Лукашэнка: «Беларусь не гатова прызнаць ДНР і ЛНР»

  • БелаПАН
«Беларусь не гатова прызнаць Данецкую народную рэспубліку і Луганскую народную рэспубліку», заявіў Аляксандр Лукашэнка ў інтэрвію тэлеканалу «Эўраньюз».

У якасьці інтэрвіюэра 1 кастрычніка ў Менску выступіў кіраўнік бюро «Эўраньюз» ва Ўсходняй Эўропе з офісам у Кіеве Серджыа Кантонэ. Інтэрвію паказана вечарам 3 кастрычніка.


Адказваючы на яго пытаньне аб гатоўнасьці прызнаць «Данецкую народную рэспубліку» і «Луганскую народную рэспубліку», Лукашэнка адказаў адмоўна.

«Не, не, але мы ж зусім іншай пазыцыі прытрымліваемся. Мы не хацелі б разбурэньня Ўкраінскай дзяржавы. Тут многія кажуць, што некалі там Крым „няправільна“ адышоў да Ўкраіны, што гэта тэрыторыя спрадвеку расейская, і гэтай далей... Гэта няправільны падыход», — заявіў кіраўнік беларускай дзяржавы.


Лукашэнка таксама адказаў на пытаньне, ці ўпэўнены ён у тым, што выступае як шчыры пасярэднік у гэтым канфлікце, паколькі ў журналіста «Эўраньюс» склалася ўражаньне, што беларускі кіраўнік ускладае віну толькі на ўкраінскі бок, але не на прарасейскіх паўстанцаў.

«Украіна стала тэатрам ваенных дзеяньняў і тэатрам разборак буйных геапалітычных сіл. Я пра гэта сказаў — гэта ня толькі Захад, але і Усход, на жаль», — сказаў Лукашэнка.

«Што да Расеі, то я мяркую, што памылак нарабілі шмат тут і Захад, і Расея. Але з самага пачатку вялікую адказнасьць на сабе нясе Захад, а не Расея. Не Расея на тым жа Майдане ажыцьцяўляла эскаляцыю канфлікту, не Расея там дзейнічала, а некаторыя службовыя асобы заходніх дзяржаў, пра гэта ведае ўвесь сьвет, і мы таксама, таму што мы былі побач. Гэтыя асобы дзейнічалі адкрыта, падбухторваючы ўдзельнікаў Майдана да сутыкненьняў», — дадаў кіраўнік беларускай дзяржавы.

На яго думку, «пры жаданьні Ўкраіны, Расеі і Захаду на працягу года можна нават у гэтай сытуацыі стабілізаваць абстаноўку».

«Я з самага пачатку заяўляў пра тое, што праект, напрыклад, Наваросіі мною не ўспрымаецца. Я выступаю за адзінства і цэласнасьць Украінскай дзяржавы. Каб не было там замарожаных нейкіх канфліктаў, нейкіх зон накшталт Прыднястроўя, Нагорнага Карабаха, якія заўсёды тояць небясьпеку выбуху. Я асабіста гэтага не хачу як чалавек і як прэзыдэнт Беларусі, таму што мы знаходзімся зусім побач з Украінай», — падкрэсьліў Лукашэнка.

У цэлым, паводле яго слоў, калі казаць шырэй аб стабілізацыі сытуацыі ва Ўкраіне, «то там на абсалютна дэмакратычных прынцыпах трэба правесьці рэформу канстытуцыі і ўсяго палітычнага працэсу».

«Пакуль жа ёсьць алігархія ва Ўкраіне, якая, дарэчы, ужо мае свае ўзброеныя сілы. У алігархаў інтарэсы далёка за межамі Ўкраіны, у іх грошы не ва Ўкраіне, яны ў любы момант могуць зьехаць з Украіны, у іх няма нічога агульнага з украінскім народам», — упэўнены Лукашэнка.