Актывіста моладзевага крыла «Zмена» кампаніі «Гавары праўду» затрымалі ў адзьдзяленьні міліцыі 2 кастрычніка.
Павал пайшоў у РУУС Маскоўскага раёна аб 11 гадзіне адзначацца паводле правілаў прэвэнтыўнага нагляду. У тэлефоннай размове з жонкай паведаміў, што «адбываецца нешта дзіўнае», пасьля гэтага сувязь зь ім зьнікла.
Пазьней жонка Паўла Сьвятлана Вінаградава напісала ў фэйсбуку, што Павал затрыманы за адміністратыўнае правапарушэньне. Суд адбудзецца 3 кастрычніка ў судзе Маскоўскага раёна.
Апошні раз Павал Вінаградаў быў затрыманы 11 верасьня і асуджаны да 15 сутак арышту. Агульная колькасьць адміністратыўных арыштаў актывіста набліжаецца да двух дзясяткаў.
Павал Вінаградаў быў асуджаны па справе аб масавых непарадках у Менску 19 сьнежня 2010 году да чатырох гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыма. У 2011 годзе быў вызвалены пасьля ўказу Аляксандра Лукашэнкі. Знаходзіцца пад прэвэнтыўным наглядам.