне?
— Лічу, што гэтыя рэчы зьвязаныя. У любым выпадку людзі, якія падхапілі брэнд вышыванкі, — гэта адназначна разумныя людзі, якія сочаць за тым, што адбываецца ва Ўкраіне і вакол Беларусі. Ёсьць вялікі ўплыў украінскіх падзеяў, які выяўляецца ў тым, што беларусы сталі больш адчуваць, што бараніць сваё — гэта вельмі важна. Беларусы захацелі паказаць, што мы не расейцы, а іншая нацыя, якая мае сваю культуру і традыцыі. Вышыванка — найлепшы для гэтага спосаб.
— Дык ці аб’яднае вышыванка або стужка зь беларускім арнамэнтам беларусаў, якія носяць бел-чырвона-белую стужку, і тых, якія — георгіеўскую?
Калі бачыш на чалавеку нешта з арнамэнтам, разумееш, што гэта свой, чалавек, які ня будзе вылупліваць вочы, калі да яго зьвернуцца па-беларуску
— У адной з апошніх мэдыйных кампаніяў мы паставілі сабе за мэту вызначыць, які сымбаль яднае краіну, які сымбаль будзе прымальны для беларусаў з рознымі палітычнымі поглядамі. У тым конкурсе перамагла «Пагоня», але я тлумачу гэта спэцыфікай аўдыторыі, на якую ён быў скіраваны. На другім месцы апынулася васьміканцовая зорка — элемэнт беларускага арнамэнту. Пасьля было шмат водгукаў ад розных людзей, зь якіх стала зразумела, што калі і лічыць нешта агульнабеларускім сымбалем, то гэта ўсё ж павінен быць арнамэнт, які ткалі бабулі на посьцілках. Цікава, што гэты арнамэнт шмат дзе выкарыстоўваецца і бяз нас. Напрыклад, на этыкетках і ўпакоўках харчовых прадуктаў. Калі я стаў блізкі да гэтай тэмы, то пачаў заўважаць яго і на ўпакоўках цукру, і на пачках малака. Вельмі зручна, што сымбаль у выглядзе арнамэнту дае поўную свабоду што да спосабу выкарыстаньня — можна набіваць тату з арнамэнтам, можна рабіць прынты, можна вышываць, можна вырабляць футаралы для тэлефона. І адразу, калі бачыш на чалавеку нешта з арнамэнтам, разумееш, што гэта свой, чалавек, які ня будзе вылупліваць вочы, калі да яго зьвернуцца па-беларуску.
— Чым незадаволеныя тыя, хто крытыкуе вышыванку? І што можна ім адказаць?
— Любыя выказваньні пра вышыванку я ўспрымаю як пазытыўны вынік. Любы дыялёг, спрэчка ці дыскусія выклікаюць зацікаўленасьць. Плюс гэта дадатковая рэкляма. Напрыклад, публікацыя блога Альгерда Бахарэвіча пра тое, чаму ён ніколі не надзене вышыванку, стала выдатным штуршком, які спарадзіў новыя меркаваньні сярод інтэлігенцыі. Я лічу, гэта клясна.
Ёсьць нараканьні на вышымайку. Таму што ёсьць сябры студэнцкіх этнаграфічных таварыстваў, якія ўжо шмат гадоў у гэтым полі працуюць, а тут зьяўляемся мы, арт-мэнэджэры, якія толькі што прыйшлі ў гэтую сфэру і пачалі рабіць усё па-свойму. Таму гэта выклікала нараканьні — маўляў, калі рэч называецца вышыванкай, то яна абавязкова павінна быць вышытая. Таксама ёсьць закіды наконт арнамэнту, бо гэта ўсё ж такі код, і трэба вельмі ўважліва ставіцца да таго сэнсу, які ў ім закладзены. І гэта слушныя заўвагі. Але мы спрабуем рабіць поп-прадукт. Бо каб папулярызаваць нешта сярод вялікай колькасьці людзей, прадмет папулярызацыі павінен быць як мага прасьцейшы. Мне падаецца, што майкі з прынтам у выглядзе арнамэнту — гэта цудоўны варыянт, калі нехта ня можа дазволіць сабе паўнавартасную вышыванку ці калі нехта хоча насіць арнамэнт у штодзённым жыцьці, а ня толькі на сьвяты.
— Які лёс чакае вышыванку? І як зрабіць, каб вышыванка не ператварылася ў чарговы мімалётны подых моды?
— Мэханізм запушчаны. На першым Дні беларускай вышыванкі было 15 майстроў, які працуюць у самых розных кірунках — ад клясычнай вышыўкі да лічбавай расфарбоўкі тканіны. Мы пабачылі, што трэнд дае бязьмежную свабоду для творчасьці. Я чакаю, што будуць зьяўляцца новыя ініцыятывы, якія, напрыклад, будуць рабіць тыя ж вышымайкі, але больш якасныя і крутыя, чакаю, што будзе выходзіць новая прадукцыя. Мы паказалі, што гэтая ніша не занятая і што ёсьць попыт. І попыт вялікі. У Дзень вышыванкі некаторыя вытворцы прыйшлі а 15 гадзіне, а праз гадзіну ўжо сышлі, бо нічога не засталося на продаж. За дзень праз «ДК» прайшлі больш за тысячу чалавек, і ўсе хацелі нешта набыць і прынесьці дадому. Я ўпэўнены, што попыт будзе толькі павялічвацца, бо рэчы з арнамэнтам можна прыдумляць бясконца.