Паўла Вінаградава абвінавацілі ў расьпіцьці сьпіртных напояў у грамадзкім месцы, асудзілі да штрафу ў 1 мільён 200 тысяч рублёў і праз суткі адпусьцілі з Маскоўскага РУУС. Ноч ён правёў у «малпоўні».
Па словах Паўла, у яго адбыўся наступны дыялёг з начальнікам крымінальна-выканаўчай інспэкцыі:
— Паша, ты ведаеш, дзе Завадзкі?
— Не.
— Вось і твая жонка будзе так адказваць.
Гэта ўжо другое затрыманьне Паўла Вінаградава, пры якім яго абвінавачваюць ва ўжываньні сьпіртных напояў у грамадзкіх месцах. Вінаградаў мяркуе, што такім чынам яго могуць рыхтаваць да прымусовай адпраўкі ў ЛТП.
Тэлеапэратар Дзьмітры Завадзкі зьнік 7 ліпеня 2000 году. Абставіны ягонага зьнікненьня дагэтуль невядомыя.
Актывіста моладзевага крыла «Zмена» кампаніі «Гавары праўду» Паўла Вінаградава затрымалі ў аддзяленьні міліцыі 2 кастрычніка.
Павал пайшоў у РУУС Маскоўскага раёну аб 11 гадзіне адзначацца паводле правілаў прэвэнтыўнага нагляду. У тэлефоннай размове з жонкай паведаміў, што «адбываецца нешта дзіўнае», пасьля гэтага сувязь зь ім зьнікла.
Пазьней жонка Паўла Сьвятлана Вінаградава напісала ў фэйсбуку, што Павал затрыманы за адміністратыўнае правапарушэньне. Суд адбудзецца 3 кастрычніка ў судзе Маскоўскага раёну.
Апошні раз Павал Вінаградаў быў затрыманы 11 верасьня і асуджаны на 15 сутак арышту. Агульная колькасьць адміністратыўных арыштаў актывіста набліжаецца да двух дзясяткаў.
Павал Вінаградаў быў асуджаны па справе аб масавых беспарадках у Менску 19 сьнежня 2010 году на чатыры гады калёніі ўзмоцненага рэжыму. У 2011 годзе быў вызвалены пасьля ўказу Аляксандра Лукашэнкі. Цяпер пад прэвэнтыўным наглядам.