АБСЭ, Украіна і Расея пачалі ствараць буфэрную зону ў Данбасе

Прадстаўнікі АБСЭ, Украіны і Расеі прыступілі да разьмежаваньня 30-кіламэтровай буфэрнай зоны паміж бакамі канфлікту ў Данбасе.

Назіральнікі знаходзяцца ў Марыюпалі, іхні маршрут трымаецца ў сакрэце, паведамілі ў гарадзкой прэс-службе.

Напярэдадні сталы прадстаўнік Расеі пры АБСЭ Андрэй Келін заявіў, што каля 80 расейскіх афіцэраў знаходзяцца ва Ўкраіне і ўдзельнічаюць у стварэньні мапы для адводу цяжкай тэхнікі ад лініі вядзеньня агню ў Данбасе. Паводле дыплямата, вайскоўцы запрошаны ўкраінскім бокам і працуюць сумесна з назіральнікамі АБСЭ.

У Менску ў верасьні адбыліся дзьве сустрэчы кантактнай групы па ўрэгуляваньні сытуацыі на ўсходзе Ўкраіны. Па іх выніках было падпісана пагадненьне аб спыненьні агню ў Данбасе, а таксама мэмарандум, які, між іншага, прадугледжвае стварэньне 30-кіламэтровай зоны бясьпекі па лініі судакрананьня бакоў канфлікту. Ад пачатку дзеяньня рэжыму спыненьня агню ўкраінскія ваенныя і сэпаратысты пэрыядычна абвінавачваюць адзін аднаго ў яго парушэньні.