У Горадні паказалі фільм «Кроў на бруку. Горадня 1939»

Падчас прагляду

Гэта дакумэнтальная стужка, прысьвечаная абароне Горадні ў верасьні 1939 года ад Чырвонай арміі.

Першы паказ у Горадні адбыўся ў залі Саюзу палякаў па вуліцы Будзёнага. Дакумэнтальны фільм зьняты па ініцыятыве Варшаўскай фундацыі імя Яўхіма Лялевэля, а таксама на сродкі сабраныя сябрамі непрызнаванага ўладамі Саюза палякаў у Беларусі.

Фільм доўжыцца прыкладна паўгадзіны, у ім гісторыкі з Варшавы і Горадні апавядаюць пра падзеі, зьвязаныя з абаронай гораду ў 1939 годзе. У фільме выкарыстана шмат архіўных відэастужак, а таксама архіўных здымкаў і дакумэнтаў, сабраных у Горадні.

Пасьля прагляду выступіў адзін з удзельнікаў фільму — гарадзенскі гісторык Юзаф Пажэцкі. Ён назваў абарону Горадні ад Чырвонай арміі ў 1939 годзе гераічнай і адзначыў, што, на жаль, дагэтуль удалося сабраць далёка ня ўсе факты, зьвязаныя з тымі падзеямі і людзьмі, якія бралі тады ўдзел у абароне гораду.

Паводле Анджэя Пісальніка, здымкі фільму праводзіліся пераважна ў Польшчы, а ў Горадню прыяжджаў апэратар з Варшавы і здымаў старыя вулачкі ў горадзе і навакольныя мясьціны.

Прэм’ера фільму адбылася 24 верасьня ў Варшаве.