На генэральнай Асамблеі ААН у агульнай дыскусіі выступіў міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей. Ці прагучалі ў выступе кіраўніка беларускага замежнапалітычнага ведамства нейкія новыя падыходы? На якія аспэкты міжнароднага жыцьця перш за ўсё зьвяртае ўвагу на дыпляматычным узроўні беларуская дзяржава? На гэтыя пытаньні адказвае публіцыст Вадзім Казначэеў.
— Ці прагучалі ў выступе Ўладзімера Макея нейкія новыя матывы, новыя падыходы — напрыклад, у рэчышчы збліжэньня з Захадам, чаго зараз чакаюць ад улады некаторыя экспэрты? Ці гэтая прамова міністра была дастаткова традыцыйнай для беларускай дыпляматыі апошніх гадоў?
— Пачну з таго, што я і не чакаў у гэтых умовах чагосьці незвычайнага ці прынцыпова новага. То бок, у гэтых умовах беларускае кіраўніцтва, я думаю, упэўненае, што Захад і так успрыме крокі насустрач. Таму трэба захоўваць толькі нейкую прыстойнасьць, нічога прынцыпова ўнутры краіны не мяняючы.
Адпаведна нічога новага не прагучала ў гэтай прамове. Як звычайна, «мы гатовыя да супрацоўніцтва, на нас ціснуць, а мы паддавацца на ціск ня будзем, правы чалавека — гэта толькі нагода, каб нас скарыць, патрэбная моцная дзяржава» і плюс усе гэтыя скаргі, якія мы чуем ужо ня першы год.
— Якія міжнародныя праблемы кіраўнік замежнапалітычнага ведамства вызначыў як галоўныя ў сёньняшнім сьвеце?
— Пераважна гучала ўсё тое, што і раней. Адзінае, што раней я ня чуў ад беларускай дыпляматыі — гэта тое, што ў нас былі «20 гадоў небывала пасьпяховага паступальнага разьвіцьця». Раней такія тэзісы падаваліся толькі для «унутранага спажыўца», з міжнародных трыбунаў гэта гучыць трошкі нетыпова. Гэта такі забаўны момант, які не надта істотны.
А калі рысшыфроўваць тое, што было сказана Макеем, то можна сфармуляваць такім чынам: «так, мы гатовыя да ўзаемавыгоднага супрацоўніцтва, але ў сябе ў краіне мы будзем рабіць, што палічым патрэбным. Не чапляйцеся да нас, са сваімі правамі чалавека, гэта не вашая справа»
— Макей заявіў, што большасьць дзяржаў сьвету сёньня выступаюць супраць «дыктату», які ім нешта навязвае. Але, пералічваючы такія дзяржавы, ён назваў толькі Беларусь, Вэнэсуэлу, Кубу і Іран.
— Правільна. Ён назваў тыя дзяржавы, дзе існуюць аўтарытарныя рэжымы, дзе парушаюцца правы чалавека, і на якія адпаведна цісьне міжнародная супольнасьць. А тое, што ён назваў гэта «большасьцю» — пакінем на ягоным сумленьні, скажам так.